«Экстрэмісцкі» спіс Мініфарама: TikTok-акаўнты «Магілёў.media» і «grodno_brest_belarus»
8 снежня Міністэрства інфармацыі Беларусі чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сваім сайце.

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT
У адпаведнасці з рашэннем суда Ленінскага раёна Гродна ад 3 снежня 2025 года ў «экстрэмісцкі» спіс уключаны TikTok-акаўнт «grodno_brest_belarus» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@grodno_brest_belarus). Інтэрнэт-рэсурс мае 1351 падпісчыка і транслюе навіны з гэтых двух беларускіх рэгіёнаў у фармаце кароткіх відэаролікаў.
Рашэннем суда Ленінскага раёна Магілёва ад 1 снежня 2025 года «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны TikTok-акаўнт «mogilev.media» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@real_pol). «Экстрэмісцкім» прызнаны і лагатып інтэрнэт-рэсурсу, які, паводле апісання на сайце Мінінфармацыі, выглядае як «выява ў выглядзе дзвюх белых літар “М.М” на блакітным фоне і тэкст “mogilev.media”, “МАГIЛЁЎ.media”».
«Навіны Магілёўскага рэгіёна — расказваем тое, пра што іншыя маўчаць», — так прэзентуе сябе гэты анлайн-рэсурс, які мае 4 175 падпісчыкаў.
Таксама суд Ленінскага раёна Магілёва рашэннем ад 1 снежня 2025 года абвесціў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» яшчэ два відэаролікі. Першы з іх мае назву «Лукашенко хочет вернуть легитимность. Анатолий Лебедько об освобождении политзаключенных Беларуси», ён размешчаны на YouTube-канале расійскага анлайн-медыя SOTA (ідэнтыфікатар youtube.com/@sotavision).
Другі — з назвай «Это не я, МЫ ЗА МИР!» ЛУКАШЕНКО В ЗАЛЕ ООН УСТРОИЛ РАЗНОС. Довел до шока даже Путина», размешчанае на ўкраінскім YouTube-канале «Фабрика новин» (ідэнтыфікатар youtube.com/@novynyua). Гэты рэсурс — частка праекта «Платформа», агрэгатара інфармацыйна-навінавага кантэнту «пра Украіну, свет і ўсё, што паміж імі». Канал мае 4,33 мільёна падпісчыкаў.
@bajmedia