У Беластоку прайшла перадкалядная сустрэча беларускіх журналістаў
У Беластоку ў хабе «Новая Зямля» прайшла традыцыйная перадкалядная сустрэча журналістаў з Беларусі, якія зараз жывуць і працуюць у сталіцы Падляшша пасля выезду з Радзімы.

Галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота. Фота: Hrodna.life
Такая сустрэча адбываецца ўжо трэці год запар, падчас якой калегі падвялі вынікі адыходзячага году ў сваёй працы, падзяліліся дасягненнямі ды ўзаемнымі святочнымі падарункамі.
Гаворыць адна з арганізатарак гэтых сустрэч – Зоя Хруцкая:
– Добры момант каб сабрацца, пабачыцца з калегамі, якія працуюць у вельмі розных месцах, а ў цяперашніх умовах мы не так часта можам перасякацца дзесьці, таму што мы працуем пераважна асобна, дзе не так шмат камунікацый з калегамі, і таму кожная магчымасць пабачыцца, пачуць што ў каго адбываецца, хто чым жыве, што для каго важнае, што ў каго адбылося – яна сапраўды каштоўная.
Рэдактар рэсурса Hrodna.life Аляксей Шота, які зладзіў адукацыйны блок сустрэчы, адзначае, што 2025 год, які абяцаў быць цяжкім для беларускіх сродкаў масавай інфармацыі у выгнанні, быў пераадолены з мінімальнымі стратамі, а дзесьці нават і з набыткамі.
– Агулам для ўсяго беларускага медыясектара, для беларускай медыясупольнасці год прайшоў усё ж такі лягчэй, чым чакалася, таму што пачатак году быў алярмісцкі, і ў гэтых складаных умовах з мінімальнымі стратамі, я лічу, уся супольнасць прайшла яго. І многія нарасцілі аўдыторыі на розных платформах, былі эксперыменты, новыя прадукты. Былі і страты, але агулам, у тых складаных умовах, якія былі, мы вельмі годна працавалі.
У Беластоку нароўні з Варшавай ды Вільняй паўнавартасна дзейнічаюць некалькі рэдакцыяў беларускіх СМІ ды яшчэ дзясяткі журналістаў, якія паасобку супрацоўнічаюць з іншымі незалежнымі беларускімі сродкамі масавай інфармацыі.
Cлухаць цалкам:
@bajmedia