• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Беларусі з’явіўся новы інфармацыйны партал

    Гэта Times.by, які зместам і дызайнам вельмі нагадвае партал Tochka.by. Выглядае на тое, што кіруе новым медыя галоўная рэдактарка інфармагенцтва БелТА Алена Круталевіч.

    У Беларусі з'явіўся новы інфармацыйны партал

    Скрыншот партала Times.by

    «Мультымедыйны інтэрнэт-рэсурс, які піша пра самае важнае і цікавае ў Беларусі і свеце», — так пазіцыянуе сябе Times.by.

    Чытачу прапануюць рубрыкі «Палітыка», «Эканоміка», «Тэхналогіі», «Грамадства», «Стыль жыцця» і «Спецпраекты», сярод якіх рэцэпты заліўной рыбы, расповед пра выставу старажытных кладаў, гісторыя піяніста ды новы беларускі цацачны брэнд.

    Што да палітыкі, то тут у асноўным навіны з афіцыйнай дзяржаўнай хронікі.

    Партал не мае беларускай версіі. Рэсурс не выглядае агрэсіўна прапагандысцкім, хаця прытрымліваецца агульных наратываў дзяржаўных СМІ. Вострых сацыяльна-грамадскіх сюжэтаў не назіраецца.

    Калектыў з шасцёх журналістаў піша пра надвор’е, зорак спорту і музыкі, ДТЗ, астрапрагнозы, тэхніку, спосабы правесці доўгія святы і г. д.

    У Беларусі з'явіўся новы інфармацыйны партал

    Скрыншот партала Times.by

    Само выданне з’явілася ў верасні 2025 года. ЗАТ «Таймс Медыя Груп» — заснавальнік партала — зарэгістраваны 8 ліпеня 2025 года.

    Галоўнай рэдактаркай новага рэсурсу пазначана Алена Круталевіч. Імя і прозвішча супадае з імем і прозвішчам галоўнай рэдактаркі дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА.

    Магчыма, гэта яна і ёсць, бо ў інфармацыйнай прасторы апошнія звесткі пра галоўную рэдактарку БелТА пад прозвішчам Круталевіч з’яўляліся якраз мінулым летам. 6 чэрвеня Алена Круталевіч прымала «Золотую Литеру» за сумесны спецпраект БелТА і Цэнтрвыбаркама «35 гадоў выбарчай сістэме».

    Дырэктарам ЗАТ «Таймс Медыа Груп» пазначаны Аляксандр Марцінкевіч. Імя і прозвішча супадаюць з імем і прозвішчам былога намесніка дырэктара Парка высокіх тэхналогій. Кіраўніцтва ПВТ цалкам змянілася ў траўні 2025 года.

    «Ходзіць інфармацыя, што БелТА ўдзельнічае ў рэалізацыі гэтага медыяпраекта», — распавяла службе інфармацыі БАЖ асоба, знаёмая з сітуацыяй.

    «Дзесьці гэта ўжо было»

    Паводле звесткак БАЖ, да новага праекта мае дачыненне і Tochka.by. «Лагатыпы нават падобныя. Імкнуцца павялічыць ахоп аўдыторыі, ёсць рэсурсы.

    А тое, што кантэнт аднолькавы, ну дык навошта фантазіраваць — зараз тут ва ўсіх адно і тое ж, канкурэнцыі няма, поле абмежаванае.

    Хіба Tochka.by больш пазіцыянуе сябе парталам для звычайнага абывацеля, рубрыкі «Палітыка» ў іх увогуле няма», — дадала службе інфармацыі БАЖ яшчэ адна крыніца.

    У Беларусі з'явіўся новы інфармацыйны партал

    Скрыншот партала Tochka.by

    Tochka.by зарэгістраваны ў верасні 2022 года. Гэта быў першы ад 2020-га афіцыйна зарэгістраваны ў краіне інфармацыйны рэсурс.

    Усе правы на медыя належаць ЗАТ «Кропка дыджытал груп». Дырэктар — Ігар Рубан. Ён скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча СПА, у 2014 годзе Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Працаваў у БелТА, быў прэс-сакратаром у Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў, займаў пасаду намесніка дырэктара па камерцыйных пытаннях у прадуктовай IT-кампаніі «Белтрансспадарожнік», рэдагаваў «Веснік Белнафтахіма».

    Галоўным рэдактарам выдання стаў былы прэс-сакратар агенцтва Sput­nik Беларусь Павел Тухто. Раней ён кіраваў прадстаўніцтвам нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі ў Маскве.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці