This Minsk Media: «Мы не спаборнічаем у хуткасці навін — мы шукаем глыбіню»
У гутарцы з БАЖ рэдактарка This Minsk Media Маргарыта Прохарчык і кіраўнік медыя Яўген Малахоўскі распавядаюць пра поспех у відэанапрамку, новыя праекты і дзеляцца досведам працы нішавага медыя з мільённымі праглядамі.

Калаж: Yaraslau
Нядаўна This Minsk Media запусцілі на YouTube дакументальны цыкл «Адлік», прысвечаны найноўшай гісторыі Беларусі. На сёння ўжо выйшла пяць выпускаў. Кожны з іх прысвечаны асобнай з’яве альбо падзеі з нядаўняга мінулага нашай краіны.
«Яны выходзяць штомесяц на беларускай і рускай мовах, часам часцей, — кажа Маргарыта Прохарчык. — У відэа распавядаем пра даты і падзеі ад канца 80‑х да пачатку нулявых: што ўплывала, якія з’явы былі знакавымі для станаўлення Беларусі».
Праект робіцца невялікай камандай. Рэдактарка зазначае, што выпускі грунтуюцца на архіўных матэрыялах, на сведчаннях удзельнікаў падзей і экспертных каментарах:
«Можам сказаць, што мы да кожнага выпуску вельмі глыбока рыхтуемся. На кожны выпуск — свае эксперты. У нашых выпусках бралі ўдзел беларускі эканаміст, экс-кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук (выпуск пра пачатак прадпрымальніцтва); арганізатар «Чарнобыльскіх шляхоў» Вячаслаў Сіўчык (выпуск пра Чарнобыльскую катастрофу), музыка Аляксандр Памідораў (удзельнік падзей 1991 года)».

Вядоўца «Адліку» Сяргей. Здымак экрана
«То-бок для кожнага выпуску мы таксама працуем з гісторыкамі і архівамі. А ў цэнтры ўвагі — генезіс, падзея або з’явы, якія паўплывалі на развіццё краіны. Таксама бяром малавядомыя эпізоды, без якіх немагчыма зразумець гістарычны кантэкст. Мы мэтанакіравана шукаем гісторыі, факты, якія рэдка трапляюць у шырокі медыйны дыскурс», — падкрэслівае Маргарыта.
На думку кіраўніка This Minsk Media Яўгена Малахоўскага, гэта ўнікальны праект для беларускага YouTube: «Наша мэта — дакументальны цыкл з далёкім разлікам, каб калі людзі прыйдуць глядзець праз год-два-пяць, гэтыя відэа заставаліся актуальнымі».

Вокладка выпуску з цыклу «Адлік»
А што са зваротнай сувяззю? Яўген Малахоўскі мяркуе,што пакуль рана гаварыць пра гэта.
«Тут усё залежыць ад некаторых дат. Напрыклад, мы здымалі пра жнівень 1991-га, пра Чарнобыль, але выпускі выходзілі не пад гадавіну той ці іншай падзеі. Думаю, ролікі будуць найбольш актуальныя менавіта ў даты Х. Можна сказаць, яны рабіліся пад перспектыву. Нават не было мэты набраць шмат праглядаў на пачатку, то-бок прагляды растуць, але не так шмат, як хацелася б, але яны будуць».
Зараз у самай папулярнай праграмы з цыкла 8,7 тысяч праглядаў. Відэа пра Чарнобыль набрало 5,5 тысяч праглядаў.
«І гэта ўсё арганіка — без платнага прасоўвання, — заўважае Маргарыта Прохарчык. — Зноў жа, тэмы разлічаны на доўгую гульню, мы тэстуем розныя пляцоўкі, каб пашыраць аўдыторыю. Скарыстоўваем інфанагоды, напрыклад, пад 26 красавіка зноў думаем падаць інфармацыю пра Чарнобыль».
На іншых пляцоўках — іншыя фарматы і кантэнт
Рэдакцыя не забываецца і на звыклы ім кароткі відэафармат, прасоўваючы розныя цікавосткі.
«Я таксама працую таксама з архівамі — гэта, напрыклад, беларуская лаянка, рэдкія палесскія словы, увогуле, рэдкія беларускія словы, пра якія могуць нават не ўсе беларусы ведаць, — распавядае спадарыня Маргарыта. — Мы робім іх у адукацыйных мэтах, але не ў акадэмічным сэнсе, а праз забаўляльны фармат: гэта простая сучасная мова, недзе жарты, недзе размова з аўдыторыяй на яе мове. Вось такая лёгкая адукацыя — без складанасцяў, без акадэмізму. Гэтыя ролікі ў нас выходзяць на розных пляцоўках — Instagram, TikTok, Facebook».

Што да ахопаў, то многія кароткія відэа збіраюць вельмі добрыя лічбы. У Instagram яны часам выстрэльваюць на больш чым 500 000 праглядаў. За ўвесь час існавання праекту было і некалькі ролікаў, якія ўзялі мільён, і нават два мільёны праглядаў.
Ці ёсць сэнс рабіць серыі?
«Калі мы кажам пра алгарытмы TikTok альбо Instagram, то яны працуюць зараз так, што калі чалавек глядзіць відэа да канца, то ёсць вельмі вялікая верагоднасць, што другі ролік на гэтую ж тэму будзе прапанаваны сеткай.
То-бок калі мы робім ролік пра беларускую лаянку і глядач яму паставіў лайк, то 90% верагоднасць таго, што яму наступным разам патрапіцца новы ролік з гэтай жа серыі.
Алгарытміка зараз працуе такім чынам, што калі ты цікавішся тэмай і ўзаемадзейнічаеш з відэа, то потым яны трапляюцца зноў, TikTok і YouTube зараз так працуюць», — тлумачыць Яўген Малахоўскі.

Яўген Малахоўскі. Фота з сацсетак
Візуальная падача
Рэдакцыя распавядае, што пад розныя фарматы яны распрацоўваюць розны візуал.
«Адлік», які на YouTube, узмацняецца вядоўцам, бо інфармацыя часам складаная, яе трэба прагаварыць перад камерай. Гэта базавыя правілы ў журналістыцы, калі чалавек у кадры павінен быць пэўную колькасць секунд, а потым павінна быць перабіўка, каб лепей аўдыторыя прымала інфармацыю.
Увогуле, фармат кароткіх відэа і даўгіх — зусім розныя падыходы, — тлумачыць Маргарыта Прохарчык. — Мы пачалі заўважаць, ізноў жа, што алгарытмы мяняюцца — часам і ў кароткіх відэа на 30 секунд чалавек ў кадры стамляе аўдыторыю. Карыстальнікі TikTok — гэта маладая аўдыторя, якую стамляюць аднолькавыя кадры і сцэны».
Беларуская мова як рухавік відэаролікаў
Яўген Малахоўскі заўважае, што на колькасць праглядаў можа ўплываць мноства фактараў:
«У TikTok, YouTube, Shorts, Instagram і Facebook у розныя месяцы набіралі ад 1,5 да 5 мільёнаў праглядаў — тут усё залежала ад падзеі, ад цікавасці. Ёсць месяцы, якія ўвогуле працуюць так сабе, а бываюць вельмі вялікія ахопы. І шмат што залежыць ад падзей і цікавасці да гэтых падзей.
Напрыклад, быў час калі адзначалі надзвычайны рост ахопаў прадукту на беларускай мове. Зараз ахопы на беларускай падаюць. То-бок спачатку вялікая цікавасць, а потым ужо спад, стабільная цікавасць».

Вокладка выпуску з цыклу «Адлік»
Гэты надзвычайны рост цікавасці да відэа па-беларуску адбыўся ў 2022 годзе, калі пачалася вайна.
«Як мне падаецца, шмат беларусаў хацелі такім чынам паказваць, што яны —беларусы, што яны — не расіяне, хацелі так сябе адрозніць.
Так, рост быў з 2020-га, і ў 2021‑м, але 2022 год — гэта быў пік, — распавядае Яўген Малахоўскі. — Зараз жа гэта ўжо не эмоцыі. Ды і беларускай мовай хіба ўжо не здзівіш нікога — вельмі шмат кантэнту на ёй. І было вельмі важна паказаць тады, калі пачыналася вайна, што беларусы не на баку Расіі, што мы — асобная нацыя, што ёсць асобная мова, культура, блізкая і зразумелая ўкраінцам. Здаецца, у беларусаў гэта атрымалася у той момант. Наш праект таксама ўсё гэта рабіў, у нас была тая ж мэта — паказаць, распавесці, данесці».
Розныя пляцоўкі — розныя запыты
Рэдакцыю радуюць розныя пляцоўкі. Але, як кажа Яўген, па-рознаму:
«Адзначу Facebook, бо шмат чаго трапляе ў рэкамендацыі і шмат навін там у нас набірае па 500 000, па мільёну праглядаў. Мы робім разборы, то-бок мы не проста выпускаем навіну як такую, мы яе разбіраем, аналізуем, паказваем, што і як.
Facebook і Telegram — больш для невялікага аналізу. Instagram — гэта распавядзі і пакажы мне, чаму так? TikTok — асобная тэма. Тут вельмі складана выбраць адну сацсетку, у нас, дарэчы, шмат пыталіся, якая ваша сацсетка самая галоўная. Але ў нас яе няма, бо мы працуем у розных і стараемся адаптаваць кантэнт пад кожную».
Ці магчыма зарабляць?
Маргарыта кажа, што на Facebook яны яшчэ ўвосень 2025-га падключылі манетызацыю:
«Публікацыі зарабляюць грошы. Невялікія, але ўсё ж. Не заўжды, не вельмі зразумела, як гэта працуе, але часам бывае. Нешта можам сабе мінімальнае дазваляць, ёсць манетызацыя на YouTube. Ну і пляцоўка Buy Me a Coffee нешта прыносіць, але агулам манетызацыя, думаю, гэта праблема для ўсіх беларускіх медыя на сёння».

Маргарыта Прохарчык. Фота з асабістага архіву
Вось як вызначае эфект ад манетызацыі Яўген Малахоўскі: «Калі б гэтым займаўся адзін чалавек, то, магчыма, яму б хапала, але калі размова пра каманду — не. Можа быць, хопіць на платную версію чату GPT, на мантаж часткова, мікрафон набыць нейкі. На астатняе — праблематычна».
«І яшчэ тут важна дадаць пра наш статус «экстрэмістаў» і арыентацыю на аўдыторыю ў Беларусі. Зараз у нас каля 70% — гэта гледачы ў Беларусі, а прасіць данаты ў гэтай аўдыторыі, значыць ствараць пагрозу ахвярадаўцам», — зазначае Яўген.
Кіраўнік медыя заўважае пра яшчэ адну тэндэнцыю: «Забаўна, але патэнцыйны рэкламадаўцы працягвалі нам прапаноўваць супрацу, не ведаючы аб тым, што мы «экстрэмісты». Рэклама канцэртаў, сеткавых маркетплэйсаў. Ясна, што мы адмаўляліся, проста пісалі, што мы не можам прыняць замовы. Заўважу, што пісалі і з Беларусі, але заўсёды гэта быў расійскі бізнес, ён вельмі актывізаваўся ў беларускім сегменце сеціва ў гэтыя гады».
Штучны інтэлект замест вядоўцы
Яўген Малахоўскі ўзгадвае, што ў 2020 годзе «стала вельмі модна і карысна з пункту гледжання далучэння аўдыторыі заводзіць у рэдакцыях вядоўцаў кароткіх відэа».
Зараз жа, паводле журналіста, амаль усе ад гэтага адмаўляюцца — гэта перастала працаваць:
«Так, гэта яшчэ застаецца, але абсалютная большасць медыя — і мы таксама — працуе над тым, каб перайсці ў ШІ-фармат.
Ролікі з выкарыстаннем ШІ ў якасці вядоўцы не адпужваюць аўдыторыю, тым больш, хутчэй робяцца ролікі — не трэба час на тое, каб зняць ролік з вядоўцам і потым яшчэ зрабіць мантаж. У нас такія ролікі набіраюць больш за 200 000 праглядаў часам. Некалькі тыдняў тэставання ролікаў з выкарыстаннем ШІ паказалі, што гэта сістэма працуе, мы зараз хочам запускаць яе як асноўную. Вядоўца ў нас застаецца, але яна будзе часцей выходзіць у спецпраектах — гістарычных, адукацыйных, не штодня».
«Вось вы бачылі, пэўна, аб’яву на БАЖ, што This Minsk Media шукае AI-крэатара. Мы думаем, што ад гэтага будзе карысць, таму і шукаем чалавека для гэтай працы на сталай аснове», — дадае Маргарыта.
Рэбрэндзінг атрымаўся
«Рэбрэндзінг вядомага пабліка «Это Минск, детка» на This Minsk Media адбыўся год таму. І хаця той паблік памятаюць усе, безумоўна, але на сёння мы прайшлі рост ад класічнага пабліка «Вконтакте» да паўнавартаснага медыя.
І гэта нагода ганарыцца — тое, як мы выраслі і змянілі фармат. У нас невялікая каманда, але падыход да інфармацыі, якую мы падаем, гэта падыход медыя — сур’ёзны, з фактчэгінгам, з журналісцкай апрацоўкай, з адказнай падачай гэтай інфармацыі ў сваіх сацсетках. І на сайце — напрыканцы 2025 года мы запусцілі яго», — зазначае спадарыня Маргарыта.

Сайт This Minsk Media, скрыншот
Паводле рэдактаркі, з год таму калектыў This Minsk Media прыняў рашэнне адыйсці ад фармата хуткіх навін на сваіх пляцоўках.
«Мы разумеем, што ёсць буйныя медыя, а ў нас няма такога рэсурсу, каб граць на роўных на гэтым полі, мы будзем прайграваць у аператыўнасці. Трэба рабіць нешта сваё, ўнікальнае. Мы, хутчэй, нішавае медыя, якое заўсёды шукае сваю аўдыторыю і свой шлях.
Таму вырашылі, што калі даем нешта важнае для нашай краіны альбо Мінска, то мы гэта падаем праз ужо нейкі аналітычны погляд, аўтарскі — і ўжо гэта публікуем на нашых пляцоўках. То-бок матэрыялаў пачало выхадзіць значна менш, але яны больш грунтоўныя, глыбокія, — распавядае Маргарыта. — У нас ёсць аўтарская аналітычная падача, але без выразных ацэнак, мы больш задаем пытанні людзям, каб яны самі на яго адказалі. Разбіраем, абмяркоўваем, але не ўжываем ярлыкі і штампы, маўляў, гэты бок дрэнны, а гэты — харошы. Стараемся быць узважанымі».
Паводле рэдактаркі, такая палітыка дае вынікі.
«Я працую 2,5 гады тут. Калі я прыйшла, у Instagram мы мелі менш за 30 000 падпісчыкаў, зараз у нас там амаль 55 000 падпісчыкаў. Гэты пры тым, што мы «экстрэмісцкае» медыя, але фіксуем пазітыўны рост у нашых розных сацсетках».
«У нас вельмі класныя былі ахопы ў «Одноклассниках», але нашу стронку там заблакавалі для наведнікаў з Беларусі. Тое ж з «Дзен», «ВКонтакте» і LiveJournal. У некаторыя месяцы на нашых старонках у «Одноклассниках» и «ВКонтакте» было па 100 000 праглядаў, у сённяшніх рэаліях гэта было вельмі добрым паказчыкам для нас, — расказвае Яўген Малахоўскі. — Увогуле пасля прызнання нас «экстрэмістамі» адток падпісчыкаў быў заўважным, ва ўсіх сацсетках мы згубілі недзе 10% падпісчыкаў. Больш за ўсё мы гублялі ў Telegram — дзесьці адразу 70% адпісалася.

Вокладка выпуску з цыклу «Адлік»
Выжыць і застацца
«Нашы планы і перспектывы вельмі простыя — выжыць і застацца, бо, як і ўсе, пэўна, беларускія медыя, мы таксама маем праблемы з фінансаваннем. Заўсёды працуем з невялікімі бюджэтамі. Але мы ведаем, што нават пры самых дрэнных часах, наша медыя застанецца.
Я калісьці меў досвед працы з паблікам увогуле пэўны час без фінансаў. Але і пры самым дрэнным раскладзе старонкі будуць абнаўляцца. Тут ужо паўстае пытанне якасці — ці зможам мы, напрыклад, замаўляць якаснага журналіста, крэатара, СММшчыка ці нават вядоўцу. Пакуль жа працягваем расці», — падсумоўвае Яўген Малахоўскі.
@bajmedia