Суд у Латвіі адмяніў рашэнне аб адкліканні ліцэнзіі тэлеканала «Дождж»
Латвійскі акруговы адміністрацыйны суд адмяніў рашэнне Нацыянальнай рады па электронных СМІ (NEPLP) аб пазбаўленні латвійскай ліцэнзіі незалежнага расейскага тэлеканала «Дождж», паведамляе LSM.LV.
«Праз два з паловай гады справядлівасць адноўлена», — заявіў галоўрэд «Дажджу» Ціхан Дзядко. У каментары BBC News ён адзначыў, што, нягледзячы на гэта, рэдакцыя не плануе вяртацца ў Латвію.
«У нас у Нідэрландах пабудавана студыя, мы тут працуем ужо амаль два гады. Але нам было важна адмяніць рашэнне NEPLP аб тым, што мы з’яўляемся пагрозай нацыянальнай бяспецы Латвіі як несправядлівае».
Дзядко дадаў, што тэлеканал разлічвае на тое, што новае рашэнне суда дазволіць яму вярнуцца да свайго гледача ў краінах Балтыі праз кабельныя сеткі.
Са свайго боку, кіраўнік NEPLP Івар Абаліньш заявіў у сацыяльнай сетцы X, што рада мае намер абскардзіць гэтае рашэнне, а больш падрабязныя каментары дасць пасля азнаямлення з ім. «Пры гэтым адменена толькі рашэнне NEPLP, але праграма ў Латвію не вернецца», – дадаў Абаліньш.
Акруговы адміністрацыйны суд — гэта ўжо другая інстанцыя, у якой абскарджваецца рашэнне NEPLP. Суд першай інстанцыі падтрымаў латвійскага рэгулятара.
NEPLP ануляваў ліцэнзію «Дажджу» ў снежні 2022 года пасля скандалу з выказваннямі вядучага Аляксея Карасцялёва аб дапамозе мабілізаваным — латвійскі рэгулятар палічыў іх пагрозай нацыянальнай бяспецы краіны.
Тэлеканал звольніў журналіста, а МУС Латвіі забараніла яму ўезд у краіну. Сам ён заяўляў, што ягоныя словы былі вырваныя з кантэксту.
У студзені «Дождж» атрымаў новы дазвол на еўрапейскае вяшчанне ў Нідэрландах. Яна дазволіла тэлеканалу вяшчаць на ўсёй тэрыторыі ЕС, у тым ліку ў Латвіі. У ліпені 2023 года Генпракуратра РФ абвясціла «латвійскія і нідэрландскія філіялы» тэлеканала «непажаданымі арганізацыямі».
