Суд над Сяргеем Няроўным перанеслі на сераду, вінавацяць у экстрэмізме
У Крычаве пачаўся суд над затрыманым у выходныя журналістам Сяргеем Няроўным, якога звінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў
Журналіст у судзе сваю віну не прызнаў і заявіў, што забраная падчас ператрусу ў яго кватэры тэхніка была ўскрытая сілавікамі з парушэннем заканадаўства.
Суд пастанавіў адкласці разгляд адміністрацыйнай справы да 20 кастрычніка, а Сяргея Няроўнага — вызваліць.
Паводле КаАП Няроўнаму пагражае штраф альбо адміністрацыйны арышт. Сяргей Няроўны — былы галоўны рэдактар крычаўскай недзяржаўнай газеты «Вольны горад».
Сяргея Няроўнага затрымалі ў суботу, 16 кастрычніка.
У кватэры журналіста прайшоў вобшук, забралі камп’ютарную тэхніку і склалі на Сяргея адміністратыўны пратакол за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле артыкулу 19.11 КаАП.
Двое сутак да суду журналіст правёў за кратамі.