• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Справа Nexta: Пуцілу і Рудзіка выклікаюць добраахвотна “засудзіцца па спецвытворчасці”, Пратасевіча ў позве няма

    Мінскі абласны суд прызначыў на 16 лютага пасяджэнне ў межах так званай “спецыяльнай вытворчасці” з удзелам рэдактараў інфармацыйнага рэсурсу Nexta Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка. Абодва даўно за межамі краіны і беларускаму правасуддзю не давяраюць. 

    Згодна з абвесткай на сайце Вярхоўнага суда, фігуранты мусяць з’явіцца аб 11‑й раніцы ў будынак Мінскага раённага суда з дакументамі, якія пацвярджаюць асобу.

    У апошнія дні 2022 года Генеральная пракуратура паспела накіраваць у суд крымінальную справу ў дачыненні да Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча. Апошні ўжо больш за паўтара года знаходзіцца пад хатнім арыштам у Мінску, два першыя жывуць у Варшаве, іх справы разглядаліся следчымі на падставе так званай “спецвытворчасці”, то бок у фізічную адсутнасць фігурантаў. Такі спосаб пакарання летась прыдумаў Следчы камітэт, прапануючы, акрамя ўсяго, завочна не толькі караць апанентаў турмой, а пазбаўляць маёмасці і грамадзянства.   

    З паведамлення Мінскага абласнога суда вынікае, што Раман Пратасевіч ад суда або вызвалены, або яго справа будзе разглядацца іншым парадкам. Прынамсі ўмовы за “шчыльнае супрацоўніцтва са следствам і шчырае раскайванне”, на чым неаднаразова спекулявалі прапагандысты, не разгалошваюцца. 

    Тым не меней, у ранейшых версіях усім абвінавачаным былі інкрымінаваныя наступныя крымінальныя артыкулы:

    – распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт.130);

    – арганізацыя масавых беспарадкаў, навучанне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў іх (ч. 1 і ч. 3 арт. 293);

    – арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 і ч. 2 арт. 342);

    – публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, акту тэрарызму, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361);

    – стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім (ч. 1 арт. 361–1);

    – паклёп і публічная абраза прэзідэнта Беларусі (ч. 2 арт. 367, ч. 2 арт. 368).

    Акрамя таго, Сцяпану Пуцілу і Яну Рудзіку выстаўленыя  дадатковыя артыкулы, якіх не было ў Рамана Пратасевіча:

    – змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч.1 арт. 357 КК);

    – фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (ч.2 арт. 361–2);

    – дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369–1 КК).

    Асобна Сцяпану Пуцілу інкрымінавана “арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі” (ч. 1 арт. 290–5 Крымінальнага кодэкса).

    Усе гэтыя абвінавачанні таксама фігуруюць у позве, арыгінал якой апублічыў Мінскі абласны суд.  

    Бок абвінавачання сцвярджае: пачынаючы з 2020 года “дзеля рэалізацыі агульнага плана змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам”, выконваючы задачы групы, якую яны  ўзначальвалі, фігуранты публікавалі ў сетках каналаў Nex­ta і «Беларусь галаўнога мозгу» матэрыялы, мэтай якіх было:

    – падбухторванне людзей да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады;

    – арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і іншых несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў;

    – распальванне сацыяльнай варожасці на падставе прыкмет іншай сацыяльнай прыналежнасці;

    – прымяненне гвалту ці пагрозы яго ўжывання, знішчэнне маёмасці, распаўсюд паклёпніцкіх звестак і апублічванне персанальнай інфармацыі;

    – замах на правы і законныя інтарэсы ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іх блізкіх;

    – заклікі да здзяйснення пратэстна настроенымі грамадзянамі актаў тэрарызму.

    У дачыненні да Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка праведзена спецыяльная вытворчасць на падставе пастановы старшыні Следчага камітэта Дзмітрыя Гары. Завочна абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Раней у дачыненні да іх Генеральная пракуратура заявіла пазоў аб пакрыцці маёмаснай шкоды ў інтарэсах дзяржавы на суму больш за 30 мільёнаў рублёў.

    Што да Рамана Пратасевіча, дык ён “у поўным аб’ёме” выканаў умовы заключанага з ім дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве, але мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту пакуль што пакінута без зменаў.

    Чытайце яшчэ:

    «Немагчыма было наўпрост з калегамі стэлефанавацца, сказаць аператару, дзе ты». Дняпроўская журналістка пра працу падчас трагедыі

    Фактчэкінг у эпоху фэйкаў. Памятка, як журналісту не стаць ахвярай маніпуляцый

    «Суразмоўца медыя павінен разумець рызыку». Дыскусія пра экстрэмізм і этыку

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці