Створаны новы сайт пра «экстрэмістаў» у Беларусі
Група энтузіястаў сабрала разам усю інфармацыю пра разнамасны беларускі «экстрэмізм»: звесткі, што выкладаюцца паасобку на сайце Мінінфармацыі ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў і на сайце МУС у пераліках «экстрэмісцкіх фармаванняў» і асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

Фота: Zulfugar Karimov для Pexels.com
Сайт ekstremisty.xyz мае вельмі простую структуру. Рубрыка «Людзі» — гэта пералік асоб, асуджаных паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў. На сайце Міністэрства ўнутраных справаў ён падзелены на пяць частак, а стваральнікі новага рэсурсу звялі іх у адзіны спіс, які пачынаецца з самых свежых звестак.
Апрача асабістых дадзеных, адразу відаць статус чалавека: ці ён асуджаны да зняволення, ці адбывае так званую «хімію», ці ўвогуле вызвалены ад адказнасці. Калі націснуць на імя і прозвішча канкрэтнай асобы, то ў новай ўкладцы можна прачытаць інфармацыю пра тое, за што чалавек быў асуджаны з пералікам артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Паводле такога самага алгарытму можна карыстацца звесткамі рубрык «Арганізацыі» (пра «экстрэмісцкія» фармаванні) і «Матэрыялы» (пра тое, якія рэсурсы прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй»).
Таксама на сайце ekstremisty.xyz ёсць рубрыка «Статыстыка». Тут візуалізавана, у якія перыяды суды і сілавыя ведамствы «выкрывалі экстрэмізм» найбольш актыўна.
Да прыкладу, папаўненне пераліку асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», дасягнула рэкорднай лічбы ў кастрычніку 2022 года. А прызнанне інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» відавочна актывізавалася ў 2021 годзе, дасягнуўшы пікавых лічбаў у 2024 годзе — тады штомесяц суды прызнавалі «экстрэмісцкімі» больш як па сотні розных старонак у інтэрнэце.
Цяпер звесткі пра «экстрэмістаў» і «экстрэмісцкія матэрыялы» дасяжныя на адным рэсурсе. Дарэчы, сайт беларускамоўны (на «тарашкевіцы»), але ўся інфармацыя пададзена на мове першакрыніц — па-руску.
Стваральнікі сайта паклапаціліся пра бяспеку карыстальнікаў: ён даступны і афлайн, а таксама рэсурс не збірае звесткі ні пра тых, хто на яго заходзіць, ні пра тое, якая менавіта інфармацыя цікавіць таго, хто яе чытае.
Паралельна з сайтам працуе тэлеграм-канал, куды дасылаюцца аўтаматычныя паведамленні, калі ў «экстрэмісцкіх» спісах з’яўляюцца абнаўленні.
@bajmedia