Закат TikTok у Беларусі? Ці адаб’юцца першыя блакіроўкі на каналах медыя
На мінулым тыдні у Беларусі заблакавалі TikTok-каналы Паўла Латушкі і Святланы Ціханоўскай. Прычым, незразумела: зрабіла гэта сама сетка альбо ва ўладаў з’явіўся адпаведны інструментарый. Ці азначаюць першыя блакіроўкі канец эры палітычнага і навінавага TikTok? БАЖ разважае пра гэта з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі недзяржаўных медыя.

Фота: Getty Images
Паўлюк Быкоўскі: Кіруючы рэжым дэманструе сваю гатоўнасць кантраляваць TikTok. Але ці здольны?
Старшы аналітык Media IQ Паўлюк Быкоўскі лічыць, што самі па сабе заявы беларускай улады — званочак, што «мы таксама можам зрабіць гэта».
— Што азначае абвешчаная блакіроўка каналаў у TikTok? Ці будуць людзей караць за тое, што яны нешта паглядзелі ў сацсетцы, ці стануць «варожыя» каналы недасягальнымі на тэрыторыі Беларусі папраўдзе? Адказу на гэтае пытанне я не атрымаў. Разам з тым добра памятаю гісторыю, калі ўлады заяўлялі пра блакіроўку акаўнтаў у Facebook аднаго з беларускіх актывістаў, але фізічнай блакіроўкі так і не здарылася. То-бок, пагроза прагучала, але яе не рэалізавалі.
— Чаму лютыя практыкі дабраліся да беларускага TikTok толькі цяпер, на пятым годзе татальных рэпрэсіяў у краіне?
— Магчыма, дайшла чарга да TikTok, магчыма, знайшліся тэхнічныя магчымасці блакаваць акаўнты — прычына можа аказацца любой. Пытанне пра магчымыя наступствы я б раздзяліў на дзве часткі.
TikTok — гэта выхад на неангажаваную, непалітычную, не вельмі зацікаўленую ў навінах аўдыторыю. Пераважна гэта моладзь, але не абавязкова: TikTok даволі папулярны рэсурс, на якім людзі спажываюць кантэнт, незаўсёды памятаючы пра брэнд.

Журналіст і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі
Калі вынесці за дужкі пытанне пра рэалістычнасць блакіроўкі акаўнтаў, пра магчымасць пакарання спажыўцоў, то ў гэтай гісторыі важна іншае.
Кіруючы рэжым дэманструе сваю гатоўнасць кантраляваць TikTok як адну з самых папулярных пляцовак для абмену меркаваннямі. Цяжка сказаць, ці з’яўляецца кантроль рэальным, але дэманстрацыя кантролю тут ёсць: гэты кейс абгавораны на многіх пляцоўках, пра гэта напісалі многія медыі.
Улады актыўна спрабавалі працаваць з аўдыторыяй сацсеткі: навучалі TikTok-блогераў, ладзілі для іх конкурсы, уручалі прызы. Я не бяруся казаць, наколькі паспяховымі аказаліся такія захады, але чуў розныя меркаванні. З аднаго боку, ролікаў, створаных маладымі блогерамі, стала болей — і гэта лаяльны кантэнт. З іншага боку, аўдыторыю кітайскай пляцоўкі такія відэа не зацікавяць.
Думаю, ісціна, як заўсёды, недзе пасярэдзіне. А кіруючы рэжым спрабуе кантраляваць гэтую пляцоўку. Калі раней Лукашэнка надаваў увагу толькі тэлебачанню, адкідаючы інтэрнэт-рэсурсы ў любым выглядзе, то зараз з’явіліся сімптомы таго, што ўсе сегменты сеціва патрэбныя чыноўнікам, асабліва тыя, дзе прысутнічае вялікая аўдыторыя.
— Наколькі важным інструментам працы TikTok з’яўляецца для беларускіх медыяў?
— Ёсць медыі, якія актыўна прысутнічаюць у TikTok, прычым гавораць той жа мовай, што і ціктокеры (і падбор тэмаў, і форма падачы матэрыялаў). З другога боку, існуюць рэдакцыі, якія маюць дзясяткі небрэндзіраваных акаўнтаў. Я хутчэй паверу, што рэдакцыям удаецца дасягаць поспеху ў такіх каналах, бо яны жывыя і цікавыя для спажыўцоў, а з другога боку — яны не забароненыя, бо не брэндзіраваныя.
Адключэнне палітычных акаўнтаў— гэта не наўпроставая забарона медыйных, але блізка да таго. Калі нават дапусціць, што кіруючы рэжым блакуе распаўсюд маркіраванай інфармацыі ў TikTok, то гэта не азначае, што рэдакцыі не здолеюць працаваць пад іншымі брэндамі ці зусім без іх.
Важны момант: у гэтай сацсетцы назва каналаў не адыгрывае такую ролю, як у выпадку з папяровымі газетамі, з тэле- і радыёпраграмамі ці сайтамі. На кітайскай пляцоўцы спажыванне адбываецца па іншых прынцыпах, і аўдыторыя не заўсёды памятае, чый кантэнт яна спажывала. Таму змаганне з брэндамі там, дзе яны не маюць значэння, хутчэй за ўсё не дасць прамога адназначнага выніку.
— То-бок, перш чым заблакаваць, спачатку трэба знайсці «варожыя» рэсурсы?
— Улады могуць напісаць абазначэнне акаўнтаў. Але спажыўцы TikTok вельмі рэдка памятаюць назвы каналаў: сацсетка працуе па іншых алгарытмах. І хутчэй за ўсё, канкрэтна гэтыя захады кіруючага рэжыму не паўплываць на магчымасці распаўсюду альтэрнатыўнай інфармацыі для беларускай аўдыторыі.
Святлана Пажарава: Проста так здавацца не збіраемся
За апошні месяц кантэнт «Белсата» ў TikTok паглядзелі 372 тысяч гледачоў, з якіх 84% з Беларусі. Святлана Пажарава, кіраўнічка SMM-аддзела тэлеканала, адзначае, што гэты акаўнт яшчэ не заблакаваны.

Святлана Пажарава. Фота: з асабістага архіва
— Але чакаем: «Белсат» у спісах «экстрэмістаў» даўно і моцна, — кажа яна. — Таму пагрозу, канешне, бачым і думаем, як рэагаваць. Галоўнае, што проста здацца не плануем.
Спадарыня Святлана мяркуе, што такім чынам улады паспрабуюць дабрацца да ўсіх актывістаў, палітыкаў і СМІ. Пытанне толькі ў тым, як хутка і эфектыўна гэта будзе атрымлівацца. Усё залежыць ад таго, наколькі шчыльна заснавальнікі сацсеткі будуць супрацоўнічаць з беларускімі чыноўнікамі.
Але якія канкрэтна рызыкі паўсталі перад медыямі, якія маюць акаўнты ў TikTok, пасля блакіроўкі каналаў Латушкі і Ціханоўскай?
— Галоўнае — моцнае абмежаванне добрага інструмента кантакту з аўдыторыяй унутры Беларусі. На гэтай пляцоўцы неабавязкова быць падпісаным на кагосьці, каб бачыць яго кантэнт у сваёй стужцы. Гэта дае нам магчымасць даходзіць да людзей у нашай краіне, а самім беларусам бяспечна глядзець «Белсат». Бо трапіў на нашае відэа, пасля паскроліў далей — і не даведаецца ніхто, што ты там праглядаў. А вось алгарытм TikTok запомніць, што вось такі кантэнт быў гледачу цікавы, і пакажа падобнае зноў. З блакіроўкай усе, каго алгарытм прыпісаў да акаўнту тэлеканала, перастануць бачыць яго кантэнт.
У рэдакцыі абмяркоўваюць контрмеры супраць магчымага блакавання.
— Нейкую надзею дае тое, што не выкрэслілі адразу ўсіх «экстрэмісцкім» спісам. Магчыма, уплыў рэжыму на кітайскую пляцоўку не такі і моцны. Ці замежнікі прыдумаюць гандлявацца за чарговыя блакаванні: мы для вас адключым каго трэба, а вы нам дашлеце нешта смачнае ды патрэбнае, — жартуе кіраўнічка SMM Белсата.
Выходзіць, аўдыторыя ў Беларусі знаходзяцца ў бяспецы, ім не пагражае пераслед за прагляды? Ці карыстальнікаў усё ж можна адсачыць?
— Цяжка было б адсачыць: відэа паказваюцца ў алгарытмічнай рэкамендацыйнай стужцы. Ды складана даказаць, што чалавек яго глядзеў пэўны кантэнт свядома, бо яго у гэтай сацсетцы карыстальнік не абірае. Іншая справа — падпісацца на акаўнт. Але ў Беларусі людзі ўжо ведаюць правілы бяспекі, — канстатуе Святлана.
Фёдар Паўлючэнка: Нельга прамаўчаць і пусціць працэс на самацёк
Галоўны рэдактар выдання Reform.news Фёдар Паўлючэнка лічыць неабходным біць ва ўсе званы і паказваць, што кітайская сацсетка забівае рэшткі свабоды слова ў Беларусі.

Фёдар паўлючэнка. Фота: з асабістага архіва
— Наш сайт ужо заблакаваны ў Беларусі, сацыяльныя сеткі блакуюцца ў Расіі. Таму TikTok і YouTube — важнейшыя каналы камунікацыі з нашай аўдыторыяй: кітайская пляцоўка пакуль не блакуецца на тэрыторыі Беларусі, і мы атрымліваем непасрэдны выхад на людзей унутры краіны.
Мы маем некалькі TikTok-акаўнтаў на грамадска-палітычную тэматыку, але з рознай спецыялізацыяй. Чатыры акаўнты сумарна маюць каля 70 тысячаў падпісчыкаў. А штомесячныя ахопы ідуць на мільёны, працэнтаў на 70–75 нашая аўдыторыя знаходзіцца ў Беларусі. А гэта значыць, што наша рэдакцыя можа дастукацца практычна да кожнага беларуса, які карыстаецца дадзенай пляцоўкай.
— Якія выклікі паўсталі перад рэдакцыяй пасля паведамлення пра блакіроўку акаўнтаў Латушкі і Ціханоўскай?
— Мы разумеем, што яны — не апошнія, да якіх можа быць перакрыты доступ беларусам. Мяркуючы па тым, што заяўляюць сілавікі ў сваіх ананімных каналах, гэта будзе новая палітыка беларускіх уладаў па блакіроўцы рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі». Відавочна, што бліжэйшым часам мы таксама патрапім пад забарону. Гэта вельмі балючы ўдар па рэдакцыі, па нашай аўдыторыі.
— Ці плануеце вы мяняць рэакцыйную палітыку ў TikTok?
— Мы будзем падладжвацца пад сітуацыю. Пакуль дазваляе час, карыстаемся наяўнымі інструментамі. Але ў выпадку блакіроўкі нашага кантэнту будзем шукаць іншыя варыянты. Я ўвогуле не веру ў адно глабальнае рашэнне. Гэта якраз той выпадак, калі ўсім беларускім медыям трэба дзейнічаць па прынцыпу «думай глабальна — рабі лакальна». А варыянты вырашэння праблемы ёсць: TikTok досыць зручная платформа для камунікацыі з гледачом, нават калі і коштам страты брэнда.
Аднак я ўпэўнены, што зараз вельмі важна не прамаўчаць і пусціць працэс на самацёк, трэба змагацца за саму магчымасць працаваць у TikTok.
Неабходна гэтую сітуацыю апісаць для міжнародных партнёраў, для еўрапейскіх урадаў, для ЗША: як менавіта пляцоўка садзейнічае знішчэнню свабоды слова ў Беларусі. Я думаю, у Еўразвяза і ЗША ёсць механізмы ціску на кампанію ByteDance, якая валодае TikTok: калі яна і надалей збіраецца быць рупарам кітайскай прапаганды ў свеце, то, напэўна, і заходні свет мог бы адрэагаваць на ўдзел у рэпрэсіях.
І беларускі кейс досыць зручны, каб паказаць, што кампанія не мае права прыслужваць дыктатуры і забіваць свабоду слова ў Беларусі.
