Супраць блогера Сяргея Бяспалава распачатая «спецыяльная вытворчасць»
Інфармацыю пра гэта апублікаваў тэлеграм-канал Следчага камітэта. У канцы паведамлення 32-гадовага блогера запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Следчы камітэт.
«Сёння, у пятніцу 13, я атрымаў «асаблівую ўзнагароду»… Мне заочно прысудзілі 10 крымінальных артыкулаў за маю працу. Гэта, як ні дзіўна, сведчыць не толькі пра рэпрэсіўнасць сістэмы, але і пра тое, што мая праца дасягнула сваёй мэты», — напісаў богер на сваёй старонцы ў Facebook.
Сяргея Бяспалава абвінавачваюць паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса РБ:
- частка 3 артыкула 130 КК (распальванне варожасці);
- артыкул 188 КК (паклёп);
- частка 1 артыкула 293 КК (масавыя беспарадкі);
- частка 1 артыкула 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
- частка 1 артыкула 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады);
- частка 3 артыкула 361 КК (заклікі да санкцый);
- частка 1 артыкула 361–1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім);
- частка 2 артыкула 367 КК (паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
- частка 2 артыкула 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
- артыкул 369–1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
Цяпер блогер знаходзіцца па-за межамі Беларусі, але судовыя працэсы ў парадку «спецыяльнай вытворчасці» праводзяцца ў адсутнасць падсуднага.
Сяргей Бяспалаў — блогер і заснавальнік сеткі паблікаў «Мая краіна Беларусь».
4 лістапада суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» Telegram-канал «BesLive», які вядзе блогер і журналіст Сяргей Бяспалаў. Рэсурс мае больш за дзве з паловай тысячы падпісчыкаў. Рашэнне прызнаць канал «BesLive» «экстрэмісцкім» вынесла суддзя Святлана Сняжко. Ініцыятарам звароту ў суд стала мясцовая пракуратура, а зацікаўленым бокам на судзе выступіла Міністэрства інфармацыі Беларусі.
У гэты самы дзень два гады таму, 14 лістапада 2022 года, з’явіліся звесткі пра прызнанне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» асабістага YouTube-канала Сяргея Бяспалава і яго Telegram-канала «BesLive». Тады гэта адбылося з ініцыятывы пракуратуры горада Мінска.
Раней — у чэрвені 2022 года — Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абвясціла «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» Telegram-каналы «Сергей Беспалов», «Мая Краіна Беларусь» и «Усы Лукашенко», да якіх меў дачыненне блогер.