
Фото: Tara Winstead / pexels.com
Што гаворыцца ў рашэньні суду
Акруговы суд ЗША ў Вашынгтоне ў сваім рашэньні ад 25 сакавіка заявіў, што агенцтва, верагодна, дзейнічала «самавольна і неабгрунтавана» пры спыненьні гранта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і што гэта магло б нанесьці «непапраўную шкоду» вяшчальніку, калі б рашэньне было рэалізавана.
Фэдэральны судзьдзя ЗША Ройс Ламбэрт у 10-старонкавым рашэньні адзначыў, што часовая забарона неабходная, каб спыніць закрыцьцё, паколькі РСЭ/РС прадэманстравала высокую верагоднасьць перамогі ў судзе. Ён падкрэсьліў, што дазвол дзеяньняў з боку USAGM у пытаньні фінансаваньня РСЭ/РС да судовага разгляду мог бы нанесьці «непапраўную шкоду» вяшчальніку, а выдача забароны адпавядае інтарэсам грамадзкасьці.
«Кіраўніцтва USAGM ня можа адным радком без тлумачэньня прымусіць РСЭ/РС закрыцца — нават калі прэзыдэнт сказаў ім гэта зрабіць», — растлумачыў судзьдзя Ламбэрт.
Наступным этапам будзе разгляд хадайніцтва РСЭ/РС супраць USAGM аб выдзяленьні каля 77 мільёнаў даляраў, якія Кангрэс ЗША прызначыў для дзейнасьці кампаніі на рэшту 2025 фінансавага году, які заканчваецца 30 верасьня. Суд, як чакаецца, вынесе рашэньне ў бліжэйшыя тыдні.
Пагроза спыненьня фінансаваньня выклікала хвалю міжнароднай падтрымкі з боку мэдыя-арганізацый, аналітыкаў і абаронцаў дэмакратыі, а таксама аўдыторыі ў 23 краінах, дзе RFE/RL вядзе вяшчаньне.
Ламбэрт таксама адзначыў, што з 1950 года ўрад ЗША падтрымліваў РСЭ/РС як сродак распаўсюджваньня «надзейных, лякальна значных навін для аўдыторыі, якая падвяргаецца камуністычнай прапагандзе».
«Мы цэнім прадуманае і цьвёрдае рашэньне судзьдзі Ламбэрта, якое перашкаджае USAGM ігнараваць волю Кангрэса. Мы разьлічваем далейшым разьвіцьцём справы даказаць, што пазбаўленьне нас сродкаў, выдзеленых Кангрэсам, зьяўляецца неканстытуцыйным, — заявіў прэзыдэнт і генэральны дырэктар РСЭ/РС Стывен Капус пасьля рашэньня суда. — Гэтае рашэньне пасылае моцны сыгнал нашым журналістам ва ўсім сьвеце: іх місія, вызначаная Кангрэсам, вартая і важная, і павінна працягвацца. На працягу 75 гадоў РСЭ/РС была цесна зьвязана з нацыянальнай бясьпекай ЗША, змагаючыся з цэнзурай і прапагандай у найбольш рэпрэсіўных грамадзтвах сьвету».
Давядзецца пажыць без «Свабоды»? Як магчымая ліквідацыя рэдакцыі зменіць беларускі медыяландшафт
Якія прыводзіліся аргумэнты
Паведамленьне аб спыненьні фінансаваньня было выкладзена ў лісьце, падпісаным Кэры Лэйк, якая пазначыла свой тытул як «старшы дарадца выканаўчага дырэктара USAGM з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўчым дырэктарам».
У лісьце сьцьвярджалася, што «грант больш не адпавядае прыярытэтам агенцтва».
Дадатковых тлумачэньняў не было, і судзьдзя Ламбэрт адзначыў, што USAGM не прадставіла ніякіх дадатковых аргумэнтаў падчас слуханьня 24 сакавіка.
«„Тлумачэньне“, дадзенае USAGM, наўрад ці можна назваць тлумачэньнем: гэта быў адзін радок у лісьце аб спыненьні фінансаваньня, у якім сьцьвярджалася, што „грант больш не адпавядае прыярытэтам агенцтва“», — напісаў Ламбэрт у сваім рашэньні.
На слуханьнях 24 сакавіка USAGM заявіла, што распачала «неадкладныя адміністрацыйныя дзеяньні» для пералічэньня 7,46 мільёна даляраў, якіх Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода патрабавала за частку сакавіка, калі кампанія яшчэ працавала да атрыманьня ліста ад Лэйк.
Юрыстка Міністэрства юстыцыі ЗША Абігейл Стоўт, якая прадстаўляла USAGM, таксама сьцьвярджала, што пагадненьне аб гранце паміж USAGM і Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, у адпаведнасьці зь Міжнародным законам аб вяшчаньні, дае агенцтву права спыніць пагадненьне, калі РСЭ/РС не выконвае яго ўмовы.
Ламбэрт заявіў, што патрабаваньне USAGM выкарыстаць гэтыя сродкі толькі для пагашэньня фінансавых абавязацельстваў, а не для працягненьня дзейнасьці, зьяўляецца «функцыянальным эквівалентам іх поўнай страты».
«РСЭ/РС будзе вымушана парушыць дамовы арэнды, скасаваць працоўныя кантракты — гэта значыць зьнішчыць давер, які РСЭ/РС заваявала за дзесяцігодзьдзі — і спыніць усе астатнія апэрацыі», — напісаў ён.
Камэнтар чэскага аналітыка
Іржы Пехе, чэскі палітычны аналітык і дырэктар акадэмічнага цэнтра Нью-Ёркскага ўнівэрсытэта ў Празе, быў адным з тых, хто дапамагаў перанесьці РСЭ/РС з Мюнхэна ў Прагу пасьля падзеньня Жалезнай заслоны.
Пехе быў старэйшым дарадцам тагачаснага прэзыдэнта Вацлава Гаўла, калі былы дысыдэнт і драматург, які стаў палітыкам, адкрыў дарогу для пераезду радыёстанцыі.
«Калі РСЭ/РС зачыніцца, многія людзі ў краінах, дзе яно дзейнічае, больш ня змогуць атрымліваць доступ да альтэрнатыўных навін. Вядома, людзі будуць шукаць падобную інфармацыю ў іншых крыніцах, але РСЭ/РС на дадзены момант адыгрывае важную ролю, даючы альтэрнатыву афіцыйным СМІ», — сказаў Пехе ў інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
«Закрыцьцё RFE/RL таксама будзе мець сымбалічны эфэкт, які пакажа, што Злучаныя Штаты, якія да гэтага часу былі лідэрам свабоднага сьвету, больш не зацікаўленыя ў барацьбе за дэмакратыю і свабоду ў тых краінах, дзе іх няма», — дадаў ён.
Скон тарашкевіцы. Закрыццё «Радыё Свабода» можа завяршыць моўную эпоху
Як пачынаўся суд
Слуханьне пазову, пададзенага Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС) супраць Агенцтва глябальных мэдыя ЗША, «каб пазьбегнуць непапраўнай шкоды» трансьлятару ад спыненьня гранту, ухваленага Кангрэсам, пачалося 24 сакавіка ў судзе ў Вашынгтоне ў Акруговым судзе Злучаных Штатаў для акругі Калюмбія.
У пазове сьцьвярджаецца, што адмова ў доступе да сродкаў, вылучаных Кангрэсам для Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, парушае фэдэральныя законы і Канстытуцыю ЗША, якая дае Кангрэсу найвышэйшую ўладу над фэдэральнымі выдаткамі. Пазоўнік таксама просіць суд выдаць часовую судовую забарону для вызваленьня сродкаў на сакавік, каб абмежаваць нанясеньне шкоды трансьлятару.
«Скасаваньне нашых кантрактаў з фрылансэрамі і выпраўленьне нашых супрацоўнікаў у безаплатны водпуск істотна пашкодзяць нашай здольнасьці даваць навіны без цэнзуры ў 23 краінах, у якіх мы працуем», — заявіў прэзыдэнт і генэральны дырэктар РСЭ/РС Стывэн Капус у заяве ў суд.
Пагроза фінансаваньню трансьлятара выклікала хвалю падтрымкі з боку аўдыторыі на 27 мовах і ў 23 краінах, у якіх ён вяшчае.
Ад Ірану да Беларусі, ад Афганістану да Расеі, ад Пакістану да Ўкраіны чытачы і слухачы падтрымалі журналістаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Палітыкі Эўрапейскага Зьвязу разглядаюць магчымасьць падтрымаць РСЭ/РС.
USAGM — незалежная ўрадавая ўстанова ЗША, якая кантралюе трансьляцыю навін і інфармацыі на амаль 50 мовах прыкладна для 361 мільёна чалавек кожны тыдзень.
Агульны бюджэтны запыт для USAGM на 2025 фінансавы год склаў 950 мільёнаў даляраў для фінансаваньня ўсіх апэрацыяў і капіталаўкладаньняў.
Сюды ўваходзяць такія сродкі масавай інфармацыі, як РСЭ/РС, Голас Амэрыкі, Радыё Свабодная Азія, Офіс трансьляцыі на Кубу (Радыё Марці), Сеткі трансьляцыі на Блізкі Ўсход (MBN) і Фонд адкрытай тэхналёгіі (OTF).
Бюджэтны запыт на 2025 год для Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода склаў каля 153 мільёнаў даляраў, паводле дакумэнтаў USAGM.
Што папярэднічала
14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM).
«На працягу 7 дзён з даты падпісаньня гэтага ўказу кіраўнік кожнай зь пералічаных [у дакумэнце] дзяржаўных установаў павінен падаць дырэктару Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня справаздачу, якая пацьвярджае поўнае выкананьне ўказу, а таксама тлумачыць, якія падразьдзелы ці функцыі гэтай установы прадпісаныя законам і ў якой ступені», — гаварылася ў тэксьце ўказу.
Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу СМІ распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, спынены.
Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як старшая дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара (USAGM) з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара.
Лэйк была намінаваная Трампам на пасаду кіраўніка «Голасу Амерыкі», аднак яе кандыдатуру яшчэ павінен ухваліць Міжнародны кансультатыўны савет па вяшчаньні (IBAB).
- Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода — некамэрцыйная мэдыякарпарацыя, якая распаўсюджвае інфармацыю на розных плятформах для аўдыторыі ў 23 краінах Усходняй, Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі на 27 мовах. Місія карпарацыі — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі ў краінах, дзе свабодная прэса пад пагрозай і навязваецца дэзынфармацыя.