• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістка Сона Мартырасян: У Арменіі ніколі не было так кепска са свабодай слова, як цяпер

    Праца на радыё, ва ўрадзе Арменіі і інтэрв’ю з людзьмі, якія страцілі сваіх родных на вайне. Адмыслова для БАЖ Наста Захарэвіч паразмаўляла з Сонай Мартырасян пра тое, што ўяўляе сабой журналісцкая праца ў цяперашняй Арменіі і як атрымаць давер з боку самых уразлівых герояў і гераінь.

    Сона Мартырасян Арменія свабода слова

    Сона Мартырасян. Фота: з асабістага архіву гераіні

    «У 29 гадоў я сышла з працы ўнікуды»

    Сона скончыла школу, калі ёй было 16, і спачатку ўсё было стандартна: яна хацела вучыць адно, у мамы было іншае бачанне. У выніку дзяўчына пайшла туды, куды хацела мама. І стала журналісткай.

    «Я пакуль яшчэ не ведала, ці буду займацца журналістыкай, але на першым курсе да нас прыйшоў выкладчык, які быў вядомым журналістам у Арменіі. І ў яго была фішка — ён заўжды даваў такое заданне: напісаць за семестр два артыкулы. Адзін мусіць быць пра свой дом, а другі — пра загінулага ваяра. Я не разумела, пра што гаворка і чаму я павінна ўсё гэта рабіць, але напісала нарыс пра ўскраіну Ерэвана — месца, дзе я жыла.

    На наступны дзень пасля таго, як я здала працу, выкадчык зайшоў у аўдыторыю і спытаўся, хто з нас Сона. Агулам на курсе было 60 чалавек, і ён у той дзень адпусціў усіх, акрамя мяне. А мяне павёў на радыёстанцыю, якой ён тады валодаў і дзе быў галоўным рэдактарам».

    Так і пачаўся прафесійны шлях Соны.

    «Спачатку я вяла там нейкія пазнавальныя перадачы, потым сышла з гэтага радыё, а яшчэ праз 10 гадоў вярнулася на яго ў ролі галоўнай рэдактаркі і галоўнай прадзюсаркі.

    Калі мне было 22 гады, я сышла з радыё і аднойчы проста ўбачыла аб’яву, што навінаваму агенцтву патрабуецца рэдактар. Я тады не была ўпэўненая, чым хачу займацца, але падала заяўку, прайшла тэст, і мяне прынялі. Так я стала працаваць у друкаваным медыя. Некалькі гадоў я была галоўнай рэдактаркай у агенцтве, а ў 2016 годзе ў мяне пачаўся перыяд нейкай пераацэнкі каштоўнасцяў, і я зразумела, што хоць я вельмі любіла тое, чым займалася, мне гэтага ўжо не хапала. Я была простай карэспандэнткай, стала галоўнай рэдактаркай, ну што яшчэ? Здавалася, што ў прафесіі я прайшла ўвесь шлях, і ў 29 гадоў я сышла з працы ўнікуды».

    Звычайна галоўных рэдактараў мала хто ведае, бо ўсе ведаюць журналістаў а галоўныя рэдактары — гэта такія людзі, якія застаюцца ў цені. Але Соне ўдалося з гэтага ценю выйсці.

    «У Арменіі палітычная журналістыка страціла свой сэнс»

    «Так здарылася, што праз два тыдні мне патэлефанавала сяброўка і сказала, што ў яе ёсць праект, які яна проста не паспявае зрабіць. У яе быў тэрмін у шэсць месяцаў, трэба было напісаць артыкулы пра палітычных актывістаў. І я сказала: «Добра, я ж дома, мне ўсё адно няма чым заняцца».

    Карацей, я ўзялася за гэтыя тэксты і скончыла праект за два тыдні. І, дзякуючы гэтай працы, пра мяне сталі даведвацца людзі як пра журналістку. Гэтак жа мяне сталі клікаць у розныя месцы — я пачала працаваць як пазаштатны карэспандэнт розных замежных медыя, і яшчэ праз два месяцы мяне запрасілі ва ўрад».

    Ва ўрадзе Сона некалькі гадоў прапрацавала прэсавай сакратаркай у камітэце воднай гаспадаркі, пасля — у міністэрстве сацыяльнага забеспячэння. Яна сышла з гэтай працы пасля таго, як Арменія, Азербайджан і Расія падпісалі трохбаковае пагадненне пра мір.

    «Тады я зразумела, што мае палітычныя погляды і каштоўнасці ніяк не перасякаюцца з тым, што робяць улады Арменіі.

    Сона Мартырасян Арменія свабода слова

    Сона Мартырасян. Фота: з асабістага архіву гераіні

    Але майму беспрацоўю не было суджана цягнуцца доўга. Праз два месяцы мяне ўжо паклікалі прэсавай сакратаркай у нацыянальны цэнтр адукацыйных тэхналогій. Пасля працы ў міністэрстве сацыяльнага забеспячэння падчас пандэміі і вайны, для мяне гэта ўжо як санаторый».

    Але Сона ніколі не спыняла журналісцкую працу. Кажа, заўжды папярэджвала кіраўніцтва, што ёй важна працягваць ствараць журналісцкія тэксты пры любых абставінах. Таму паралельна з асноўным месцам дзейнасці яна працягвае пісаць для розных армянскіх медыяў. Апошнім часам дзяўчына часцей за ўсё супрацоўнічае з такімі тамтэйшымі СМІ, як Jam-news.net, Medialab.am, EVNreport.am.

    Суразмоўца падкрэслівае, што ніколі не пісала пра палітыку як такую і не хоча гэтым займацца ў будучыні, бо лічыць, што ў Арменіі палітычная журналістыка страціла свой сэнс і гэта проста марнаванне часу. Яе цікавіць сацыяльная сфера: правы чалавека, розных меншасцяў, людзі з інваліднасцю, закрытыя ўстановы, нацыянальныя і сэксуальныя меншасці.

    «Людзі ведаюць, што ў маім матэрыяле будзе роўна тое, што яны казалі»

    «Калі ты пішаш пра правы чалавека, ты ніяк не можаш прапусціць тэму вайны, таму што падчас вайны самая вялікая праблема — гэта правы людзей. І хочаш ты ці не хочаш, табе давядзецца пісаць і пра гэта. І паколькі Арменія — маленькая краіна, вайна тут закранула ўсіх. Ты ніяк не можаш пазбегнуць гэтай тэмы.

    У нас вельмі шмат праблем з тым, што сваякі загінулых ці зніклых без вестак не могуць атрымаць кампенсацыі. Вельмі шмат праблем з уцекачамі з Нагорнага Карабаха, і я думаю, што маўчаць пра такія праблемы нельга.

    Так што апошнія 3–4 гады я пішу ў асноўным на тэму вайны і раблю матэрыялы пра сем’і загінулых і зніклых, а таксама пра сем’і вымушаных перасяленцаў.

    Вельмі многія сем’і не жадаюць працаваць з журналістамі і не давяраюць ім. Але ў мяне ў жыцці не было яшчэ такога выпадку, калі б я патэлефанавала чалавеку і сказала, пра што хачу з ім паразмаўляць, а мне б адмовілі. Людзі ведаюць, што ў маім матэрыяле будзе роўна тое, што яны казалі — ні больш, ні менш. Я думаю, гэта галоўная прычына, па якой мне давяраюць».

    Сона ўзгадвае гісторыю, як яе знаёмая нямецкая журналістка прыехала ў Арменію, каб паразмаўляць з сям’ёй, якая страціла двух сыноў, і ў якой пасля гэтага нарадзілася дачка. Немка прачытала пра гэтую сям’ю ў нейкай замежнай газеце, а там былі вельмі няёмкія моманты, звязаныя з тым, як нарадзілася гэтая дзяўчынка.

    Сона патэлефанавала гэтай сям’і, і маці загінулых салдатаў сказала, што якраз пасля таго інтэрв’ю не хоча больш размаўляць з журналістамі. Яна прасіла тады, каб гэтыя падрабязнасці не выйшлі ў друк, і журналістка пагадзілася, а потым надрукавала ўсё. Жанчына ж проста не хацела, каб яе дачка, калі вырасце, даведалася пра ўсе гэтыя дэталі.

    Сона Мартырасян Арменія свабода слова

    Сона Мартырасян. Фота: з асабістага архіву гераіні

    «Я сказала, што калі яна не хоча, мы ўвогуле не будзем на гэтую тэму гаварыць, і што гэтыя асабістыя падрабязнасці не маюць для мяне ніякага сэнсу, я проста хачу запісаць яе гісторыю. Яна пагадзілася. І калі інтэрв’ю выйшла, яна патэлефанавала мне і падзякавала, бо ў гэтым матэрыяле было тое, што яны хацелі, каб пра іх сям’ю даведаліся. Якія ў іх былі хлопчыкі, якая зараз нарадзілася дзяўчынка, нічога лішняга.

    Мне вельмі важна, каб мае героі разумелі ў працэсе размовы, што вынік інтэрв’ю не будзе для іх балючым.

    Магчыма, са мной многія не пагодзяцца, але я не бачу нічога дрэннага ў тым, каб разам са сваімі героямі карэктаваць матэрыял, таму што гэта ў першую чаргу іх жыццё, яно тычыцца толькі іх, і ты так ці інакш залазіш у гэта. І ты не маеш ніякага ўяўлення, як іх жыццё памяняецца пасля таго, як тэкст выйдзе ў друк».

    «Нашым уладам пляваць, што кажуць журналісты»

    Па словах Соны, у Арменіі ніколі не было так кепска са свабодай слова, як цяпер.

    «І гэта пачалося не сёння, а пасля рэвалюцыі 2018 года, калі мы не маглі крытыкаваць уладу ўвогуле ніяк. За гэта «з’елі» б нават калегі. Тады не было прынята крытыкаваць уладу, бо гэта была легітымная ўлада, якая прыйшла праз свабодныя выбары, і ў яе была татальная падтрымка, нават з боку медыяў.

    Журналісты пра працу ў Арменіі: Упершыню ў жыцці давялося разбіраць барыкады ШМАТ ФОТА

    На мяне ніякага ціску (пакуль што?) няма, бо ўсё, што я кажу — гэта факты. Я ніколі не перасякаю мяжу. У мяне могуць быць свае асабістыя сімпатыі, антыпатыі і нават нянавісць да кагосьці, але як журналістка я ніколі не кажу галаслоўна. Мая крытыка заўжды канструктыўная, і я не лезу ў тыя сферы, у якіх я не разбіраюся.

    Але мне здаецца, што нашым уладам пляваць, што кажуць журналісты. Ад нашых словаў увогуле нічога не змяняецца — іх ні ўва што не ставяць. Мы можам на гэта крыўдзіцца, можам не крыўдзіцца — гэта ні на што не ўплывае».

    «Людзі, якія страцілі кагосьці на вайне, жывуць у іншай рэальнасці»

    Узгадваючы пра першае інтэрв’ю з роднымі загінулага салдата, Сона ўдакладняе, што ніколі не робіць тэксты ў фармаце інтэрв’ю як такога — яна просіць бацькоў распавесці ёй пра іх хлопчыка. Расказаць ягоную гісторыю, паказаць ягоныя фотаздымкі.

    «Мне здаецца вельмі благім тонам задаваць канкрэтныя пытанні чалавеку, які страціў сваё дзіця, ці брата, ці мужа. Калі пачынаеш з імі проста размаўляць, яны пачынаюць раскрывацца».

    Першае такое інтэрв’ю яна рабіла з бацькамі салдата, які патрапіў у палон і яго забілі ўжо там. Ён нейкі час лічыўся зніклым без вестак — ягоная частка была знішчаная, і была версія, што ўсіх проста ўзялі ў палон. А потым бацькі ўбачылі відэа, у якім іх сына катуюць і потым забіваюць.

    «Мамы крычаць, плачуць, з іх нешта выходзіць. А таты — яны проста старэюць моўчкі. І яны рэзка старэюць. У мяне было адчуванне, што гэты чалавек за пару тыдняў пасівеў і пастарэў на 20–30 гадоў. І калі я з ім размаўляла, ён паказаў мне кадры, на якіх катуюць яго дзіця. Я ведала, што яны існуюць, але была ўпэўнена, што бацькі не глядзяць іх.

    Што яны аднойчы пазналі на іх свайго сына, але пасля гэтага… Як можа чалавек глядзець гэтае відэа? А ён глядзеў і казаў, што перыядычна гэта робіць. Я спытала, чаму, і ён адказаў: «Гэты боль, які я адчуваю, — адзінае, што мяне звязвае з рэальнасцю. Часам мне здаецца, што яго ўвогуле не было. Што гэта быў нейкі сон, быццам у мяне было дзіця, якое вырасла і пайшло ў войска».

    Сона Мартырасян Арменія свабода слова

    Сона Мартырасян. Фота: з асабістага архіву гераіні

    Да гэтага я думала, што разумела гэтых людзей, што ў мяне ёсць эмпатыя. Але потым адчула, што гэтых людзей зразумець немагчыма.

    Людзі, якія страцілі кагосьці на вайне, жывуць у зусім іншай рэальнасці. Нашыя рэальнасці нідзе не датыкаюцца, таму што іх жыцці памяняліся беззваротна.

    Ты сядаеш у аўтобус і бачыш жанчыну свайго ўзросту, у якой на тэлефоне фатаграфія загінулага сына. А калі б ты не ўбачыла яе слухаўку, ты падумала б, што гэта маладая жанчына, якая вельмі добра выглядае, і яна, мусіць, зараз прыедзе з працы дадому і прыгатуе абед сваім дзецям. А тут разумееш, што яе жыццё ўжо не такое, як тваё, і ніколі не будзе такім, як тваё. Таму што кожны раз, калі яна бярэ ў рукі гэты тэлефон, яна прыгадвае, што ў яе больш няма дзіцяці.

    А ёсць маці, якія ўвогуле не хочуць казаць пра сваіх дзяцей. Яны здзіўляюцца: «А пра што распавядаць? Ён заўсёды побач, ён са мной, ён размаўляе са мной». І ты разумееш, што гэта ўжо не нармальна, што гэта неадэкватна, але ты нічога не можаш з гэтым зрабіць.

    У нейкі момант я змірылася з тым, што не магу і не змагу зразумець гэтых людзей. Але калі я магу ім нечым дапамагчы, я, вядома, павінна гэта зрабіць».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці