«Падумаў, што і мяне гэта чакае». Сусед памерлага блогера Уладзіміра Усера зняўся ў прапагандысцкім фільме
Беларускі дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1» паказаў фільм «Пабег дадому», прэзентаваны як «эксклюзіўнае расследаванне Ксеніі Лебедзевай пра загадкавую смерць 70-гадовага Уладзіміра Усера — былога журналіста з Бабруйска».

Анатоль Вайцяхоўскі и Ксенія Лебедзева. Скрыншот прапагандыстскага фільма. Крыніца: Telegram-канал выдання «Наша Ніва»
Уладзімір Усер — бабруйскі блогер, памёр у Беластоку 6 снежня. Апошнія дні перад смерцю ён жыў у шэлтары «Caritas». Як распавядалі людзі, якія камунікавалі з ім, ён моцна хварэў, у тым ліку на цукровы дыябет, і амаль не лячыўся.
У лістападзе 2025 года Уладзімір быў затрыманы польскімі спецслужбамі па падазрэнні ў шпіянажы. Суд абраў у якасці меры стрымання забарону на выезд з краіны, аднак пад варту бабруйца браць не сталі праз стан яго здароўя, а адправілі ў лякарню.
Да затрымання Усер дзяліў у Беластоку кватэру з прадпрымальнікам, а ў мінулым — заснавальнікам баранавіцкай газеты «Шаг» Анатолем Вайцяхоўскім, які і стаў галоўным героем прапагандысцкага фільма.
Для тэлеканала «Беларусь 1» Вайцяхоўскі распавядае пра тое, у якіх нібыта жахлівых умовах жыў Уладзімір, як яго ўсе кінулі, і як ён, Анатоль, спужаўся, што яго чакае такі ж лёс.
На пачатку студзеня знаёмыя Анатоля Вайцяхоўскага ў Беластоку забілі трывогу — мужчына знік, не выйшаў на працу ў таксі, перастаў адказваць на званкі. Неўзабаве стала вядома, што ён у Беларусі: «Наша Ніва» дазванілася да жонкі Вайцяхоўскага, а потым слухаўку ўзяў і ён сам.

Уладзімір Усер. Фота: з асабістага архіва
Як даводзяць у фільме, Анатоля Вайцяхоўскага сустракала на мяжы супрацоўніца дзяржаўнай прапаганды Ксенія Лебедзева. Мужчына прызнаўся, што шчаслівы апынуцца ў Беларусі, бо баяўся, што ў Польшчы яго заключаць пад варту, чаго ён не вытрымае, і з ім здарыцца тое ж самае, што з Уладзімірам.
«Ён мне распавядаў — прыйшоў пракурор і смяецца: маўляў, за што мяне затрымалі, які шпіён, я ж хадзіць не магу <…>. Калі я пачуў, што такое абвінавачанне прад’яўляюць Уладзіміру, я падумаў, што і мяне гэта чакае, таму я і знаходжуся цяпер тут.
<…> Калі нас апытвалі, мне паставілі ўльтыматум — ты ці супрацоўнічаеш з намі, ці цябе чакае такі ж лёс, як і Уладзіміра. Я пагадзіўся, што дазволіла мне пакінуць Рэспубліку Польшча бесперашкодна. Калі б я гэтага не зрабіў, я б не змог і выехаць», — сказаў Вайцяхоўскі Лебедзевай і дадаў, што ехаць яму было страшна, а асабліва ён перажываў на пашпартным кантролі.
Анатоль Вайцяхоўскі яшчэ раз распавёў пра кепскі стан здароўя Уладзіміра, што той ледзь хадзіў, падаў, губляў прытомнасць, трапляў у лякарні, за што атрымліваў рахункі на вялізныя сумы. Грошай жа ў Усера не было зусім. Са слоў Анатоля, ён еў двойчы ў дзень, не ўжываў мяса, гародніны, бо не было за што іх набыць.
Былы баранавіцкі прадпрымальнік сцвярджае, што Уладзіміра затрымлівалі жорстка — білі, скінулі з канапы, крычалі на яго, а ён нічога не мог растлумачыць, бо не ведаў польскай мовы. Тады для яго выклікалі перакладчыка.
У фільме паказваюцца дакументы нібыта з крымінальнай справы, заведзенай супраць Уладзіміра, сцвярджаецца, што гэта арыгіналы, і што аўтары стужкі мелі магчымасць з імі азнаёміцца. Агулам у справе нібыта 70 аркушаў.
Лебедзева таксама кажа, што аўтары відэа рабілі здымкі і ў лякарні, дзе знаходзіўся Усер, і ў моргу, куды даставілі ягонае цела. Таксама ў рукі аўтараў фільма, паводле слоў прапагандысткі, меліся трапіць эпікрыз з лякарні, дзе ляжаў Усер, і выпісаныя яму рэцэпты. На відэа з’яўляюцца і кадры з кватэры, дзе жыў блогер.
Знаёмыя Усера распавядаюць, што маюць цалкам абгрунтаваныя падазрэнні, што дакументы, якія з’явіліся ў фільме «Беларусь 1», у прыватнасці, медычны эпікрыз, мог вывесці з Польшчы як раз Анатоль Вайцяхоўскі. Толькі ён меў доступ да іх. Яго прасілі іх аддаць, але ён так гэтага і не зрабіў.
У фільме распавядаецца, што ў кастрычніку 2025 года Уладзімір Усер пісаў прашэнне ў камісію аб вяртанні, у якім распавядаў, як моцна хацеў дамоў, і што Беларусь — найлепшая краіна. Заява была нібыта разгледжаная пазітыўна, аднак ён пра гэта так і не даведаўся.

Ксенія Лебедзева. Скрыншот прапагандыстскага фільма
Напрыканцы 25-хвіліннага відэа паведамляецца, што Уладзіміра Усера дагэтуль не пахавалі: пракуратура не аддае ягонае цела, аднак не ўдакладняецца, якая менавіта і з якіх прычын.
У снежні БАЖ распавядаў, што журналіст, рэдактар DzikMedia Алесь Ляўчук атрымаў у Telegram паведамленне з прапановай падзарабіць — зняць на відэа шэлтар у польскім горадзе Беласток.
Паведамленне прыйшло ад акаўнта пад імем «Артур» без нейкай дадатковай інфармацыі ў профілі — не было ні нумара тэлефона, ні іншых дадзеных. Алесю прапаноўвалі 100 еўра за відэа.
«Я пачаў задумвацца. Справа ў тым, што ў Беластоку няма ніякага шэлтара. Мяркую, гэта гэбісты, гэта іхні стыль. Яны не ведаюць, як працуюць журналісты, не высвятляюць дэталяў, не ведаюць, што ў Беластоку нават няма такога аб’екта. Мяркую, яны капаюць пад Уладзіміра Усера, які надоечы памёр у цэнтры для бяздомных ад Caritas. Не выключаю, што яны хочуць зрабіць сюжэт пра тое, як Польшча давяла чалавека да смерці», — разважаў тады Ляўчук.
Паведамленні ад невядомых з просьбай сказаць «некалькі добрых слоў» пра Уладзіміра Усера — «актывіста і палітвязня», атрымлівалі таксама іншыя беларусы. Відавочна, што паведамленне пісаў чалавек, не моцна знаёмы з гісторыяй жыцця Уладзіміра, які не меў статусу палітвязня, бо не сядзеў у турме ў Беларусі, а паспеў выехаць за мяжу, калі на яго завялі крымінальныя справы. Ён памёр 6 снежня ў Беластоку.
@bajmedia