«Страшна сьмярдзіць шкарпэткамі і бядой». Рэдактарка Hrodna.life пра тое, як турма мяняе чалавека нават за 2 дні
Рэдактарка праектаў горадзенскага інтэрнэт-парталу Hrodna.life Ірына Новік два дні правяла ў турме за фота. «Два з паловай», — кожны раз удакладняе яна. Ірына расказала, як нават такі досыць кароткі досьвед за кратамі мяняе чалавека.
Пасьля вызваленьня Ірына шмат гуляе па горадзе, ходзіць па кавярнях, нюхае кветкі, сустракаецца зь сябрамі, забаўляецца мыльнымі бурбалкамі, сплаўляецца на байдарках. Вяртаецца да жыцьця. На сустрэчу яна прыходзіць у новай сукенцы і з новым манікюрам, які мелася рабіць у той час, калі яе затрымалі.
Ірына ўспамінае дні за кратамі ў цэнтры Горадні і часта робіць паўзы — замінаюць сьлёзы. Раней такой уразьлівай яна не была. Тыдзень пасьля турмы жанчына не магла ўзяцца за працу. «Гэта пройдзе», — пераконвае яна ці то суразмоўцу, ці то сябе.
Што адбылося?
Ірына апублікавала фота самалёта Ryanair зь лягатыпам забароненага беларускімі ўладамі тэлеграм-каналу. Як сама кажа, памылкова. Фота правісела каля 5 гадзін на сайце Hrodna.life. Памылку заўважылі, фота прыбралі.
За гэта затрымлівалі галоўнага рэдактара Аляксея Шоту і рэдактарку Ірыну Новік. Ірыне далі штраф 725 рублёў. Аляксею як прадстаўніку арганізацыі — 14 500 рублёў.
Ірына знаходзілася ў «адзіночцы». Ёй не дазвалялі сядзець з 6:00 да 22:00, чытаць, пісаць, маляваць. Увесь час яна нічога ня ела.
Зьняволеньне выпала на пэрыяд паміж дзьвюма ейнымі шпіталізацыямі. Муж Ірыны Анатоль пасьля таго, як яе затрымалі, таксама лёг у лякарню. Некалькі месяцаў таму ў Анатоля здарыўся рэцыдыў хваробы пасьля некалькіх гадоў рэмісіі.
Хто такая Ірына Новік?
Ірыне Новік 51 год. Па адукацыі яна інжынэр. Дваццаць гадоў выкладала ва ўстановах павышэньня кваліфікацыі. У журналістыку прыйшла ў 45 гадоў.
На партале Hrodna.life Ірына ня толькі піша тэксты, але і рэдагуе, выхоўвае пакаленьне стажораў, каардынуе праекты па выданьні кніг, выставах, стварэньні «мэрчу» парталу.
Далей расказвае яна сама.
Расчалавечваньне. «Проста перастаеш быць чалавекам»
«Першы дзень было вельмі страшна ад саміх умоваў, бо яны скіраваныя на тое, каб ты думала, як тут выжыць.
Проста перастаеш быць чалавекам і першы дзень ідзе на ўсьведамленьне новай ролі — спэцкантынгенту, некага, хто ўжо не чалавек. Ад таго, што там адбываецца, расчалавечваесься ўмомант».
Участковы. «Мне ўсё роўна, які вы чалавек»
«Я перастала адчуваць сябе асобай. Калі мне ўчастковы пачаў казаць: „Вы разумееце, вас затрымліваць не мая справа. Мы звычайна з дэбашырамі і п’яніцамі працуем. Але, разумееце, гэта загад. Мне ўсё роўна, які вы чалавек: добры ці нядобры“.
З гэтага моманту я зразумела, што ўсім усё роўна, што гэта было, колькі мне гадоў, якое ў мяне здароўе, чым я захапляюся, якая ў мяне адукацыя. Гэта ўсё адразу перастала мець нейкую каштоўнасьць».
Стаўленьне. «Новік, расьпішыся!»
«Яны ставіліся да мяне не як да чалавека, а як да сярэднестатыстычнага злачынца, які сядзіць у турме. Двойчы адчынялася „кармушка“ з бразгатам, прасоўваюць паперы: „Новік, расьпішыся!“. Так да мяне ніколі не зьвярталіся ў жыцьці. Ладна ўжо „Ірына Генадзеўна“, але хаця б „Расьпішыцеся“».
«Малпоўня». «Страшна сьмярдзіць шкарпэткамі і бядой»
«Калі сядзіш у „малпоўні“ РАУС, дзе страшна сьмярдзіць шкарпэткамі і бядой, па гэтым паху разумееш, што ўсё: шчасьце ў жыцьці скончылася. Мне здавалася, што горш не бывае. А потым у камэры табе кажуць, што нельга сядзець, і ты разумееш, што ў „малпоўні“ была яшчэ „лафа“».
Сьцены турмы. «Разумееш, што супраць сыстэмы ты ніхто»
«Калі бачыш таўшчыню гэтых векавых сьценаў, разумееш, што супраць сыстэмы ты ніхто. Я такая маленькая, крохкая, хворая, сталая. А тут гэтыя сьцены і гэтыя людзі, як зубчыкі, як шасьцярэнькі, проста робяць сваю працу».
Супрацоўнікі. «Гэтыя людзі ўдзельнічаюць у катаваньнях»
«Я нагадваю сабе ўвесь час, што гэта ня „людзі робяць сваю працу“, гэта людзі ўдзельнічаюць у катаваньнях. Я ня бачу ў іх людзей. Калі я думаю, як мы будзем зь імі жыць пасьля ўмоўнай перамогі, я ня ведаю, як».
Начныя пад’ёмы. «Гэта нялюдзкая рэч»
«Гэтыя начныя пад’ёмы, калі сьпіш са сьвятлом у нейкім дзікім стрэсе… Ледзь удалося заснуць — і тут крычаць: „Пад’ём! Тварам да сьцяны!“. Мне здаецца, гэта нялюдзкая рэч».
Спосабы справіцца. «Я дазваляла сабе плакаць»
«Я ўспомніла ўсе разьмінкі, якім вучылі ў піянэрскіх летніках; усе практыкаваньні зь ёгі, якія можна рабіць стоячы; усе прыклады самамасажу; усе дыхальныя практыкі. Я сьпявала песьні, успамінала вершы, лічыла клеткі кратаў.
Калі мне хацелася плакаць, я сабе дазваляла. У мяне не было забабонаў, што я мушу быць „жалезнай лэдзі“. Я дазваляла сабе быць чалавекам, адгараваць сваё гора. У мяне аднялі кавалак майго жыцьця».
Поле для кантролю. «Я мыла рукі»
«Я прыгадала ўсе кіно пра канцлягер, пра палон. У цябе ёсьць поле для кантролю заўсёды. Мне дазволілі ўзяць у камэру мыла. Яно пахла цудоўна. Я мыла рукі. У мяне быў крэм для твару і для рук. Маленькія аблокі прыемных пахаў — гэта супэр».
Галадоўка. «Ды ня трэба мне вашай гарбаты!»
«Адзін раз вельмі малады хлопчык, які прыносіў ежу, а я чарговы раз адмовілася, завагаўся: „Можа, хоць гарбаты?“. Нібыта праява чалавечнасьці. Зь цябе зьдзекуюцца — і „Можа, хоць гарбаты?“. Ды ня трэба мне вашай гарбаты! Для мяне ўвесь гэты нібы клопат гучаў вельмі цынічна».
Тэхнічная памылка. «Мы людзі, мы ня робаты»
«Тое, што зьявіўся гэты здымак, гэта мая тэхнічная памылка. Чалавечыя памылкі бываюць ва ўсіх. Мне [у турме] прынесьлі пратакол з закрэсьленым радком, бо гэтыя словы трапілі памылкова. Гэта таксама тэхнічная памылка спадара Вайцешкі.
Мая адвакатка напісала заяву, што будзе мяне прадстаўляць у судзе, але яе не паклікалі — як пазьней патлумачылі, выйшла тэхнічная памылка. Судзьдзя Пятрова таксама спачатку выпісала мне цыдулачку зь няправільнай сумай штрафу.
Але людзям за гэтыя памылкі нічога ня будзе, бо мы людзі, мы ня робаты. А журналісты чамусьці цяпер за ненаўмысныя памылкі адказваюць вельмі жорстка».
Вызваленьне. «Нібыта мяне зь іншай плянэты выкінулі»
«Калі я выйшла з РАУС, у мяне было адчуваньне, што я бяздомная, у мяне няма нічога ў гэтым горадзе, мяне ніхто не чакае. У мяне няма тэлефона, няма ключоў ад хаты, толькі зялёная торба зь мінімальным наборам рэчаў для выжываньня. Я адчувала, нібыта мяне зь іншай плянэты выкінулі ў чужы горад».
Каманда. «Каманда сваіх не кідае»
«У мяне да каманды няма ніводнай прэтэнзіі. Я разумела, што каманда сваіх не кідае. Я разумела, што пра мяне паклапоцяцца, мне знойдуць адваката, што пра гэта будуць пісаць. Калі рэдакцыя ішла дадому, Лёша [Шота] казаў: „Памахайце на разьвітаньне цётцы Іры“ (турма знаходзіцца ў суседнім будынку з рэдакцыяй парталу Hrodna.life. — РС)».
Журналісты. «Ім трэба дзякаваць, што яны жывыя»
«Я не магу сказаць, што ў нас цяпер зьнізіліся стандарты. Але „душыць“ нікога з калег я зараз ня буду. Усе журналісты цяпер у такім напружаньні працуюць, што ім трэба дзякаваць, што яны жывыя і не баяцца гаварыць, што яны журналісты. Мне здаецца, сёньня трэба да ўсіх ставіцца з клопатам. Я ня буду асуджаць тых, хто хоча ад журналістаў залішняга, але і журналістаў крыўдзіць ня дам».
Журналістыка. «Каб потым хтосьці не сказаў, што гэтага не было»
«Жыцьцё не спыняецца. Журналістыка — гэта люстэрка жыцьця. Мы маем адлюстроўваць плынь жыцьця, фіксаваць, дакумэнтаваць. Каб потым хтосьці не сказаў, што гэтага не было. Зьбіраць факты, правяраць, аддзяляць іх ад меркаваньняў. Крый Божа ад такога сьвету, дзе няма журналістыкі».
Жыцьцё. «Тры дні ў камэры ніхто ня верне»
«Я разумею, што жыцьцё кароткае, што яно можа абарвацца ў любы момант, усё ў цябе могуць забраць; што тры дні ў камэры ніхто ня верне, ніхто ня скажа перад сьмерцю: „Ірына Генадзеўна, касяк выйшаў, пакуль вы ў турме сядзелі. Вось вам яшчэ тры дні, падыхайце сьвежым паветрам, пажывіце“».