Трамп падпісаў указ аб угодзе з продажам TikTok
Доналд Трамп 25 верасня падпісаў указ аб продажы амерыканскіх актываў сацыяльнай сеткі TikTok інвестарам з ЗША.

TikTok на тэлефоне. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Drew Angerer / Getty Images
Продаж амерыканскага сегменту TikTok і пераход пад кантроль ЗША быў умоваю працягу працы сацыяльнай сеткі ў краіне. Прыняты ў Злучаных Штатах закон абавязваў кітайскую кампанію «ByteDance» (уласніка сацсеткі) прадаць яе амерыканскія актывы. Паводле ўказу, гэта мусіць адбыцца да 23 студзеня 2026 года.
Кантроль над сэрвісам мае перайсці да інвестараў на чале з кампаніяй «Oracle» і фондам «Silver Lake».
Таксама вядома, што ў кансорцыум інвестараў, які цяпер будзе валодаць TikTok у Злучаных Штатах, уваходзяць блізкі да Доналда Трампа бізнесовец Джэф Яс з кампаніі «Susquehanna International» і Біл Форд з «General Atlantic Partners».
Сярод іншых кампаніяў, што прымуць удзел у дамове, называюць заснавальніка «Dell Technologies» Майкла Дэла і медыямагната Рупэрта Мэрдака.
У «ByteDance» застанецца 20 % акцыяў і магчымасць вылучаць аднаго з сямі дырэктараў. Пры гэтым кампанія не зможа ўваходзіць у камітэт бяспекі кансорцыуму, а мадэраваць кантэнт будзе амерыканскі бок. Алгарытм рэкамендацыяў TikTok будзе наноў перавучаны і перададзены пад кантроль амерыканскіх партнёраў у справе бяспекі.
Кошт угоды ацэньваецца на 14 мільярдаў долараў. Са словаў Трампа, яе ўхваліў старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзінь Пін.
«Я вельмі паважаю Сі Цзінь Піна і вельмі цаню, што ён ухваліў угоду, бо для таго, каб усё было зроблена належным чынам, нам насамрэч патрэбнае было падтрыманне Кітаю і яго ўхвала», – сказаў прэзідэнт ЗША.
Трамп размаўляў з кіраўніком КНР праз тэлефон 19 верасня і распавядаў пасля, што атрымалася дамагчыся пагаднення наконт TikTok.
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэймз Дэйвід Вэнс падчас брыфінгу ў Авальным кабінеце казаў, аднак, пра «некаторы супраціў» з кітайскага боку:
«З кітайскага боку быў некаторы супраціў, але галоўнае, чаго мы хацелі дамагчыся, – гэта захаваць працу TikTok. Але мы хацелі і пераканацца, што абараняем канфідэнцыйнасць звестак амерыканцаў, як таго патрабуе закон».
У ЗША TikTok карыстаюцца каля 170 мільёнаў чалавек. Акаўнт Трампа там мае 15 мільёнаў падпісальнікаў. У жніўні свой афіцыйны акаўнт у сацыяльнай сетцы завёў Белы Дом.
TikTok – адна з найпапулярнейшых у свеце відэаплатформаў і сацыяльных сетак. Яна падзеленая на міжнародную версію, вядомую як TikTok, і кітайскую, моцна цэнзураваную, Douyin (抖音). Абедзвюма версіямі валодае кітайская кампанія «BiteDance», залежная ад уладаў Кітаю.
Праз гэта Трамп з 2020 года прапаноўваў аддзяліць TikTok ад мацярынскай кампаніі. З гэтым пагаджаліся шмат якія ягоныя апаненты з Дэмакратычнай партыі. І за мінулым прэзідэнтам Джо Байдэнам ухвалілі закон, які паставіў перад «ByteDance» выбар: або аддзяліць міжнародную версію і прадаць яе, або сутыкнуцца з блакаваннем TikTok у ЗША
