• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Старонку ў Facebook рэдактара «Витебский курьер NEWS» Аляксандра Корнышава прызналі «экстрэмісцкай»

    Звесткі пра гэта з’явіліся ў абноўленым 30 верасня Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складае Міністэрства інфармацыі Беларусі.

    Аляксандр Корнышаў

    Аляксандр Корнышаў. Крыніца фота: bysol.org

    Рашэнне аб прызнанні «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» асабістай старонкі з назвай «Корнышев Александр» (ідэнтыфікатар  https://www.facebook.com/alex.iskander.74) прыняў 25 верасня суд Кастрычніцкага раёна Віцебска.

    Паводле яе ўладальніка, гэта першая ягоная асабістая старонка ў сацыяльных сетках, на якую суд звярнуў увагу. Дагэтуль «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» быў абвешчаны Telegram-канал «Витебский курьер NEWS», адбылося гэта яшчэ ў студзені 2022 года.

    «Да іншых старонак пытанняў пакуль няма. У выпадку з Face­book, верагодна, нехта звярнуў увагу на застаўку з лагатыпам кааліцыі «Еўрапейскі выбар», у якую я ўваходжу», — мяркуе Аляксандр Корнышаў.

    Сёлета 10 траўня кааліцыя «Еўрапейскі выбар» была абвешчана «экстрэмісцкім фармаваннем», і ў адпаведным спісе МУС таксама фігуруе прозвішча Аляксандра Корнышава.

    Рэдактар і журналіст Аляксандр Корнышаў з лістапада 2020 года вымушана жыве ў замежжы. Ён абвешчаны ў міжнародны вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі. На радзіме, у Віцебску, па месцы ягонай рэгістрацыі неаднаразова праводзіліся ператрусы. Сёлета ў траўні Аляксандра Корнышава прызналі вінаватым у распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Ён быў аштрафаваны на 20 базавых велічынь (800 BYN) за рэпосты з Telegram-канала ўласнага выдання.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці