Time анансаваў чарговую незвычайную вокладку з Трампам ФОТА
Часопіс Time анансаваў у сваім фэйсбуку ліпеньскую вокладку.
На фота прэзідэнт Амерыкі глядзіць на маленькую дзяўчынку, што плача.
Арыгінальнае фота вось:
John Moore / Getty Images / AFP
Дзяўчынку сфатаграфаваў 12 чэрвеня на мексіканска-амерыканскай мяжы Джон Мур, у момант, калі яе маму, нелегальную імігрантку, затрымала і абшуквае паліцыя.
Жанчына расказала фатографу, што яе дачцэ два гады і яны ўдваіх прыехалі з Гандураса. Паводле яе слоў, яны дабіраліся да ЗША больш за месяц, пераадолеўшы каля двух з паловай тысяч кіламетраў. Калі жанчыну затрымалі, яна трымала дачку на руках; перад ператрусам ёй загадалі апусціць дачку на зямлю, пасля чаго дзяўчынка заплакала.
На мяжы быў створаны цэнтр утрымання мігрантаў, і дзяцей трымалі асобна ад бацькоў. Фатаграфія стала папулярнай, і выклікала абурэнне амерыканскага грамадства.
Убачыўшы адзін з гэтых здымкаў, жыхары Каліфорніі Шарлота і Дэйв Уілнэр арганізавалі ў фэйсбуку збор ахвяраванняў. Іх кампанія пад загалоўкам «Дапамажыце імігранту уз’яднацца са сваім дзіцем» стартавала 16 чэрвеня. Уілнэры планавалі сабраць некалькі тысяч даляраў, а ў выніку было сабрана некалькі мільёнаў даляраў.
Гэтыя грошы перададзеныя некамерцыйнай арганізацыі ў Тэхасе, што дапамагае нелегальным імігрантам і бежанцам.