У Белым доме абмяркоўваюць стварэнне пляцоўкі для абыходу інтэрнэт-абмежаванняў у Еўропе — Reuters
Адміністрацыя ЗША разглядае запуск партала freedom.gov, які дазволіць карыстальнікам у Еўропе і іншых рэгіёнах абыходзіць дзяржаўныя блакіроўкі, паведамляе BILD са спасылкай на Reuters.

Паводле дадзеных агенцтва, сайт можа ўключаць убудаваны VPN-сэрвіс, які хавае месцазнаходжанне карыстальніка і дазваляе выходзіць у сетку «як з ЗША». Праект пазіцыянуецца ў Вашынгтоне як інструмент барацьбы з цэнзурай.
Партал планавалі прадставіць на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, аднак запуск адклалі, паколькі, паводле інфармацыі крыніц, юрысты папярэдзілі пра магчымыя рызыкі. Пры гэтым дамен freedom.gov ужо актыўны: на старонцы размешчаны слоган «Freedom is coming».
«Лічбавая свабода — гэта прыярытэт для Дзярждэпартамента. Гэта ўключае распаўсюджванне тэхналогій абароны прыватнасці і абыходу цэнзуры праз VPN», — заявілі Reuters у Дзярждэпартаменце ЗША, не канкрэтызуючы магчымасць рэалізацыі праекта.
Ініцыятыва можа абвастрыць спрэчку паміж ЗША і ЕС адносна рэгулявання інтэрнэту. У Еўропе дзейнічаюць больш жорсткія нормы супраць распальвання нянавісці і тэрарыстычнай прапаганды, уключаючы Закон аб лічбавых паслугах ЕС і брытанскі Online Safety Act.
У 2024 годзе толькі ў Германіі было вынесена 482 прадпісанні аб выдаленні тэрарыстычнага кантэнту, у выніку чаго платформы выдалілі 16 771 публікацыю.
@bajmedia