• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Павел Севярынец: «Я ўдзячны Богу за тую ўнікальную адукацыю, якую атрымаў у СІЗА КДБ»

    Што агульнага ў біяграфіі Севярынца і Лукашэнкі? Навошта Павел вучыўся адрозніваць фекаліі звяроў? За што і з кім ён біўся ў сваім жыцці? У шчырым інтэрв’ю www.baj.by...

    Павал Севярынец не гаворыць, а прапаведуе. Піша не артыкулы, а маніфесты, ад якіх сумленнаму чалавеку будзе сорамна. Ён — самы чысты чалавек з усіх, каго я ведаю. Хоць у камендатуры вёскі Куплін пад Пружанамі (290 км ад Мінска), дзе ён адбывае трохгадовую «хімію» за Плошчу, яму не дазволілі ўсталяваць бойлер (падарунак сяброў), а памыцца ў лазню адпускаюць раз на тыдзень. Падчас нашай гутаркі я парадваўся, што пытанне пра Паўлава вяселле задаў апошнім — бо на ім ён сам і скончыў нашую размову.

    АСАБІСТАЯ СПРАВА БАЖ

    Павел Севярынец нарадзіўся 30 снежня 1976 года ў Воршы. Скончыў школу з залатым медалём, потым — геафак БДУ, прафесія — інжынер-геолаг.

    У 1994–1998 годзе працаваў рэпарцёрам у «Знамени Юности», забаўляльным часопісе «Weekend», «Детективной газете». Пазней — як публіцыст у газеце «Наша Ніва» ды інш. З 1995 года — сябра партыі БНФ. У 1997 годзе заснаваў «Малады Фронт». Неаднаразова затрымліваўся на акцыях, шматкроць сядзеў на «сутках». Першая «хімія» пачалася ў 2005 годзе — два гады ў вёсцы Малое Сітна пад Полацкам — праца на лесапавале. Другая — цяпер: тры гады ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна за Плошчу-2010 — праца на складзе аўтазапчастак.

    Аўтар кніг: «Ды-джэй Адраджэньня» (1998 г.), «Пакаленьне Маладога Фронту» (2002 г.), «Нацыянальная ідэя» (2005 г.), «Лісты зь лесу» (2007 г.), «Брату» (2007 г.) і «Люблю Беларусь» (2008). Лаўрэат літаратурнай прэміі імя А. Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру. Xрысціянін.

    Сустаршыня незарэгістраванай партыі БХД. Сябра БАЖ з 1999 года, з 2009 — сябра Рады БАЖ.

    «У Воршы ў нас было некалькі бандаў — «Льнуха», «Мясуха» і «Раніца»

    — На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і слова было Богам. А якое першае слова сказалі Вы, Павел?

    Павел Севярынец: — Першыя не ведаю, ніколі не пытаўся ў мамы… А галоўныя адтуль, адкуль і гэтая Біблійная цытата — з Евангелля паводле Яна, з 14 раздзела, 1 верша. Я паверыў у Бога на Валадарцы ў 1998 годзе, пакаяўшыся, якраз седзячы над гэтымі словамі: «Няхай не сумняецца сэрца вашае; веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце». Можна сказаць, што гэта было маё другое нараджэнне.

    — З якога ўзросту пачынаеце сябе памятаць?

    Павел Севярынец: — З двух гадоў. Памятаю вёсачку Пагост пад Воршай — там, дзе бацька быў дырэктарам вясковай школы. Выпускнік філалагічнага факультэта, ён паехаў настаўнічаць у Пагост — разам з маці, яны ўжо ажаніліся. Маці была настаўніцай, а бацька працаваў дырэктарам.

    — А якія першыя ўспаміны? Звычайна гэта ўва ўсіх драбяза нейкая нязначная…

    Павел Севярынец: — Мой першы ўспамін — гэта краявід. Рэчка Адроўка там цячэ, яна невялікая, але глыбокая. Такі характэрны краявід быў у нас адразу за хатай. Чыста беларускі краявід — як я зразумеў на сённяшні свой розум… Нашая Аршаншчына… Гэта ж радзіма Караткевіча, і нават радзіма Аляксандра Рыгоравіча, калі ўжо на тое пайшло.

    — Ганарыцеся абодвума землякамі?

    Павел Севярынец: — Ганаруся ці не ганаруся — факт ёсць факт. Лукашэнка і Караткевіч — гэта ў пэўным сэнсе антыподы. З абодвума я неяк звязаны па біяграфіі. Дом Караткевіча зусім непадалёку ад Чыгуначнай радзільні, дзе я з’явіўся на свет. А Копысь, дзе нарадзіўся Лукашэнка — таксама непадалёку ад нашага Пагосту.

    — Найчасцейшыя асацыяцыі з Воршай — гэта Караткевіч, пра якога мы сказалі, і Аршанская бітва. А ў Вас якія яшчэ?

    Павел Севярынец: — Цэлы шэраг! Ворша — як Радзіма. Ворша — гэта геаграфічны цэнтр Беларусі паводле Смоліча, як гэта ні дзіўна. То бок Беларусь была настолькі пашыраная на Усход, што геаграфічны цэнтр трапляў недзе пад Воршу… Мае дзіцячыя гады праходзілі ў Барані пад Воршай, у самой Воршы і ў Пагосце. Бацька працаваў рэдактарам завадской шматтыражкі, маці — настаўніцай. Мы хадзілі на гарадскі стадыён, дзе гуляла каманда Барані «Тэмп». Там цяпер вельмі добры стадыёнчык.

    — Заўзелі?

    Павел Севярынец: — Канешне! Бацька навучыў, прычым не толькі мяне, але і дзвюх сястрычак. Мы хадзілі дружна сям’ёй на футбол заўзець за «Тэмп»!

    — А сёння за каго?

    Павел Севярынец: — Сёння — за БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў, натуральна! За зборную Беларусі… За спартоўцаў увогуле вельмі заўзею. Як бы там ні было, але калі аказваецца, што беларус ці беларуска наймацнейшы ў свеце — адчуваеш сябе датычным да чагосці, што Бог даў гэтай зямлі і ў гэты час.

    —  То бок, Вас, як некаторых, не перасмыкае ад таго, які пры гэтым гучыць гімн і які ўздымаюць сцяг?

    Павел Севярынец: — Гэта сыдзе і не будзе згадана. Будуць згаданыя толькі дасягненні, спартовыя подзвігі. Гэта нашыя перамогі. Мы ўспамінаем пра Шчэрбу — аднаго з найвыдатнейшых спартоўцаў свету, — хоць ён выступаў яшчэ пад савецкім сцягам…

    — На той час Ворша была не больш беларускай, чым яна ёсць сёння?

    Павел Севярынец: — Так-так. Хаця раён, дзе мы жылі, называўся «Раніца» — мы жылі якраз насупраць крамы «Раніца». Там былі розныя раёны, якія біліся адзін з адным. Сітуацыя была ўвогуле своеасаблівая: там было тры турмы, і такая атмасфера гвалту — падлеткавага, маладзёвага. Былі банды — «Льнуха», «Мясуха» (льнокамбінат, мясакамбінат…), «Раніца». Але я быў надта малы тады яшчэ…

    — То бок, біцца не даводзілася?

    Павел Севярынец: — Тады — не. Хіба што потым, у школе.

    — За дзяўчат?

    Павел Севярынец: — Не, там было не з‑за дзяўчат. Хутчэй, нейкія дзіцячыя крыўды… Аднойчы на бацьку майго нешта сказалі, дык бітва заняла цэлы перапынак — урэшце хлопец выбачыўся…

    — А што на бацьку такога сказалі?

    Павел Севярынец: — На той час да журналістаў ставіліся неяк грэбліва… Часы Перабудовы, было агульнае непрыняццё ўсяго афіцыёзу. Бацька на той час быў журналістам — вельмі добрым журналістам — спачатку БелТА, потым журналістам «Советской Белоруссии» (калі яна была яшчэ нармалёвая газета), потым ён перайшоў у газету «Белоруссия». А калі стала зразумела, куды коціцца ўся афіцыйная журналістыка, ён перайшоў у «Детективную газету». Але бацька заўсёды прытрымліваўся дэмакратычных поглядаў. І пра тое, што ён быў адным з самых інфармаваных гараджан Віцебска, паколькі быў журналіст і ведаў усё «знутры», я даведаўся трошку пазней, калі надыйшлі часы Лукашэнкі і стала зразумела, што такое сапраўды незалежная журналістыка.

    — Дома на кухні бацькі размаўлялі пра палітыку?

    Павел Севярынец: — Так! У памяць урэзалася сцэна. Я сплю ў сваім пакойчыку і чую размовы пра Савецкі Саюз, пра тое, што ўсё кепска. Выходжу сонны ў кухню — там бацькі з сябрамі абмяркоўваюць «палітыку партыі». Пытаюся: «Тата, а што, у нас ўсё кепска?» І памятаю адказ: «Супакойся, сын, ты жывеш у лепшай краіне ў свеце!» Ён меў на ўвазе Беларусь — і меў рацыю.

    — Бацькоў часта ў школу выклікалі?

    Павел Севярынец: — Аднойчы. Памятаю, бегалі мы падлеткамі і пабілі шыбу ў Музеі айчыннай вайны. Бацькоў выклікалі ў школу, яны заплацілі 2 рублі на тыя савецкія грошы, і на гэтым справа ўлагодзілася.

    «Заваліўся я на тым, што пераблытаў экскрэменты ваўка з ласём!..»

    Павел Севярынец: — У школе я захапляўся біялогіяй і нават у 8 класе дайшоў да Рэспубліканскай алімпіяды. Алімпіяда пачалася практыкумам, у мяне, як кажуць, былі ўсе пяцёркі. І заваліўся я на апошнім пытанні — трэба было па экскрэментах вызначыць звера…

    — Вам давалі непасрэдна фекаліі?

    Павел Севярынец: — Так — у засушанам выглядзе, у такой калекцыйнай каробачцы. І тут я, канешне, заваліўся — паблытаў ваўка з ласём!.. Атрымаў тры балы за гэты адказ. Затое пасля, калі мы з дзедам паляўнічым ішлі па Прыпяці і ён мяне падкалваў — маўляў, што тут за звер праходзіў? — я беспамылкова адказваў, дзе праходзіў лось, а дзе — заяц.

    — А ў сённяшніх рознага плану і ўзроўню экскрэментах, як лічыце, добра разбіраецеся?

    Павел Севярынец: — Не вельмі, напэўна, таксама. Іспыт, можа, і не здаў бы. Давялося пабываць на «дне» — і ў Малым Сітне пабачыць усякае, і ў турме, і на волі. Але думаю, што ёсць людзі, якія жывуць у значна страшнейшых умовах. І трэба быць спецыялістам не толькі па тым, каб класіфікаваць, але і па тым, як пазбавіцца дрэні, што нас атачае.

    — І біялогія, і Вашая ўніверсітэцкая спецыяльнасць («Пошук і разведка карысных выкапняў», інжынер-геолаг) — усё гэта звязана з прыродай, з навакольным светам…

    Павел Севярынец: — З зямлёй, так. Зямлю я адчуваў з самага дзяцінства. Гэта Бога адчуў ужо ў маладосці — калі падняў вочы да неба. З самага дзяцінства, яшчэ ў Барані, я быў апанаваны геалогіяй, збіраў калекцыю — у мяне і цяпер больш за 2000 розных экземпляраў — камянёў, у асноўным з наваколля Віцебска. Пра гэта я магу распавядаць гадзінамі… Як Беларусь я гэтую зямлю ўсвядоміў, можа, гадоў пасля 16-ці. Калі якраз падыходзіла хваля Незалежнасці — калі ў 1991 годзе залунаў бел-чырвона-белы сцяг. Калі ў 1992 стала зразумела, што мы жывем у сваёй краіне — гэта не Расея, не Савецкі Саюз. У свядомасці тады адбылася грунтоўная перабудова — і тая зямля, у якой я корпаўся з дзяцінства, набыла роднасць і важкасць.

    «Чалавек крычаў мне: «Я та 20% сфальсіфікаваў на выбарах, а мой сусед — 40%!»

    — Чым займаецеся тут, у Купліне, — апроч абавязковай працы?

    Павел Севярынец: — Удаецца рабіць рэпартажы для «Рацыі», для «Нашай Нівы» нататкі пісаць, прымаць гасцей, размаўляць па партыйных справах — мы зараз IV з’езд БХД рыхтуем для рэгістрацыі — шмат людзей у мяне бывае, шмат даводзіцца тэлефанаваць, размаўляць. Парадкую бібліятэку ў камендатуры — трэба сачыць, папаўняць, прывозіць кніжкі. Рыхтуем да выдання шосты дыск «Беларускі хрысціянскі хіт. Люблю Беларусь». То бок, праца ідзе.

    — Якія тут кніжкі ў бібліятэцы? Хоць адна беларуская была да Вашага з’яўлення?

    Павел Севярынец: — О‑о! Канешне!

    — Іван Мележ, Іван Шамякін?..

    Павел Севярынец: — Нават «У тумане» Быкава! Нават пяцітомнік Адамовіча, томікі Чорнага, Танка, Панчанкі, Глебкі!.. Поўны збор твораў Дзюма! Я іх нават скласіфікаваў ужо. 200 кніг — агульнасавецкая літаратура, каля 100 — беларуская літаратура савецкага перыяду (але ў асноўным невядомыя аўтары — відаць, Пружанская бібліятэка аддавала, што ім непатрэбна было), каля 150 тамоў еўрапейскай класікі (Флабэр, Гюго, Бальзак, Дзікенс…), ну і амерыканскай літаратуры недзе 20 томікаў. Хрысціянскай літаратуры — з дзясятак Новых Запаветаў. У Малым Сітне гэта не ўяўляецца — ні ў якой бібліятэцы ваколіцы!.. Тут усё-ткі Заходняя Беларусь — 10 Новых Запаветаў, брашуркі, Біблія для дзяцей — але на ўкраінскай мове чамусьці. Шмат цікавостак, якія я не бачыў нават у гарадскіх бібліятэках. Увогуле, Куплін знаходзіцца ў цікавым месцы. Адсюль польскі класік Францішак Карпінскі, тут карані Уладзіміра Высоцкага, Андрэя Макарэвіча, Рыгора Шырмы, Міхася Забэйды-Суміцкага, Азэфа — правакатара, які кіраваў баявой арганізацыяй эсэраў. Адсюль, са спаленага немцамі хутара Ясенец — Васіль Сёмуха, які пераклаў Біблію на беларускую мову. Непадалёку зусім Косава, непадалёку Ружаны сапегаўскія, 100 кіламетраў да Дастоева, непадалёку — габрэйскія вядомыя мясціны, звязаныя з Хаімім Вейцманам, Голдай Мейер, Залманам Шазарам. І плюс — Віскулі ў Пружанскім раёне, дзе роўна 20 гадоў таму скасавалі за непатрэбнасцю Савецкі Саюз.

    — Павал, слухаеш — і адчуванне, што Вы ну проста чакалі, пакуль Вас сюды змесцяць, і вельмі ўдзячныя ім за гэта!..

    Павел Севярынец: — Бог дае натхненне! У Малым Сітне я адчуваў гэта падсвядома, зараз гэта глыбей ужо. У часы паўстання ў ХІХ стагоддзі быў лозунг «Межы Айчыны пазначым крывёю». У мяне атрымліваецца — «хіміямі». Тады Малое Сітна (Полацкі раён, паўночны ўсход Беларусі), тут — Куплін (Пружанскі раён, паўднёвы захад Беларусі). Там пад Расеяй, тут пад Польшчай.

    — Ці актуальнае тут для Вас само азначэнне «хімія» — наколькі шкодная праца на складзе аўтазапчастак?

    Павел Севярынец: — Яно не шкодна — у звычайным сэнсе. Адзіная праблема — я не адмысловец у машынах, у мяне ніколі не было сваёй машыны, а тут трэба гэта ведаць, бо цікавяцца абсалютна рознымі запчасткамі — гэта найбуйнейшы склад у раёне. Шланзікі, раменчыкі, гайкі, карбюратары, старцеры… Так што да кваліфікацыяў стропальшчыка і сучкаруба, атрыманых ў Малым Сітне, дадаюцца новыя… Адначасова я ўдзячны Богу і за тую ўнікальную адукацыю, якую атрымаў у СІЗА КДБ. Таму што там сядзіць эканамічная эліта Беларусі. Я сядзеў з галоўным інжынерам МТЗ, з топ-менеджэрам «Дарыды»; з мільянерам, які займаецца палівам; з чалавекам, чыя кампанія ўваходзіць у дзясятку па вытворчасці абгортак у Беларусі; чалавекам, які адзін з першых у Менску пачаў займацца металам і мае буйную фірму; з супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследваняў, ГУБОПа… Мяне правялі праз шэсць камер — і практычна ў кожнай з іх можна было адкрываць Народны ўніверсітэт. Людзі тлумачылі не толькі спецыфіку сваёй працы — як, напрыклад, галоўны інжынер МТЗ — але і схемы, па якіх працуе цяпер дзяржава, крыміналітэт, уладныя ворганы, як яны душаць бізнесменаў, атрымліваюць грошы. Хаваць гэтым людзям ужо няма чаго — і яны распавядаюць. Распавядаюць у тым ліку і як фальсіфікуюць выбары — наракалі «вось, мы яго антызаконна праводзілі ва ўладу, а цяпер…»

    — Гэта адрозніваецца ад тых схемаў фальсіфікацыі, якія ходзяць у інтэрнэце: датэрміновае галасаванне, уначы ў вурны ўкідваюць?..

    Павел Севярынец: — У значнай ступені адрозніваюцца. Я быў проста ў шоку ад пачутага. Распавядалі пра маніпуляцыі са спісамі — аналізуецца, якія людзі з разу ў раз не ходзяць на выбары — і за іх распісваюцца, кідаюць бюлетэні. Альбо бяруць з сабой да стала (хаваюць на жываце, пад вопраткай) — спецыяльна становяцца задам да назіральнікаў і выкладаюць падрыхтаваныя стосікі на стол пры падліку. Так што я ўзбагаціў сваё ўяўленне пра гэта. І трэба сказаць, што беларуса цяжка абдурыць, калі ён хоча абдурыць сам сябе.

    — Тыя людзі раскаяліся ў фальсіфікацыях?

    Павел Севярынец: — З адным у нас ледзьве да бойкі не дайшло. Я крычаў на яго: «Вы ж самі яго і паставілі». А ён крычаў у адказ: «А што, Паша?! Я та 20% сфальсіфікаваў, а мой сусед — 40%! Я ж па-людску!» У людзей няма ўяўлення, што гэта — злачынства супраць уласных дзяцей. Якое яны апраўдваюць тым, што «няма нікога іншага».

    «У інтэрнатах я прадаваў беларускія кніжкі — за гэтыя грошы наш кіраўнік паехаў у Лондан і сустрэўся з Маргарэт Тэтчар»

    — Праца ў «Знамени Юности» была першай карэспандэнцкай працай для Вас?

    Павел Севярынец: — Так.

    — З чаго яна завязалася?

    Павел Севярынец: — Я быў на першым курсе геаграфічнага факультэта БДУ. І, трэба прызнацца, бацька падказаў кіраўніцтву «Знамени Юности», што «можа, хлопец нешта напіша, хай паспрабуе». Я паспрабаваў — напісаў артыкул «Валожынскі бык», пра майго аднакурсніка Мар’яна Бурачэўскага са шматдзетнай каталіцкай сям’і. Ён быў беларускамоўны, мы з ім дамагаліся, каб на нашым аддзяленні па-беларуску выкладалі 70% прадметаў. На той час у «Знамени Юности» было ўжо мала чаго беларускамоўнага — там друк гэтага артыкула стаў падзеяй, і не толькі для мяне, газеты насіла палова геафака.

    — Вы ў штаце былі ў «Знамёнцы»?

    Павел Севярынец: — Не, пазаштатным карэспандэнтам, але чырвонае пасведчанне было.

    — Я так разумею, што Вы пайшлі ў палітыку менавіта вось з гэтай журналісцкай працы ў «Знамени Юности»? Здаецца, усё пачалося з таго, што Вам выкрэслілі «бел-чырвона-белы сцяг» з артыкула?..

    Павел Севярынец: — Менавіта. Як кажуць, партбілет быў «пакладезны на стол» — занёс і аддаў пасведчанне ў рэдакцыю. Рэдактара якраз памянялі, мне было сказана, што «малады чалавек, ужо іншыя часы»… Але пайшоў не адразу ў палітыку — а купляць на апошні ганарар бел-чырвона-белыя сцягі. І пачаў запытвацца на геафаку, дзе ў Менску прадаюцца бел-чырвона-белыя сцягі — бо гэта было ўжо пасля рэферэндума. І мне сказалі: «Паша, Варвашэні, 8». Мы з сябрамі пайшлі туды, трапілі на паседжанне маладзёвай фракцыі БНФ. Пасядзелі, паглядзелі мы ўтрох…

    — …і падумалі, што «мы лепш зробім»?

    Павел Севярынец: — Натуральна, так яно і адбывалася. Там сядзела чалавек 10, яны абмяркоўвалі нейкую акцыю, якая прайшла месяц таму: а што рабіць, а хто кепскі, а хто добры… Мы выйшлі на двор і я сказаў сябру: «Праз год я буду кіраўніком гэтай каманды». Сябар толькі пасмяяўся. Тады я заняўся тым, што скупляў беларускамоўную літаратуру, якая пасля чарговай дэвальвацыі-дэнамінацыі каштавала капейкі. Я выдаткоўваў на гэта 10% сваёй мізэрнай стыпендыі. Купляў, цягаў на Варвашэні, 8. Потым, памятаю, арганізоўвалі латарэю — хадзіў і прапаноўваў па студгарадках. На сённяшнія грошы кніжка каштавала 10 рублёў (не тысяч, а рублёў!) — я стаўлю кошт 50 і прадаю. Адначасова на ёй пазначаю нумар — будзе разыгрывацца латарэя, у якой можаце выйграць больш каштоўную кніжку. Памятаю, што прынёс пэўны прыбытак на маладзёвую фракцыю БНФ.

    — То бок, першы капітал быў скалочаны на нацыянальнай літаратуры…

    Павел Севярынец: — Гэта факт. І за гэтыя грошы Алесь Касач, тагачасны кіраўнік маладзёвай фракцыі БНФ з’ездзіў у Лондан і сустрэўся з Маргарэт Тэтчар. Праз 1,5 гады мяне выбралі кіраўніком маладзёвай фракцыі і «Маладога Фронту».

    — Дык а ў Лондане потым давялося бываць?

    Павел Севярынец: — У Лондане — не, хіба што ў Вашынгтоне, на сустрэчы з Джорджам Бушам.

    «Як рэпарцёр я нават даследваў прыбіральні ў студэнцкіх інтэрнатах!..»

    — У «Знамени Юности» Вас моцна правілі? 

    Павел Севярынец: — Не. Пакуль я быў рэпарцёрам пры Кацюшэнку — не. Першы раз сур’ёзнае было — гэта якраз калі сцяг абрэзалі з артыкула. Але гэта мяне здорава пакрыўдзіла!

    — Пра што даводзілася пісаць як рэпарцёру?

    Павел Севярынец: — Самыя розныя віцебскія навіны, менскія рэпартажы — напрыклад, пра мунітаў, якія прапаведваюць на праспекце. Пра хлопчыкаў, якія мыюць машыны і маюць на гэтым шалёныя грошы, а калі кліент не плоціць — б’юць яму лабавое шкло… Шмат было «студэнцкіх рэчаў» — напрыклад, даследванне студэнцкіх інтэрнатаў і прыбіральняў. Я жыў у інтэрнаце № 4 — дзе перад гэтым, ажаніўшыся, жылі мае бацькі.

    — А дзе гэты інтэрнат знаходзіцца?

    Павел Севярынец: — Насупраць Палаца спорта.

    — Дык яго зруйнавалі колькі тыдняў таму!

    Павел Севярынец: — Як зруйнавалі?! Не можа быць! «Чацвёрку» зруйнавалі?! О‑ё-ёй, жах які! Я там так і не пабываў яшчэ раз…

    — Што, вялікія ўспаміны звязаныя?

    Павел Севярынец: — Першы курс… «Афганцы» з юрыстамі біліся пастаянна. І студэнты Акадэміі міліцыя прыязджалі «баляваць». Станавіліся ў спецназаўскія стойкі каля дзвярэй першакурскнікаў і па камандзе выбівалі, проста выносілі дзверы — у некаторых яны так і падалі з петлямі. І выганялі першакурснікаў — каго па гарэлку, каго проста так. Вось чым займаліся навучэнцы Акадэміі міліцыі. Зараз тыя ж людзі робяць гэта санкцыянавана — выносяць дзверы і заходзяць у кватэры, хапаюць людзей на акцыях. І я веру, што гэтыя людзі могуць рабіць усё, што заўгодна — у тым ліку і страляць у беларусаў. З той пары, як я пабачыў выхаванцаў Акадэміі міліцыі ў справе, я веру ў гэта.

    — Добра, у «Знамёнцы» не правілі. Але на Вашым сайце ў раздзеле «Артыкулы» знаходжу Ваш артыкул пра Нямігу, дзе пазначана, што «аўтарскі загаловак быў «Правал Нямігі». Значыцца, што пасля праўкі і друку артыкула вы ўсё адно не пагадзіліся з загалоўкам, які яму далі ў газеце?

    Павел Севярынец: — Для мяне было трошку незразумела, чаму змянілі. Але я з рэдактарамі не спрачаюся. Адзіны выпадак быў той самы са «Знаменем Юности». А ў «Нашай Ніве» мяне і цяпер, бывае, скарачаюць — можа, не хапае плошчы; можа, рэдактар палічыў нешта стылёва неадпаведным… Я проста захоўваю тэксты, а калі надыходзіць час выдаваць кнігу — аднаўляю поўны тэкст. Бо з большасцю правак я… Я б пакідаў першапачатковы тэкст.

    — У чым тады праца рэдактара мусіць палягаць?

    Павел Севярынец: — У тым, што ён бачыць газету ў цэласці. Як я рэдагую, напрыклад, партыйны бюлетэнь «Крыніца», то таксама разумею, што логіка кожнага артыкула павінна падпарадкоўвацца законам цэласнасці выдання. Так што спрачацца з рэдактарамі ў прынцыпе не варта, нават калі яны не маюць рацыі — пасля можна навярстаць сваё.

    — А калі журналіст — не Павел Севярынец, які пасля з гэтых артыкулаў кнігу выдасць? Што рабіць, калі правяць і правяць?

    Павел Севярынец: — Яшчэ з даўніх пор я зразумеў, што рэдактары — людзі амбітныя, спрачацца —  сабе даражэй. Можна страціць шмат часу, нерваў, часам — працу. У мяне ёсць, куды траціць свой, як кажуць, «змагарны запал» — таму тут стараюся не ваяваць.

    — Павал, артыкулы, змешчаныя на Вашым сайце, нагадваюць больш маніфесты. А ўласна журналісцкія дзе?

    Павел Севярынец: — З 1994 па 1998 гады друкаваўся ў забаўляльным часопісе «Week­end» і «Дэтэктыўнай газеце». У апошняй выйшла з дзясятак маіх нататак, натуральна — пад псеўданімам.

    — Чаму «натуральна»?

    Павел Севярынец: — Там апісваюцца крымінальныя гісторыі на рэальным матэрыяле, таму змяняліся лічбы і прозвішчы — увогуле ўсіх, ад дзеючых асобаў, пракурораў, суддзяў, завяршаючы аўтарам. У «Знамени Юности» рэпарцёрская праца была. У некаторым сэнсе і цяпер раблю рэпартажы — штотыднёвыя на «Радыё Рацыі».

    «Тут тры кухні на 100 мужыкоў — і не ўсе канфоркі працуюць»

    — У гэтым зняволенні дзяржава Вас не корміць. Што сабе гатуеце?

    Павел Севярынец: — Тут тры кухні на 100 мужыкоў, і не ўсе канфоркі працуюць. Складана згатаваць сабе паесці, трэба станавіцца ў чаргу — гэта доўгі працэс, забірае шмат часу. Разам з тым, кухні замыкаюць на пэўны час — і не заўсёды гэта робяць у расклад. Дзеля таго, каб чалавек ведаў, што толькі з ласкі адміністрацыі ён можа схадзіць перакусіць. Толькі з ласкі адміністрацыі ён можа з’ездзіць памыцца — а можа і не з’ездзіць памыцца. Толькі з ласкі адміністрацыі ён можа выйсці на працу — а могуць і не пусціць на працу. То бок, чалавека прывучаюць выконваць рэфлекс сабачкі Паўлава, прымушаюць адчуваць, хто ён ёсць у гэтай сістэме. Як следства — больш тых людзей, якія адсюль паехалі ў зону, чым тых, якія вызваліліся ўмоўна-датэрмінова ці ім замянілі рэжым. Гэтая «канцэпцыя абмежавання волі» вельмі адпавядае таму, што творыцца ў нас зараз у маштабах краіны. Калі мне з самага пачатку, як я прыехаў, заявілі: «А ў царкву вы не пойдзеце!» Я кажу: «Гэта свабода веравызнання!» У адказ: «А мы абмяжуем вашу свабоду веравызнання». Давялося тлумачыць, дамагацца — цяпер выпускаюць раз на тыдзень у царкву.

    — З такімі абмежаваннямі ў плане кухні — Вы хоць сабе страўнік не сапсуеце?

    Павел Севярынец: — У мяне ёсць чайнік, на якім грэецца вада — і кашкі, ролтаны за тры хвіліны робяцца. Пасля студэнцкіх гадоў, калі мая стыпендыя выдатніка была 3,5 даляры — ужо нічога страўнік не сапсуе. Да таго ж, сябры прывозяць шмат ужо згатаванай ежы. Сёння во частую ўсіх гасцей дранікамі — удалося патрапіць да пліты і пагрэць іх.

    — Колькі за тыдзень маеце вольнага часу?

    Павел Севярынец: — Штодня ўдаецца вылучаць агулам ад трох да пяці гадзін. Адбой у 22.00 — святло адключаецца, правяраюць, ці леглі спаць. Пад’ём і праверка ў 6 раніцы.

    — А без ноўтбука як пішаце — асадкай на паперы?

    Павел Севярынец: — Асадкай на паперы я пішу практычна ўсё жыццё, да сярэдзіны 2000 гадоў ноўтбука не меў зусім.

    — А хто набірае?

    Павел Севярынец: — У «Нашай Ніве», у партыі, бацькі…

    — Выйсці за тэрыторыю камендатуры можна толькі ў нядзелю?

    Павел Севярынец: — Так — на 4 гадзіны 20 хвілін.

    — Чаму такая дзіўная, някруглая лічба?

    Павел Севярынец: — Паўгадзіны туды ў Пружаны, паўгадзіны назад, гадзіна на тое, каб памыцца, дзве гадзіны на царкву — дайсці туды і літургія, і 20 хвілін на пошту.

    — А астатнім асуджаным што, пошта ня трэба?

    Павел Севярынец: — У прынцыпе, не. Можна ж карыстацца мабільнікам… Тут сабраныя людзі, як кажуць з «сацыяльнага дна». Хоць я лічу, што калі правесці аблаву ў звычайным двары любога беларускага горада і выбраць моладзь з 18 да 30 гадоў, пасадзіць яе ў такі інтэрнат — гэта і будзе «спецкамендатура № 7».

    «У мяне тут мянушка «Пісьменнік»

    — Сёння Вы адчуваеце сябе журналістам? Ці, можа, калумністам, публіцыстам?

    Павел Севярынец: — Ну ў мне тут мянушка «Пісьменік». Але хіба публіцыстам болей.

    — А мянушка паважлівая ці зняважлівая?

    Павел Севярынец: — Паважлівая! «У Пружанах гавораць, што нейкі пісьменнік там у нас сядзіць!». Стаўленне добрае — асабліва з боку асуджаных. Бо ўсе разумеюць, што адбываецца ў нас у краіне.

    — Вы параўналі тутэйшы кантынгент са „звычайным беларускім дваром“. Наколькі гэты двор ведаў Паўла Севярынца да вашага з’яўлення тут?

    Павел Севярынец: — З берасцейскіх хто-ніхто чуў, бо была гучная гісторыя з прэзентацыямі ў Берасці, з маімі адсідкамі ў Берасці, Баранавічах Івацэвічах. Троху чулі — бо прэса баранавіцкая ці берасцейскага пісала. Тут, у адрозненне ад Малога Сітна, ведалі. Ну і бачылі па тэлевізары Рымашэўскага, таму прызнавалі як „кіраўніка штаба Рымшэўскага“. БХД троху ведаюць. „Малады Фронт“ ведаюць! Але мяне здзівіла, што тут вельмі добра ведаюць NRM — больш чым палітычныя партыі! У некаторых на мабільніку стаіць „Тры чарапахі“ альбо „Паветраны шар“. Гэта само за сябе гаворыць.

    — А Вы ўспрымаеце NRM без Вольскага?

    Павел Севярынец: (доўгая паўза). — NRM з Вольскім лепш, чым NRM без Вольскага — што тут ужо казаць.

    — Памятаецца гісторыя, звязаная з газетай „Товарищ“, калі на адным мерапрыемстве яе расклалі замест дыванка на падлозе — а Вы пачалі яе збіраць, чым выклікалі пэўнае абурэнне антыкамуністаў. Для мяне засталося цікавым, што, з аднаго боку, Вы вельмі цьвяроза і справядліва ацэньваеце камунізм як абсалютнае зло. З іншага боку, збіраючы газету з падлогі, Вы кіраваліся тым, што гэта — незалежная прэса, якую таптаць не выпадае.

    Павел Севярынец: — Пытанне нават не ў тым, што там была камуністычная прэса. Гэта была газета тых людзей, якія спрабуюць вызваліцца ад камунізму — усведамляюць яны гэта ці не. Зараз яны ўжо зрабіліся сацыялістамі фактычна. Мой выбар — гэта не прынцыповае супрацьстаянне злым людзям, а супрацьстаянне злу ў людзях. Трэба змагацца за кожнага чалавека, за кожнага беларуса. Нават калі гэта на сённяшні момант вораг. Вось чаму „любіце ворагаў вашых“ — сказана ў Евангеллі. Для таго, каб Госпад мог праз нас змагацца за сэрцы гэтых людзей. Камунізм як ідэалогію трэба ненавідзець, на мой погляд, гэтую ідэалогію і партыі трэба забараніць у Беларусі — бо рознага кшталту камуністычныя партыі арганізавалі забойства беларусаў, этнацыд, лінгвацыд, генацыд беларусаў. Такая сіла не павінна існаваць — як і нацыстская партыя. Але камуністаў — як носьбітаў гэтай ідэалогіі — трэба бачыць як людзей, якія таксама створаны па падабенству Бога. Там, на нябёсах, спытаюцца за гэтую зямлю не з кіраўнікоў райвыканкамаў і не з Лукашэнкі — цалкам можа быць, што мы іх там не ўбачым проста як клас. Спытаюцца з нас.

    „Нашыя суседзі дзівяцца, наколькі распранутыя беларускія дзяўчаты!..“

    — Павал, Вы — чалавек, які жыве з Богам у душы, у розуме і на вуснах. Аднак журналістыка не заўжды стасуецца з гэтым — журналісты, бывае, маняць, прыпісваюць, улязаюць у прыватнае жыццё… Як Вы стасуеце гэта для сябе?

    Павел Севярынец: — Як у тым банальным выслоўі: журналістыка — гэта люстэрка грамадства. Лукашэнка зачыніў палітычныя свабоды, а свабодзе грэху, свабодзе распусты адчыніў усе шлюзы. Тое, наколькі распранутыя беларускія дзяўчаты, альбо наколькі разбэшчаная беларуская папса, здзіўляюцца нават нашы суседзі! Адсюль і такая журналістыка — адкуль ёй іншай узяцца? І трэба з гэтым змагацца не забараняльнымі мерамі, а альтэрнатываю. Да гэтага часу ў Беларусі, на жаль, няма ўплывовага кансерватыўнага хрысціянска-дэмакратычнага выдання, якое магло б гуртаваць вакол сябе тых людзей, якія стаяць у першую чаргу на маральных нормах. Гэта задача для нас, выклік для нас.

    — Калі казаць проста — што Вам у сённяшняй журналістыцы падабаецца, а што не?

    Павел Севярынец: — Падабаецца, што вельмі шмат моладзі, вельмі шмат жадання раскрыць праўду і вельмі шмат жадання публічна агучваць факты, ставіць востра пытанні. З іншага боку, фактараў, якія б стрымлівалі журналіста ў маральным плане, практычна не існуе. Я не пра самацэнзуру кажу, а пра маральнасць. Калі чалавек піша, ён адказны за слова. Слова вечнае — з гэтага мы пачыналі гутарку.

    — Пасля такіх выслоўяў у мяне застаецца толькі адное пытанне. Некалі Вы заявілі, што вяселле справіце толькі „пасля перамогі“. Справа зацягнулася. Дык можа — перамога будзе толькі пасля вяселля?..

    Павел Севярынец: (вельмі доўгая паўза). — Я прапаную пагаварыць пра гэта пасля Раства, добра?..

    Канешне, цяжка, цяжка задаваць такія пытанні чалавеку, які цытуе па памяці цэлыя раздзелы Бібліі, а на адной анлайн-канферэцыі прызнаўся, што цалаваўся двойчы ў жыцці — і цяпер шкадуе за такую распусту па-за шлюбам…

    Калі я рэгістраваўся ў камендатуры Купліна (такі парадак) — спытаў у міліцыянта дазволу паразмаўляць з Паўлам у машыне, а не ў альтанцы — бо халодна. Міліцыянт дазволіў, а я пераканаў яго, што не скраду ад іх „асуджанага Севярынца“. Міліцыянт усміхнуўся і паправіў: „Незаконна асуджанага Севярынца“, мы ўжо навучаныя». А потым спытаўся, колькі мне даплаціць, каб я ўсё-ткі скраў…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці