• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вольга Такарчук: Для мяне не існуе канкурэнцыі ў беларускай блогасферы

    У сярэдзіне студзеня каманда канала «Краіна для жыцця» перазапусціла сваё шоу «Вечаровы кефір» на новым канале. Блогерка Вольга Такарчук у вялікім інтэрв’ю БАЖ распавядае пра новы фармат, першы месяц працы і выклікі для беларускай блогасферы ў цэлым.

    volha takarchuk 01

    Вольга Такарчук. Фота Яўгена Ерчака

    Раней праграма «Вечаровы кефір» выходзіла на канале Сяргея Ціханоўскага, але восенню 2025 года канал фактычна спыніў сваю працу з прычыны фінансавых праблем і канфлікту ў камандзе з уладальнікам.

    «Вечаровы кефір» — незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае шоу пра жыццё і падзеі ў Беларусі без прапаганды. Кожны тыдзень — навіны рэгіёнаў, сацыяльныя і культурныя тэмы, медыя і трэнды ў лёгкай, іранічнай форме. Вядоўцы: Вольга Такарчук і Яўген Салянкоў», — гаворыцца ў апісанні новага канала.

    «Стартавалі някепска»

    — Вольга, нешта адрознівае шоу ад ранейшага фармату ці гэта проста пераезд на сваю, асобную пляцоўку?

    — «Вечаровы кефір» быў проста адной з перадач на канале «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага, цяпер гэта асобны YouTube-канал. Раней мы выходзілі двойчы на месяц, цяпер стараемся рабіць тры–чатыры выпускі на тыдзень.

    Фармат змяніўся: калі раней гэта была падборка навін, пададзеных з сатырай, то цяпер гэта больш — абмеркаванне навін. Мы выказваем свой пункт гледжання на пэўныя сітуацыі, акрамя таго, пачалі запрашаць у студыю розных гасцей, з якімі абмяркоўваем актуальныя тэмы і падзеі ў Беларусі — ад эканомікі да палітыкі.

    Зараз у нас ёсць навінавыя выпускі, асобныя перадачы з гасцямі, інтэрв’ю, бывае, што робім устаўкі з гасцямі і для аглядаў навін — то-бок камбінуем фарматы. Раней выходзілі ў нядзелю ўвечары, цяпер выбралі вечары з серады да нядзелі.

    — Што яшчэ чакае гледачоў?

    — Магчымыя змены па меры развіцця праекта, мы разглядаем розныя варыянты. Але з улікам таго, што толькі стартавалі, нам спачатку трэба набраць хаця б тысячу падпісчыкаў (на момант размовы ў канала было больш за 800 падпісчыкаў. — БАЖ), бо пасля тысячы YouTube адкрывае дадатковыя функцыі, напрыклад, магчымасць рабіць прамыя трансляцыі і іншыя «плюшкі». Паглядзім, як будзе атрымлівацца, мяркую, што стартавалі мы вельмі нядрэнна. Яшчэ не было першага выпуску, а на нас ужо падпісалася каля 250 чалавек.

    Я са сваім асабістым каналам «Оля Токарчук» праходзіла ўсё гэта вельмі хутка ў 2020 годзе, тады, як кажуць, і палка страляла — дастаткова было сказаць: «Прывітанне, я з Беларусі», і на цябе падпісваліся тысячамі.

    Вольга Такарчук. Фота Яўгена Ерчака

    Дзякуй гледачам, якія нас глядзяць і падтрымліваюць. Калі «Кефір» скончыўся на канале «Краіна для жыцця», мне шмат пісалі, пыталіся, ці будзем мы, ці выйдзем мы? Вось і выйшлі 14 студзеня, адразу пасля навагодніх канікул запусцілі ўсё з нуля. Вядома, складана, але пакуль, здаецца, усё атрымліваецца — уся папярэдняя каманда перайшла ў гэты новы праект.

    — Вялікая каманда?

    — Каманда вельмі класная, мы, хутчэй, ужо добрыя прыяцелі. Нам камфортна разам, мы разумеем адно аднаго з паўслова. Нам з Жэнем Салянковым дастаткова аднаго позірку, каб зразумець, дзе каго трэба падмяніць, калі не ведаеш, што сказаць, як адказаць або якое пытанне задаць. У нас супадае пачуццё гумару, і я вельмі шмат у яго вучуся: у Жэні імгненная рэакцыя ў студыі, ён вялікі малайчына. Спадзяюся, і яму са мной лёгка працаваць. Я ўсцешаная, што мы, не страціўшы нікога, выйшлі на новую платформу.

    А ўвогуле каманда невялікая: двое вядоўцаў, аператар, мантажор, рэжысёр, дызайнер.

    — Пасля набору пэўнай колькасці падпісчыкаў адкрываюцца магчымасці манетызацыі кантэнту?

    — Шчыра кажучы, калі цябе глядзяць пераважна беларусы ў Беларусі, гэта вельмі малая манетызацыя, на ёй шмат не заробіш.

    Вольга Такарчук. Фота Яўгена Ерчака

    «Наша аўдыторыя — у Беларусі»

    — А глядзяць беларусы ў Беларусі?

    — Той «Кефір» на канале «Краіна для жыцця» глядзелі ў асноўным беларусы ў Беларусі. У новым праекце мы толькі набіраем аўдыторыю.

    Але, як правіла, калі абапірацца на веды ад іншых блогераў, праекты для беларускай аўдыторыі маюць 70–80% гледачоў менавіта з Беларусі. На маім асабістым канале, напрыклад, 80% — гэта гледачы ў Беларусі.

    — І гэта пры тым, што ён прызнаны «экстрэмісцкім»?

    — Усё прызнана, канешне. Новы «Вечаровы кефір» за гэтыя няпоўныя чатыры тыдні яшчэ не паспелі, здаецца, прызнаць такім, але ўсё наперадзе, я не маю ілюзій: рана ці позна ўсе мы там будзем, як кажуць.

    Вольга Такарчук. Фота Яўгена Ерчака

    — Як вы рыхтуецеся да выпуску: ёсць жорсткія сцэнары ці пакідаеце месца для імправізацыі?

    — У нас ёсць рэжысёр, які складае пэўны план выпуску ў залежнасці ад цікавых, важных, яскравых, вострых, «гарачых» тэм. Так фармуюцца і навінавыя выпускі.

    Пад гэтыя навіны падбіраецца спікер, для якога складаецца асобны спіс пытанняў, бо любы госць, як правіла, хоча і павінен ведаць, пра што мы з ім будзем размаўляць, — і мы ідзем паводле гэтага спіса. Але, канешне, застаецца і поле для імправізацыі. У нас дакладна няма такога, каб, як зомбі, ісці па плане «раз-два-тры». Мы можам нейкія тэмы змяняць, нейкія свае навіны дадаваць, а ад чагосьці адмаўляцца, калі яно «не пайшло» ці яшчэ нешта.

    Бывае, зацягваем тэму, бо яна нам падаецца важнай або вясёлай, і на іншыя не застаецца часу. У любым выпадку можна запісвацца хоць увесь дзень, але пасля мантажу застанецца 30–40 хвілін — увагу гледача трэба ўлічваць. Няма сэнсу рабіць выпускі даўжэйшымі. Але ўвогуле, так, імправізацыя прысутнічае пастаянна.

    Вось, напрыклад, апошні выпуск мы запісвалі з Мікалаем Халезіным: з дзесяці пытанняў нашага спіса мы агучылі толькі першае, а далей гэта была проста гадзінная гутарка, у якой з адказу само ўзнікае наступнае пытанне — і панеслася. Людзям, як мне здаецца, прасцей размаўляць, калі гэта не сухі фармат «пытанне — адказ», а жывая, эмацыйная гутарка.

    — Вяртаючыся да матэрыяльнага: калі манетызацыя нязначная, то як тады і што?

    — Глядзіце, мой канал і «Вечаровы кефір» — гэта абсалютна два розныя праекты. Свой канал я вяду сама. Мой сябар часам дапамагае з тэмамі, робіць вокладку, піша тэкст, каб алгарытмы YouTube гэта ўбачылі і «падхапілі». Я сама, прызнаюся, не ўмею гэтага рабіць.

    Я сама сябе здымаю на тэлефон, сама прыдумляю, што казаць, у мяне няма дакладных сцэнароў — усё ідзе ад душы, я кажу тое, што думаю. Сама мантую і выпускаю. Зараз у мяне з’явілася і рубрыка «Інтэрв’ю», дзе я ў вольнай манеры размаўляю з гасцямі на важныя тэмы. Спрабавала і прамыя трансляцыі, думаю, што паступова трэба ўводзіць жывыя эфіры на сваім канале, але пакуль мне гэта складана — патрэбны мадэратар, і трэба тэхнічна разабрацца.

    Манетызацыя YouTube-канала, на якім 80% гледачоў з Беларусі, — гэта мінімальны даход. Галоўнае — падтрымка гледачоў данатамі праз Patre­on, Pay­Pal, Buy Cof­fee. Калі гледачам падабаецца мая праца, многія данацяць — цяпер гэта нармальна і натуральна, бо блогеры не лічацца СМІ, і нам, як правіла, вельмі цяжка знайсці нейкую падтрымку або грант. Таму кожны блогер выжывае як можа. Да «Кефіру» я жыла менавіта на тое, што прыходзіла на мой канал у выглядзе данатаў.

    З «Вечаровым кефірам» усё інакш. Гэта — праца і праца цэлай каманды. У канала ёсць бюджэт, знайшліся людзі, якія гатовыя першы час падтрымліваць нас у нашых пачынаннях.

    «Гэта не пра канкурэнцыю»

    — Хто, на вашую думку, галоўныя канкурэнты ў эфіры?

    — Я гляджу на гэта так: у кожнага свая ніша, у кожнага свая аўдыторыя. Шчыра кажучы, я ўвогуле супраць любой канкурэнцыі — мы ўсе тут змагаемся за адну агульную справу, усе працуем супраць рэжыму. Мы паказваем беларусам ягоную хлусню, расказваем, як іх абдзіраюць, як прапаганда дурманіць. Мы запрашаем гасцей, каб яны простай, даступнай мовай тлумачылі складанае — напрыклад, у эканоміцы. Вось прыходзіць да нас Аляксандр Кныровіч і па палічках раскладае чарговы эканамічны сюжэт — сядзіш і думаеш: вось яно як.

    Для мяне асабіста ў гэтай сферы няма канкурэнцыі. Мы ўсе ў сваёй нішы, у нас свае гледачы, якія нас любяць, пры гэтым гэтыя гледачы часта агульныя для многіх блогераў.

    На сваім канале я перыядычна напрыканцы выпуску распавядаю пра новыя беларускія YouTube-каналы, аўтараў, блогераў, а таксама пра беларускія мерапрыемствы, канцэрты, фестывалі. Гэта ж відавочна не пра канкурэнцыю — гэта, наадварот, каб людзі ведалі, што ў нас шмат беларусаў, якія хочуць і стараюцца нешта рабіць.

    Мы, канешне, не полк Каліноўскага, які ваюе ва Украіне, але ў нас вось такі свой фронт. На якім часта сутыкаешся не толькі з ботамі і тролямі рэжыму, але, асабліва апошнім часам, атрымліваеш і ад, здавалася б, сваіх. Таму праца — так, але не канкурэнцыя.

    — Як са зваротнай сувяззю?

    — На «Вечаровым кефіры» каментары мадэрую не я, я магу зайсці і паглядзець рэакцыі як звычайны глядач. Мяркую, мадэратары не выдаляюць каментары.

    Калі браць мой YouTube-канал, раней я наогул не выдаляла ніякіх каментароў, але цяпер, па парадзе спецыялістаў, выдаляю самыя абразлівыя, дзе ўжо проста пераходзяць на асобы. Астатнія — і пазітыўныя, і негатыўныя — пакідаю, стараюся адказваць усім: і добразычлівым, і нядабразычлівым. Магу і паспрачацца з адэкватнымі крытыкамі.

    Да таго ж, калі ўжо ёсць такі досвед, з’яўляецца, як кажуць, скура маманта, якую боты ўжо не прабіваюць. Тым больш ботаў вельмі добра відаць. Я, шчыра кажучы, люблю пачытаць дыскусіі маіх падпісчыкаў з ботамі — бываюць вельмі смешныя рэчы, усе ж людзі з гумарам, часам вельмі весела адказваюць. Ды няхай пішуць усе: любы каментар дапамагае ў прасоўванні відэа, антырэклама — гэта таксама рэклама.

    Вольга Такарчук. Фота Яўгена Ерчака

    «У нас не так шмат жанчын-блогерак. Для мяне гэтая ніша вельмі важная»

    — Свой асабісты канал развіваеце ці часу не застаецца з улікам старту новага праекта і больш частага графіку?

    — Мой асабісты канал — гэта тое, што заўсёды са мной. У яго не можа быць пераезду, разладу, крызісу і г. д.

    Гэта маё яшчэ адно дзіця, я так да яго стаўлюся. Я стварыла канал з нуля, абсалютна выпадкова, але ўклала ў яго шмат сіл. Ён прайшоў са мной наш 2020 год, мае затрыманні, адсідку. Увесь час, пакуль я сядзела і потым, калі мне трэба было маўчаць у Беларусі, людзі заставаліся на маім канале. На момант яго перазапуску ў мяне было 19 тысяч падпісчыкаў (на момант затрымання — амаль 38 тысяч). Гэта людзі, якія засталіся нягледзячы ні на што. Таму, вядома, я вельмі дбаю пра свой канал, хачу, каб ён быў — тым больш, што ў нас не так шмат жанчын-блогерак. Для мяне гэтая ніша вельмі важная.

    Акрамя таго, гэтыя два праекты маюць розныя фарматы. Мой канал, акрамя навін і падзей, — гэта больш пра эмоцыі, пра размову з людзьмі. Большасць падпісчыкаў у Беларусі, у іх падобныя да маіх эмоцыі і думкі, але там яны не могуць выказвацца, затое могуць чуць мяне, якая, як мне здаецца, агучвае блізкае ім. Я стараюся вельмі шчыра, вельмі сумленна расказваць людзям пра тое, што я думаю, як я адчуваю, як рэагую на пэўныя падзеі.

    «Досвед навучання ў БАЖ — бясцэнны»

    — Увосень вы скончылі курсы БАЖ «Журфак па суботах». Гэта неяк паўплывала на вашу працу?

    — Ну, калі я іду на працяг — на курсы інтэрв’ю, — значыць, паўплывала.

    «Журфак па суботах» сапраўды дапамог мне як аўтару. Напрыклад, фактчэкінг: раней я не надавала гэтаму значэння, не задумвалася, наколькі дакладна я кажу пра нешта. Аказалася, факты трэба пераправяраць, і калі няма стопрацэнтнага пацверджання, трэба пазначаць, што гэта не факт, а дапушчэнне — каб не ўводзіць у зман, не будаваць псеўдатэорый і г. д.

    Таксама я стала значна смялейшай у камунікацыі, зразумела, як гэта ўсё будуецца. Я пачала браць інтэрв’ю, чаго раней вельмі баялася. Памятаю, адна з маіх дыпломных прац была інтэрв’ю з Дзянісам Дудзінскім — я баялася, ноч не спала, так перажывала. Цяпер жа для мяне пагаварыць з кімсьці, патэлефанаваць, запрасіць у студыю — абсалютна лёгка, ёсць лайфхакі, якія дапамагаюць выходзіць са складаных сітуацый.

    Тое, што раней у мяне складвалася інтуітыўна пры пабудове сваіх праграм, цяпер я стала бачыць як структуру.

    Канешне, у гэтым плане асабіста для мяне досвед навучання ў БАЖ — бясцэнны. Я ж ніколі не займалася гэтым прафесійна: усё жыццё я была дызайнеркай, а блогерства, журналістыка, відэа, тэксты былі вельмі далёка. Я магла нешта пісаць проста таму, што хацела, а цяпер стаўлюся да гэтага інакш. Я прыйшла на курсы, у адрозненне ад многіх, без усялякага бэкграўнду, поўным нулём. І гэты мой чысты аркуш паперы за два гады курсаў БАЖ напоўніў бясцэннай для мяне інфармацыяй.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці