Нашы за мяжой: Алесь Сіліч
Пражыў за межамі Беларусі 8 гадоў, быў у Бельгіі палітычным уцекачом, потым ад гэтага статусу адмовіўся і цяпер, як жартуе сам, найбольш часу праводзіць у самалётах кампаніі “Ryanair”. Любіць Беларусь.
Спадар Алесь, распавядзіце пра Ваш авантурны ад’езд…
Шчыра кажучы, проста хацелася нейкі выклік самому сабе кінуць. У авантуру кінуцца: атрымаецца ці не?
Я ведаў, што ў нас замежных карэспандэнтаў у прынцыпе няма. І менавіта Брусэль, стратэгічная кропка, заставаўся белай плямай. Хацелася яе запоўніць і паглядзець, ці атрымаецца. Наогул я чалавек авантурны. Карцела паспрабаваць нешта новае, уладкавацца на новым месцы, паспытаць новага жыцця, бо на Радзіме няма зменаў як у палітычным жыцці, так і ў журналісцкім. Вось такая была матывацыя.
Але гэта ўсё ішло пад шыльдай уцекачоў, бо бадай усе беларусы, якія жывуць у Бельгіі, зараз або ў мінулым – палітычныя ўцекачы. Інакш ты там не зможаш застацца на доўгі час. Ты прыязджаеш па візе, а калі хочаш застацца болей – мусіш прасіць прытулку.
Я таксама быў палітуцекачом. Але вось ужо тры гады цешуся, што пазбавіўся гэтага мне малапрыемнага статусу. Тры гады як маю бельгійскае грамадзянства.
З’ехаў я ў 2004 г. А да гэтага з 1999 года працаваў у “Народнай Волі”, быў намеснікам галоўнага рэдактара. І калі з’ехаў, аж да 2008 года працягваў рабіць матэрыялы для “Народнай Волі”, пакуль не з’явіўся “Белсат”.
Спачатку працаваў як бельгійскі карэспандэнт, пасля як еўрапейскі. У красавіку бягучага года быў у ЗША: накіраваў сам сябе ў камандзіроўку. Зрабіў там шэраг матэрыялаў, таму белсатаўцы доўга не ведалі як мяне называць. Назвалі замежным карэспандэнтам 🙂
Як прайшоў перыяд акліматызацыі?
Я ехаў у Брусэль як у стратэгічную кропку. Я ўжо працаваў там у 1998‑м годзе, калі працаваў офіс “Хартыі’97” у Брусэлі, таму я ўжо ведаў гэтую краіну, і у мяне былі там пэўныя кантакты. Ну і мне здаецца, што нашы народы нешта аб’ядноўвае, ёсць агульныя характэрныя рысы. Нездарма ў нашых назвах першыя тры літары аднолькавыя.
Інтэграцыя пачынаецца з вывучэння мовы. Нікога не цікавіць, чаму ты не ведаеш мовы. У гэтай краіне ты павінен сам усё вучыць. А ўжо наступны крок – пошук працы. Спачатку я проста не вылазіў са школ: французская мова, нідэрландская. То бок першыя тры гады – гэта суцэльнае вывучэнне мовы. Гэта такая інтэграцыя ў бельгійскае грамадства.
Зараз я ўжо не хаджу ні ў якія школы, бо часу няма. Працую на “Аб’ектыў” і “Пра Свет”- гэта праграмы на “Белсаце”. Трапляюць нейкія падпрацоўкі: бывае, расійскі або армянскі сайт нешта замовіць. То бок працуеш як фрылансер і шукаеш працу, каб нешта зарабіць. Бо жыццё у Бельгіі значна даражэйшае. Ужо і ў Беларусі не таннае, але ўсё ж там даражэй, асабліва што тычыцца нерухомасці.
Я жыву ў прыгарадзе недалёка ад Брусэля, арандую жыллё. Але зараз, можна сказаць, жыву ў трох месцах: у Беларусі, у Бельгіі і на самалётах кампаніі «Ryanаir». Лятаю кожны дзень, бывае і па 2 разы. Або з камандзіроўкі, або ў Беларусь, таму я не ведаю, дзе маё месца жыхарства.
Вас не напружвае такое жыццё ў дарозе?
Я не ведаю, як для іншых, але для мяне гэта натуральны стан: быць у дарозе, быць гатовым кудысьці накіравацца.
Вось, напрыклад, сітуацыя: заўтра ў Страсбургу разглядаецца нейкае беларускае пытанне. Аўтобус а пятай гадзіне раніцы. Трэба ўстаць а чацвёртай, паехаць знайсці, дзе запаркаваць машыну, сесці ў аўтобус. А бывае і начны аўтобус, калі ты ноч едзеш, склаўшыся напалам. Прыязджаеш а палове на пятую раніцы. Еўрапарламент адчыняецца а дзевятай, і ты чатыры гадзіны матляешся ў трамваях, бо не ведаеш, куды падзець час. Гэта складанае жыццё.
Але заўсёды прыемна, калі, напрыклад, прыедзеш на нейкую ферму ў Швейцарыі, дзе разводзяць ламаў – і разумееш, што ты першы беларус, які тут пабываў. Ці нейкую ферму па вырошчванні слімакоў у Галандыі… Там людзі нават краіны такой не ведаюць. Ты як прадстаўнік краіны пачынаеш распавядаць, што гэта за краіна такая – Беларусь, нібыта амбасадар такі маленькі. Бо наш амбасадар сядзіць там у сваім офісе, нікуды не выходзіць, а я – наадварот: хаджу па людзях, па нейкіх вёсках, сустракаюся з замежнікамі. І адчуваю, што гэта ўжо амаль місія – не проста зняць сюжэт, а нешта распавесці і пра сваю краіну.
Вось адзін эпізод узгадаў цікавы. Раней у мяне і машыны не было. Прыязджаю я на нейкую кветкавую ферму ў Галандыю. А яны здзіўляюцца: да іх тэлебачанне прыйшло ў асобе аднаго чалавека, пешшу ды з адным заплечнікам. Кажуць: Дзе ваша каманда? Я: Вось у мяне ў заплечніку! Яны прывыклі, што прыязджае нейкі аўтобус, і там чалавекі чатыры з абсталяваннем. А тут адзін чалавек, які потым пешшу ж і сыходзіць на станцыю 🙂
Але ж і еўрапейскае тэлебачанне стала больш простым, ужо не трэба цягаць столькі грувасткіх рэчаў. Безумоўна, буйныя тэлеканалы карыстаюцца вялікай колькасцю абсталявання, але я заўважыў, што маленькі мясцовыя тэлекампаніі таксама дасылаюць аднаго чалавека: і як рэпарцёра, і як аператара. А я заўсёды адзін працую.
У Беларусі “Белсату” акрэдытацыі не даюць, а ў еўрапейскіх структурах ці лёгка прайсці у Еўрапарламент, Савет Еўропы, дамовіцца на інтэрв’ю, запісаць каментар?
На гэты конт існуе шмат стэрэатыпаў. Напрыклад, мае калегі думаюць, што там не работа, а проста рай. Насамрэч, бюракратычных праблем няма: ты атрымаеш акрэдытацыю, атрымаеш пасведчанне – гэта ўсё лёгка. Яны не могуць адмовіць, сказаўшы “мы не будзем даваць інтэрв’ю”.
Але калі яны не хочуць гутарыць, яны проста скажуць, што ў іх няма часу. Напрыклад, калі Хаўер Салана займаў там высокую пасаду прадстаўніка па знешняй палітыцы, я дамаўляўся з ім на інтэрв’ю і цэлы год тэлефанаваў, столькі мэйлаў даслаў – а ён увесь час заняты. Я так і не сустрэўся з ім, хоць яны ведаюць, што я меў на гэта права. Яны, мабыць, думаюць: ай, “Белсат”, нейкая невядомая кантора, вось ВВС – заўсёды калі ласка…
Была і такая гісторыя. Вырашалася нейкае беларускае пытанне. Выходзіць Кэтрын Эштан, на дадзены момант самая галоўная асоба па знешніх пытаннях, і яе адразу абкружаюць два прэс-сакратары. Я кажу: дайце мне задаць пытанне, я з Беларусі, з адзінага незалежнага канала ў апошняй дыктатуры Еўропы… Яны гэта ўсё ведаюць, але кажуць: яна занятая. У той жа час я бачу, што яна дае вялікія інтэрв’ю па 7–8 пытанняў ВВС, нейкаму нямецкаму, французскаму каналам. Я ж бачу, што ў яе ёсць час, кажу – дайце задаць пытанне! Не, кажуць, няма часу. І яна сышла.
А ў Францыі я сутыкаўся з такім: тэлефануеш, а яны кажуць – мы не зацікаўленыя. Можаш тлумачыць, даказваць, пераконваць – ўсё адно.
У Мінску зрабіць апытанку на вуліцы ў 100 разоў прасцей, чым ў Нью-Ёрку. Хоць у іх там свабода слова, рассаднік дэмакратыі і гэтак далей. У Мінску я рабіў апытанку за 10 хвілін. Канешне, ёсць тыя, хто баіцца, але большасць усё ж ідзе на размову. У Нью-Ёрку размаўляе кожны дзясяты, астатнія праходзяць міма – проста не звяртаюць увагі, калі не пасылаюць куды падалей…
Карацей – ёсць закон, але культура працы са СМІ ў кожнай краіне свая. Напрыклад, у скандынаўскіх краінах з прэсавай культурай проста рай: усе супрацоўнічаюць. У Галандыі кожнага чалавека спыняй – і ён будзе з табой размаўляць. У Францыі амаль ніхто не размаўляе, у тым ліку і чыноўнікі…
Калі чуюць пра Беларусь, беларускае тэлебачанне, ці ёсць нейкае асаблівае стаўленне?
У залежнасці ад таго, дзе чуюць. У Амерыцы ўвогуле ніхто не ведае, што такое Беларусь. Не ведаюць нават, што такое Еўропа. Неяк пры мне адзін амерыканец распавядаў: так, маўляў, я ведаю, што Бельгія – гэта сталіца Брусэля. Мала хто ведае, што ёсць такая краіна Беларусь. Расію ведаюць, бо гэта вялікая краіна і па памерах, і па ўплыву.
У Еўропе больш ведаюць, чым у Амерыцы. Але ў Еўропе зараз і сваіх праблем вышэй за дах: і фінансавыя крызісы, і эміграцыйная палітыка, якая стала проста правалам. Беларусь у іх фігуруе ў прэсе толькі пасля нейкіх палітычных кампаній – пасля выбараў прэзідэнцкіх, пасля акцый пратэсту… Пра падзеі вакол Бяляцкага пісалі, нават у Парыжы дошку павесілі каля мэрыі адной з акругаў. Час ад часу ўзгадваюць, карацей, але зараз беларускае пытанне далёка не на першых пазіцыях у Еўропе.
Не шкадуеце, што выбралі такое жыццё – у самалётах паміж Брусэлем і Мінскам?
Не, бо калі б шкадаваў, я б яго памяняў. Кожны сам выбірае свой лёс. Мне падабаецца быць у дарозе, мець пастаянныя перамены, мець магчымасць сустракаць розных людзей. Тым больш, як я кажу: сёння я здымаю нейкі свінарнік у Валожынскім раёне, а заўтра той жа камерай – нейкага высокага еўрапейскага чыноўніка. І нібы стараюся працерці камеру, каб пах нашага беларускага свінарніка не засмуціў гэтага чыноўніка… Гэта мне падабаецца. Падабаецца быць сярод людзей, глядзець, як яны жывуць, чым яны адрозніваюцца ад нас.
Я зразумеў сэнс выразу “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. Я адчуў гэта да глыбіні душы. Каб ацаніць нашу Беларусь, нашых людзей, нашу шчырасць, трэба ў розных краінах пабываць. Калі я прыязджаю на радзіму, заўсёды адпачываю.
Заходнія ўсмешкі – гэта міф. Калі заходні чалавек ўсміхаецца, я не разумею, што ён мае на ўвазе. Калі я прыязджаю ў Беларусь, я размаўляю з чалавекам і яму падабаюся – ён мне усміхаецца. А калі ён хоча мяне забіць, я гэта бачу ў яго вачах і збягаю. Калі ж заходні чалавек на мяне глядзіць, я не разумею, як ён да мяне ставіцца. Гэта заходняя няшчырасць мне вельмі не падабаецца. Я лепш сябе адчуваю тут.
Там у мяне больш цікавая праца – замежны эксклюзіў, якога на “Белсаце” больш ніхто не робіць. Я разумею, што гэта важна, але найлепш мне ўсё роўна тут. Я тут адпачываю, проста дыхаю, гэта нават растлумачыць цяжка…