• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Тры журналісты ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі Вацлава Гаўла

    Кароткі спіс намінантаў на прэмію Вацлава Гаўла сёлета складаецца з журналістаў. У яго ўключылі Максіма Буткевіча з Украіны,  Мзію Амаглобелі з Грузіі і Ульві Гасанлі з Азербайджана.

    Фота: Tore Sætre / en.wikipedia.org

    Пра гэта паведамляецца на сайце Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ).

    Максім Буткевіч — украінскі журналіст, праваабаронца, сузаснавальнік праваабарончага цэнтра Zmi­na і «Громадського радіо». Пасля пачатку паўнамаштабнага расійскага ўварвання ён далучыўся да Узброеных сіл Украіны і стаў камандзірам узвода. Неўзабаве патрапіў у расійскі палон. У Расіі яго асудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі. У кастрычніку 2024 года Буткевіча вызвалілі ў рамках абмену палоннымі.

    «Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў

    Мзія Амаглобелі — заснавальніца і галоўны рэдактар ​​незалежных грузінскіх выданняў Batumelebi і Netgazeti. Яе арышталвалі сёлета 11 студзеня падчас акцыі пратэсту ў Батумі. У жніўні асудзілі на два гады пазбаўлення волі па абвінавачванні ў «супраціве, пагрозе або ўжыванні гвалту ў дачыненні да асобы, якая падтрымлівае грамадскі парадак, або іншага прадстаўніка ўлады».

    Свабоду грузінскай журналістцы Мзіі Амаглабелі! Заява праваабарончых арганізацый

    Ульві Гасанлі — азербайджанскі журналіст, дырэктар незалежнага выдання Abzas Media. З 2011 года ён падвяргаецца пераследу з боку ўладаў, у тым ліку незаконнаму затрыманню, катаванням і палітычна матываваным абвінавачванням. У чэрвені 2025 года Гасанлі асудзілі на дзевяць гадоў пазбаўлення волі. Зараз ён утрымліваецца ў цяжкіх умовах у турме.

    «Сёння, як ніколі раней, вельмі важна адзначыць жанчын і мужчын, якія сваёй мужнасцю, рашучасцю і сілай паказваюць нам шлях да свабоды. Журналісты, у прыватнасці, сваёй мужнасцю, рашучасцю і нязменнай адданасцю праўдзе асвятляюць шлях да свабоды і справядлівасці», — сказаў прэзідэнт ПАСЕ Тэадорас Русопулас падчас абвяшчэння рашэння.

    Імя пераможцы назавуць на адкрыцці восеньскай пленарнай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў Страсбургу 29 верасня.

    Прэмія Вацлава Гаўла за абарону правоў чалавека штогод прысуджаецца ПАСЕ ў партнёрстве з Бібліятэкай імя Вацлава Гаўла і фондам «Хартыя 77». У 2021 годзе яе лаўрэаткай стала Марыя Калеснікава.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці