Спынена другая адміністрацыйная справа супраць Ларысы Шчыраковай
5 лютага суддзя Светлагорскага раённага суда Уладзімір Сцяпанаў спыніў адміністрацыйную справу па арт. 22.9 супраць гомельскай журналісткі-фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Ларысы Шчыраковай – скончыўся двухмесячны тэрмін, цягам якога можна прыцягваць парушальніка да адказнасці.
Гаворка ідзе пра сюжэт на тэлеканале “Белсат” пад назвай “Жахлівыя ўмовы беларускіх інвалідаў”, паказаны ў эфіры 3 снежня 2015 года.
У амаль 3‑хвілінным сюжэце відэаздымкі пра дзяўчыну-інваліда са Светлагорску займалі 40 секунд. Аднак гэтая акалічнасць не перашкодзіла мясцовым міліцыянтам абвінаваціць Ларысу Шчыракову ў вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі.
“На суд я не ездзіла – даслала толькі свае пярэчанні і папрасіла разгледзець справу без маёй прысутнасці. Я не з’яўляюся журналістам нейких замежных СМІ, не маю з імі працоўных стасункаў. З гэтай прычыны на мяне не распаўсюджваецца патрабаванне абавязковай акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў. Я размяшчаю свае відэаздымкі на старонцы ў “YouTube”. Міліцыя не высвятляе, якім чынам яны трапляюць на “Белсат” – проста шаблонна штампуе абвінавачанні на адрас журналістаў-фрылансераў”, – сказала Шчыракова службе маніторынгу ГА “БАЖ”.
Нагадаем, што 4 лютага суд Савецкага раёна Гомеля спыніў яшчэ адну адміністрацыйную справу ў дачыненні да Шчыраковай – даты здзяйснення журналісткай “правапарушэння”, указаныя ў міліцэйскім пратаколе і ў рапарце, не супадалі.