• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістка Татэвік Хачатран: «Наш падкаст — магчымасць для людзей з Арцаху чуць свой родны дыялект»

    Татэвік Хачатран — журналістка і ўцякачка, усё жыццё якой разгортваецца вакол барацьбы Арменіі і Азербайджана за Арцах, які яшчэ называюць Нагорным Карабахам. Там яна нарадзілася сама і нарадзіла сына, там загінуў на вайне яе брат, адтуль яна вымушана была бегчы ў Ерэван.

    Журналістка Татэвік Хачатран падкаст для людзей з Арцаху

    Журналістка Татэвік Хачатран. Фота: з асабістага архіва гераіні

    Арцах — гістарычная назва тэрыторыі, якую беларусы больш ведаюць як Нагорны Карабах.

    Разам з Марыам Абрамян Татэвік заснавала Цэнтр падтрымкі маці Арцаху. Мы паразмаўлялі з гэтай адважнай журналісткай і актывісткай пра яе працу, сацыяльныя праекты і, натуральна, пра жыццё ў Арцаху і Ерэване.

    «У чалавека, які жыве ў канфліктнай краіне, мусіць быць свой голас на перамовах»

    «Я нарадзілася ў Арцаху праз два месяцы пасля таго, як было спыненне вагню і пагадненне паміж Азербайджанам, Арменіяй і Арцахам», — кажа Татэвік. «Я жыла, думаючы, што ўсё, вайны больш не будзе, і астатнія пытанні будуць вырашацца праз мірныя перамовы».

    Трохбаковае пагадненне было падпісана ў траўні 1994 года і стала канцом Першай карабахскай вайны. Тым не менш, з часам перамовы па пытаннях, звязаных з Арцахам, сталі адбывацца наўпрост паміж Азербайджанам і Арменіяй без удзелу прадстаўнікоў Арцаху. Татэвік лічыць, што гэта было вялікай памылкай: «Так, мы хацелі быць далучанымі да Арменіі, у нас тая ж культура, тая ж мова, тая ж вера, але ўсё адно чалавек, які жыве ў канфліктнай краіне, мусіць мець свой голас у перамовах. Так, Арменія збольшага адлюстроўвала нашае меркаванне, але гэта не адно і тое ж».

    Вострае пачуццё несправядлівасці адносна свайго народу і іншых людзей па ўсім свеце ў выніку і прывяло Татэвік у журналістыку: «Мне заўжды не падабалася тое, што робіцца ў свеце і асабліва ў нас. Я тады жыла ў Арцаху і бывала толькі ў Арменіі, але ва ўсіх жа быў інтэрнэт, і я бачыла, што ва ўсім свеце адно і тое ж — паўсюль крыўдзяць жанчын і дзяцей».

     
    Журналістка Татэвік Хачатран падкаст для людзей з Арцаху

    Журналістка Татэвік Хачатран. Фота: з асабістага архіва гераіні

    Спачатку яна хацела стаць праваабаронцай, але не хапіла балаў пры паступленні на юрыдычную спецыяльнасць. Яшчэ пры падачы дакументаў яна перастрахавалася і падалася таксама на журналістыку. Яе бацька таксама быў журналістам. Гэтая праца ёй дужа падабалася, але яна хвалявалася, што ў медыясферы нізкія заробкі:

    «Ну як я буду ўтрымліваць сям’ю, працуючы журналісткай? І калі я кепска здала іспыт па гісторыі і было ясна, што не трапляю на юрыдычны, я пазваніла маці і дужа плакала, мне было вельмі сорамна, а мама сказала, што, значыць, так і трэба, я павінна стаць журналісткай».

    «Пакуль была ў дэкрэце, адбылася вайна»

    Ужо на першым курсе Татэвік пачала пісаць артыкулы для «Карабах Open Info», але ганарары былі дужа маленькія, і яна пайшла працаваць у афіцыйную газету міністэрства абароны Арцаха.

    «Я працавала там спачатку карэктаркай, а потым пачала пісаць пра армян, якія яшчэ за савецкім часе жылі ў Азербайджане і вымушаны былі перасяляцца адтуль, каб выжыць. Я пісала пра першую ахвяру вайны ў маім жыцці — гэта быў дзённік пра майго аднакласніка.

    Карацей, я прапрацавала там некалькі гадоў, сышла ў дэкрэт, і пакуль была ў дэкрэце, адбылася вайна 2020 года, пасля чаго закрылася наша рэдакцыя. Амаль 70% Арцаху ўжо не было, і казаць пра міністэрства абароны, і што ў яго ёсць нейкая свая рэдакцыя — гэта быў нонсэнс».

    З міністэрства абароны Татэвік сышла працаваць прэс-сакратаркай у Міністэрства тэрытарыяльнага кіравання і інфраструктуры. Паралельна на грамадскім радыё Арцаху яна рабіла праграму пра мацярынства. «Таксама мы з сяброўкамі стварылі суполку ў фэйсбуку, там былі амаль арцахскія маці, мы там увесь час пісалі пра розныя праблемы мацярынства і зразумелі, што пра іх трэба казаць яшчэ шырэй. Шмат хто, калі нараджае дзіця, не ведае, як карміць грудзьмі, як размаўляць з дзіцём. Люзі не ведаюць, як падысці да планавання цяжарнасці, — пытанняў вельмі шмат. У нас не хапала спецыялістаў і дактароў, бо Арцах быў вельмі маленькі, а праз вайну таксама ўсё звужалася. Таму я размаўляла з дактарамі з Арменіі і рабіла гэта менавіта для арцахскай аўдыторыі».

    Падчас блакады 2022–2023 гадоў Татэвік папрасілі весці на радыё яшчэ і ранішнюю перадачу. Ёй удалося зрабіць гэта толькі тры разы. Азербайджан тады перакрыў Арцаху святло і газ, не было лекаў, паліва, ежы. У свой трэці дзень ў якасці вядоўцы ранішняй перадачы Татэвік не падазравала, што будзе новая вайна. «Яна цягнулася толькі адні суткі, але памерла вельмі шмат людзей. Гэта была поўнамаштабная вайна, і ніхто не глядзеў, дзе вайскоўцы, а дзе мірныя жыхары».

    Міратворцы, якіх увяла Расія ў 2020 годзе, па словах нашай суразмоўцы, ніяк не ўмешваліся і не заміналі азербайджанскім вайскоўцам забіваць мірных арцахаўцаў: «Яны зачыняліся ў сябе. Людзей забівалі, а ім як бы нармальна, абы іх ніхто не кранаў. Людзі баяліся, што, каб Расія магла пакінуць у Арцаху міратворцаў, ёй там патрэбныя мясцовыя, але там ніхто ўжо не хацеў жыць, бо нас там проста забівалі. Усе пакідалі свае дамы, але каб з’ехаць, трэба было паліва, і мы ведалі, што ў войска ёсць сховішча з ім. У цэлым мы не выкарыстоўвалі яго падчас блакады – яно было для хуткай дапамогі, для вайсковых.»

    Адразу пасля аднадзённай вайны людзі хацелі ўцякаць з Арцаху, і побач са сховішчам быў вялікі натоўп, каб узяць паліва. Як пазней расказваў муж Татэвік, які быў там у той дзень, вакол сховішча быў вялізны хаос і не было ніякіх мераў бяспекі. Адбыўся выбух, у выніку якога загінула шмат людзей. Азербайджанцы не пускалі медыкаў і транспарт з Арменіі, і людзі паміралі, бо не маглі атрымаць медычную дапамогу.

    «Чаму нашы дзеці мусяць паміраць?»

    Пра жыццё ў блакадзе і ўцёкі з Арцаху Татэвік расказвае хутка, шмат разоў пераскоквае з адных падзей на іншыя, быццам баіцца нешта ўпусціць і ніяк не можа вызначыцца, у якім парадку расказваць.

    «Гэта было жахліва. Першая блакада была на некалькі дзён, і мы падумалі, ну, некалькі дзён – окей. Складана, але нармальна. Ае яны ўвесь час рабілі ўмовы больш жорсткімі. Спачатку ў нас быў маленькі калідор, і была магчымасць прынесці з Арменіі зусім невялікую колькасць лекаў і ежы. Але азербайджанцы забілі траіх нашых памежнікаў, пераход закрылі, і застаўся ў нас толькі Чырвоны крыж. Зусім малюсенькі. Гэта быў час, калі паміралі людзі, якім патрэбны быў, напрыклад, дыяліз.

    Пасля дзевяцімесячнай блакады, калі мы дайшлі да Арменіі, шмат хто з нас буў дужа худы, і я таксама. Мы, вядома, не памерлі з голаду, але елі мы дужа мала і не збалансавана. Хто жыў у вёсках, у іх было менш праблем, бо ўсё ж былі агароды. А ў тых, хто жыў, напрыклад, у Сцепанакерце, як я, быў проста жах. У апошнія месяцы ўжо хлеба не было. Мы з іншымі мамамі рабілі акцыі каля Чырвонага крыжа. Ну вы ж гуманітарная арганізацыя, чаму нашы дзеці мусяць паміраць? Яны сказалі, што гэта палітычнае пытанне, і яны нічога не могуць зрабіць, яны жывуць там жа, у іх дзяцей такія ж праблемы. Не ведаю я, карацей, як мы жылі ў блакадзе, але неяк выжылі».

    Журналістка Татэвік Хачатран падкаст для людзей з Арцаху

    Сям’я Татэвік Хачатран. Фота: з асабістага архіва гераіні

    Цяпер Татэвік разам з сям’ёй жыве ў Ерэване. Там яны здымаюць дом, і фінансава гэта цяжка, бо праз вялікі наплыў людзей з Арцаху ўсё падаражала. З прыняццем перасяленцаў усё ў прынцыпе складана, кажа яна. На афіцыйным узроўні заяўляецца, што праблем няма, але ў рэальнасці іх хапае – і нізкая сацыяльная падтрымка, і спецыфічнае стаўленне з боку мясцовых.

    «Мая сяброўка неяк пайшла ў госці да знаёмых, якія самі не з Арцаху, і размаўляла там са сваім сынам на нашым дыялекце. І гэтыя знаёмыя ў яе запытваюцца, чаму яна не размаўляе з ім па-армянску. Сяброўка адказала, што ж гэта ж тая ж армянская, але калі яна не будзе з дзецьмі размаўляць на сваім дыялекце, як яны пра яго даведаюцца? У нас жа нічога, акрамя гэтага не засталося».

    Татэвік тлумачыць, што ўсе трыццаць гадоў перыядычна ў Арцаху гінулі армянскія вайскоўцы. Мясцовага войска на ўсю мяжу з Азербайджанам не хапала, і Арменія адпраўляла туды сваіх салдат. У выніку шмат хто ў Арменіі ведае пра Арцах толькі тое, што гэта месца, дзе гінулы іх родныя. Але, кажа, ёсць і шмат цудоўных людзей, якія дапамагалі ім адразу пасля ўцёкаў і працягваюць дапамагаць цяпер.

    «Калі маўчаць пра праблемы, іх становіцца больш»

    Зараз Татэвік разам з сяброўкай робіць падкаст Pod­cut. Яны пачалі яго яшчэ ў Арцаху і рабілі тады не на сваім дыялекце, бо «Арцах фізічна яшчэ быў, нам не трэба было яго сваёй працай захоўваць». Задумка была рабіць падкаст пра журналістаў – пра тых, хто асвятляе вайну, блакаду.

    «Яны кажуць пра праблемы іншых людзей, але ж ніхто не расказвае пра іх праблемы, і мы хацелі гэта рабіць. Але пасля ўцёкаў мы вырашылі, што трэба мяняць напрамак, але ўсё адно рабіць. Было дужа цяжка спачатку, бо мы былі нестабільныя эмацыйна, трэба было шукаць дамы, трэба было шмат усяго рабіць, але мы ўсё адно падумалі, што калі мы зараз не будзем запісваць падкаст, мы і потым не станем ім займацца».

    Журналістка Татэвік Хачатран падкаст для людзей з Арцаху

    Фота: з асабістага архіва гераіні

    Падкаст застаецца дабрачынным праектам, а на жыццё Татэвік зарабляе ў розных каля-медыйных НДА. Фінансава сям’і няпроста, але падкаст вельмі важны для ўцекачоў, лічыць яна, і не пагаджаецца спыняць праект. «Мы не атрымліваем за гэта грошы, і наадварот, самі трацім, але мы бачым, што людзей гэта рэальна супакойвае, яны знаходзяць там сябе, адчуваюць нейкую бяспеку. І яны могуць слухаць дыялект, на якім, магчыма, у іх ужо няма шмат магчымасцяў размаўляць, бо, напрыклад, дзіця ўжо ходзіць у мясцовую школу і пачынае размаўляць так, як размаўляюць мясцовыя сябры».

    Аўтаркі падкасту адкрыта кажуць пра дыскрымінацыю, з якой сутыкаюцца ў Арменіі, і за гэта іх часта абвінавачваюць у тым, што яны нібыта яшчэ больш аддаляюць людзей адно ад аднаго. Татэвік з такой прэтэнзіяй не згодная і настойвае, калі маўчаць пра праблемы, іх становіцца больш, а не менш.

    Зусім нядаўна Татэвік Хачатран выйшла з Савету па абароне правоў грамадзян Арцаху. У сакавіку Савет арганізаваў дэманстрацыю на 10 тысяч чалавек, і дзякучы гэтаму з’явілася надзея, што пачынаецца працэс, у выніку якога могуць вырашыцца асноўныя праблемы народу Арцаху. У Ерэване на плошчы Свабоды тады паставілі намёт, які планаваўся як гэткі каардынацыйны штаб. У выніку перамоваў з уладамі Арменіі пратэстоўцы пагадзіліся прыбраць намёт з умовай, што ўлады зоймуцца паляпшэннем сацыяльных праграм для ўцекачоў і дадуць былым жыхарам Арцаху магчымасць абзавесціся ўласным жытлом.

    Татэвік кажа, што за два месяцы гэтых зменаў не адбылося і барацьба фактычна спынілася. Сама яна збіраецца працягваць змагацца па-за гэтай структурай, бо больш не верыць у эфектыўнасць савету, шмат рашэнняў у якім прымаюцца не празрыста.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці