• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Траціна асуджаных журналістаў у Беларусі – супрацоўнікі «Белсату». За кратамі – 13 супрацоўнікаў

    У выніку рэпрэсіяў пасля сфальсіфікаваных выбараў у Беларусі ў 2020 годзе за кратамі апынуліся дзясяткі тысячаў чалавек. На дзень 14 кастрычніка 2023 года, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі – 1482 палітычныя вязні. Сярод іх – 13 асобаў, якія ў розны час супрацоўнічалі з «Белсатам»: гэта траціна ад усіх супрацоўнікаў медыяў, якія застаюцца ў турмах Беларусі, піша «Белсат».

    «Белсат» доўгі час не афішаваў фактаў супрацы з журналістамі, прызнанымі палітычнымі вязнямі, бо над імі трывалі судовыя працэсы. Цяпер, калі выракі вынесеныя, а асуджаных адправілі ў калоніі, прыйшоў час раскрыць некаторыя імёны нашых калегаў. Агулам журналісты «Белсату» былі засуджаныя на 52 гады і 3 месяцы пазбаўлення волі, але фактычна адзіная іхная «віна» – выкананне прафесійных абавязкаў.

    У адмысловым лісце «Белсат» звяртаецца па дапамогу да амбасадара Швейцарыі ў Польшчы Фабрыса Фіе як да прадстаўніка нейтральнай краіны, якая падтрымлівае кантакты з уладамі Беларусі. «Белсат» заклікае швейцарскія ўлады выкарыстаць дыпламатычныя рэсурсы для вызвалення нашых калегаў. Просьба пра дапамогу і ўдзел у вызваленні нашых супрацоўнікаў скіраваная і праваабарончым ды журналісцкім арганізацыям.

    «Калі вочы ўсяго свету шмат месяцаў былі прыкутыя да развязанай Расеяй вайны супраць Украіны, а сёння зноў разгарэўся канфлікт на Блізкім Усходзе, мы не можам забываць пра лёсы тых, хто меў адвагу супрацьстаяць злу і тыраніі, хто заплаціў вельмі высокую асабістую цану – цану свабоды», – гаворыцца ў лісце ад імя «Белсату».

    «Белсат» таксама заклікае няспынна ціснуць на палітыкаў, каб тыя паслядоўна і эфектыўна падымалі на міжнароднай арэне праблему пераследу медыяў у Беларусі і ўвесь час выносілі яе на дыпламатычны парадак дня.

    Раскрываем імёны некаторых калегаў, засуджаных на тэрміны 2,5–8 гадоў пазбаўлення волі. Мы не раскрываем імёнаў усіх журналістаў, якія супрацоўнічалі з «Белсатам», бо гэта можа пагоршыць іхную працэсуальную сітуацыю або паддаць іх дадатковаму пераследу.

    Кацярына Андрэева: 8 гадоў і 3 месяцы зняволення за «здраду дзяржаве»

    13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд абвясціў вырак журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай: 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, справа мае грыф сакрэтнасці. Адвакат Кацярыны застаецца пад строгаю падпіскаю пра нераскрыццё і ніякіх акалічнасцяў не можа апавесці нават сваякам. Што за здрада дзяржаве, не ведае нават муж зняволенай Ігар Ільяш, але ён перакананы, што жонка не вінаватая.

    Здрадаю дзяржаве ў Беларусі лічыцца не толькі выдача дзяржаўных сакрэтаў, шпіянаж і пераход на бок ворага падчас вайны, але і «іншае наданне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, скіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

    15 кастрычніка 2021 года Кацярына Андрэева разам з Дар’яй Чульцовай сталіся лаўрэаткамі прэміі «Prix Europa» ў катэгорыі «Еўрапейскі журналіст 2021 года».

    Ірына Слаўнікава: 5 гадоў пазбаўлення волі за «арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»

    Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце 30 кастрычніка 2021 года, пасля вяртання з адпачынку. Першы раз ім абаім прысудзілі па 15 содняў адміністратыўнага арышту за захоўванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў», а пасля абвінавацілі ў дробным хуліганстве і прысудзілі яшчэ 15 содняў арышту.

    Пазней стала вядома, што Слаўнікава сталася падазраванаю паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

    Павал Мажэйка: 6 гадоў пазбаўлення волі за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»

    Быў затрыманы 30 жніўня 2022 года, калі, нягледзячы на ​​пагрозу арышту, вярнуўся ў Беларусь пасля наведання сямʼі, якая жыве ў Польшчы. Яго абвінавацілі ў перадачы «Белсату» інфармацыі пра лёс аднаго з палітычных вязняў, гэта палічылі спрыяннем экстрэмісцкай дзейнасці. Прысуд да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму вынес суддзя Максім Філатаў.

    Акрамя вядзення гістарычнага ток-шоу «Inter­mar­i­um» на «Белсаце», Павал быў грамадскім актывістам і заснавальнікам Цэнтру гарадскога жыцця ў Горадні, закрытага ўладамі ў 2021 годзе.

    Упершыню за журналісцкую дзейнасць быў засуджаны ў 2002‑м на 2 гады прымусовых працаў нібыта за паклёп на Аляксандра Лукашэнку.

    Уладзімір Мацкевіч: 5 гадоў зняволення за «стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні»

    Філосаф і метадолаг, вядоўца «Белсату» Уладзімір Мацкевіч з 4 жніўня 2021 года за кратамі. Ён ведаў, што яго чакае ў Беларусі, але прынцыпова адмаўляўся з’язджаць. Доўгі час па затрыманні з ягонаю справаю нічога не рабілі. У адказ на гэта Мацкевіч абвяшчаў галадаванне. 23 чэрвеня 2022-га яго засудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У лютым 2023-га перавялі ў турму. За кратамі Мацкевіч напісаў дзве кнігі.

    Кожны незалежны журналіст у Беларусі жыве з усведамленнем таго, што яго могуць арыштаваць у любы момант. «Белсат» і шмат якія іншыя незалежныя беларускія медыі прызнаныя экстрэмісцкімі арганізацыямі, а супраца з імі, незалежна ад тэмы асвятлення, кваліфікуецца як злачынства. Журналістаў таксама часта асуджаюць за нібыта арганізацыю масавых закалотаў – гэтак лукашэнкаўскія пракуратура і суды трактуюць удзел у асвятленні паслявыбарчых пратэстаў.

    Спіс адрасатаў звароту «Белсату»:

    • Дуня Міятавіч – упаўнаважаная Рады Еўропы ў справе правоў чалавека

    • Міжнародная федэрацыя журналістаў

    • Камісія ААН правоў чалавека

    • «Рэпарцёры без межаў»

    • «Free­dom House»

    • «Human Rights Watch»

    • Камітэт абароны журналістаў

    • Еўрапейскі цэнтр свабоды прэсы і медыяў (ECPMF)

    • Міжнародны інстытут прэсы

    • Швейцарскі звяз медыяў (SSM)

    • Звяз работнікаў медыяў і камунікацыяў «Syn­di­com»

    Чытайце яшчэ: 

    Журналістка, якая працавала ў акупацыі: Аднакласнік з Беларусі казаў, што я хлушу, бо не могуць бамбіць Чарнігаў

    Семінар у Вільні «Свабода слова і Беларусь» (дэдлайн — 31 кастрычніка)

    Репортеры нуждаются в касках, бронежилетах и психологической помощи. С какими вызовами сталкиваются медиа в Израиле?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці