Суд нада мною доўжыўся менш за хвіліну, — журналіст БелаПАН Аўсеюшкін
Журналіст БелаПАН Ян Аўсеюшкін, які 23 лістапада выйшаў на волю пасьля 15-сутачнага адміністрацыйнага арышту, расказаў пра абставіны свайго затрыманьня і знаходжаньня пад вартай.
Журналіст 8 лістапада асьвятляў у Менску акцыю пратэсту «Марш народаўладзьдзя» і быў затрыманы каля гандлёва-забаўляльнага цэнтру Galleria Minsk.
«Акружыў АМАП, я паказаў пасьведчаньне, але гэта не дапамагло, павялі ў аўтазак. Хтосьці зь іх сказаў: „Штосьці ты занадта важна ідзеш“. Адзін раз ударылі пад дых. У аўтазаку патрабавалі пароль ад тэлефона, пагражаючы зьбіцьцём. Пароль не сказаў, але ня білі. Можна сказаць, пашанцавала. Прывезьлі ў Партызанскі РУУС, склалі пратакол. Ноччу павезьлі ў Жодзіна, прыехалі да 4‑й ці да 6‑й раніцы», — цытуе Аўсеюшкіна агенцтва БелаПАН.
«У сераду, 11 лістапада, адбыўся суд, ён доўжыўся менш за хвіліну. Судзьдзя была з Валожынскага раёну, прозьвішча не запомніў. Спытала, што рабіў на акцыі, адказаў, што працаваў як журналіст. Усё роўна — 15 сутак. 14 лістапада быў этап у Магілёў, везьлі каля 200 чалавек. Там умовы былі лепшыя, але вельмі шмат хворых. Чхаюць, кашляюць. Не ведаю, „карона“ ці не. Я перахварэў каранавірусам некалькі тыдняў таму», — сказаў Аўсеюшкін.