• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Беларусі запускаюць жаночае радыё. Першы эфір — 8 сакавіка

    Першае жаночае радыё выйдзе ў эфір 8 сакавіка ў 8:00, заявіла старшыня Беларускага саюза жанчын (БСЖ) Вольга Шпілеўская.

    У Беларусі запускаюць Жаночае радыё

    Паслухаць новае радыё можна будзе на платформе ladyfm.by. З ініцыятывай стварыць гэты рэсурс у Год беларускай жанчыны выступіў сам БСЖ. Праект падтрымалі Міністэрства інфармацыі і агенцтва «Мінская праўда».

    Вольга Шпілеўская адзначыла, што радыё можна будзе слухаць і мужчынам. Больш таго, іх плануюць запрашаць у якасці гасцей праграм.

    «Хаця Міністэрствам інфармацыі радыё было зарэгістравана 3 сакавіка, паўнавартасны запуск мы плануем 8 сакавіка ў 8.00. Гэты праект створаны жанчынамі-энтузіясткамі. У ім няма капітальных укладанняў.

    Мы хочам зрабіць такое жаночае радыё, якое стане «радыё-падружкай». Для таго, каб у нас з вамі быў прыемны дзень, напоўнены і добрай музыкай, і карыснай інфармацыяй. Каб мы маглі праз гэта радыё знаёміць нашых жанчын, таленавітых, розных, яркіх, у вельмі розных напрамках удзельных. І хочацца, каб з дапамогай гэтага радыё мы нашых жанчын адкрывалі і паказвалі», — патлумачыла Вольга Шпілеўская ў каментары БелТА.

    «Мы шукаем фармат, хочам, каб радыё было выбудавана не па радыйных канонах, а так, як таго жадае жаночая душа, абапіраемся на пажаданні нашых слухачак», — дадала старшыня БСЖ.

    Зараз радыё працуе ў тэставым рэжыме. На платформе яно прэзентуецца як «першае нішавае інтэрнэт-радыё, створанае для сучасных беларускіх жанчын і пра іх. Гэта не проста яшчэ адзін музычны канал, а смелае аўдыяпрастора, якое ламае стэрэатыпы пра жаночы кантэнт». Пры гэтым у якасці лагатыпа абраная выява жаночай туфелькі на шпільцы, а дызайн старонки вытрыманы ў малінава-ружовых танах.

    Як заўважыла выданне This Min­sk Media, на сайце не адзначана, якая арганізацыя займаецца вяшчаннем. Указаны адрас у Мінску супадае з адрасам, дзе прапісана радыёстанцыя «Мінская хваля» (97,4 FM), заснавальнік якой звязаны з «Мінскай праўдай». Пра FM-частату для новага радыё пакуль нічога канкрэтнага не гавораць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.