• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Беластоку паўстаў праект DzikMedia: «Журналістыка пра людзей і для людзей»

    Журналіст Алесь Ляўчук, заснавальнік аматарскага футбольнага клуба «Беластоцкія дзікі», распачаў канал Dzik­Me­dia. «Гэта не будзе праект выключна спартовага ўхілу. Не будзе і перадруку афіцыёзу: мне падаецца важным быць з людзьмі, з дыяспарай, пісаць пра поспехі беларусаў», — кажа заснавальнік.

    У Беластоку паўстаў праект DzikMedia

    Фота: з архіва Алеся Ляўчука

    «Адно з самых вялікіх на сёння ў Беластоку кам’юніці»

    Алесь Ляўчук — журналіст-фрылансер, доўгі час жыў у Брэсце, дзе супрацоўнічаў з мясцовымі і рэспубліканскімі выданнямі, а пазней — з незалежным тэлеканалам «Белсат». За прафесійную дзейнасць яго шмат разоў пераследавалі і судзілі па адміністрацыйных артыкулах, была распачата і крымінальная справа. Пасля вымушанай эміграцыі ў 2021 годзе журналіст працягвае сваю дзейнасць з‑за мяжы.

    У лютым 2025 года Алесь Ляўчук з аднадумцамі заснаваў аматарскі футбольны клуб, дзе гуляюць жыхары Беластока.

    — Назвалі «Беларускія дзікі», бо зубры — ужо занятыя іншай камандай, вавёркі — неяк не сур’ёзна, ваўкі — не былі прынятыя часткай гульцоў, — распавядае суразмоўца. — Каманда развівалася асобна, футбольнае кам’юніці — асобна.

    Журналіст перакананы, што клуб фактычна стварыў адно з самых вялікіх на сёння у Беластоку кам’юніці — дзясяткі людзей.

    — Ёсць ужо і дасягненні ў каманды. Так, мы гулялі ў Кубку Івуліна і з першай спробы выйшлі ў плэй-офф. Пазней мы згулялі яшчэ чатыры турніры, — пералічвае спадар Алесь.

    Паводле журналіста, адной з мэт «Беларускіх дзікоў» была інтэграцыя беларусаў і ўкраінцаў у польскае грамадства, а таксама цёплыя адносіны паміж народамі праз футбол. «Усё гэта сёння ёсць у нашым клубе. Таксама для мяне важна, што цяпер з намі гуляюць былыя палітвязні. Футбол аб’ядноўвае ўсіх», — заўважае Алесь Ляўчук.

    «Гэтым праектам я хачу вярнуцца ў прафесію»

    Днямі журналіст запусціў тэлеграм-канал Dzik­Me­dia. «Ёсць некалькі прычын для гэтага. У нас ёсць канал у Face­book, але ж пісаць толькі пра адну каманду, тым больш, якая толькі пачала свой шлях, не вельмі цікава шырокаму колу чытачоў, — зазначае Алесь Ляўчук. —

    Між тым, я пасля 16 гадоў працы на «Белсат» вымушаны быў сысці з канала пасля прыходу новага кіраўніцтва і змены рэдакцыйнай палітыкі. І вось гэтым праектам я хачу вярнуцца ў прафесію. Журналістыка важная для мяне».

    У Беластоку паўстаў праект DzikMedia

    Алесь Ляўчук. Фота: з архіва субяседніка

    Паводле Ляўчука, Dzik­Me­dia сумяшчае традыцыйную журналістыку і SMM: «Мы пішам кароткія тэксты, каб завабіць чытача, які не вельмі ўспрымае зараз вялікія матэрыялы».

    — Шмат якія беларускія медыя сёння, на мой погляд, пайшлі па даволі сумнеўным шляху — яны працягваюць трансляваць павестку Лукашэнкі. Я гэтага рабіць не хачу, лічу, што мы мусім паказваць свой парадак дня. Таму на гэтым канале не будзе пра тое, як Лукашэнка цярэбіць даўгунец ці клапоціцца пра буйную рагатую жывёлу. Не хочацца проста браць і займацца перапакаваннем афіцыйных паведамленняў, — кажа Алесь Ляўчук.

    Для Dzik­Me­dia падаецца важным быць з людзьмі, з дыяспарай, пісаць пра поспехі беларусаў.

    — Беларусы рэальна шмат чаго дасягаюць у розных сферах, колькі таленавітых людзей прыехала пасля 2020 года ў суседнія краіны.

    І цяпер дзеці гэтых людзей пачынаюць перамагаць у розных спаборніцтвах, паказваць выдатныя дасягненні ў Польшчы, Літве, Ізраілі — і гэта не толькі пра спорт. Лічу важным паказваць, якая выбітная нацыя — беларусы.

    А для гэтага трэба быць з людзьмі, ведаць, чым яны жывуць, пісаць пра іх. Нават калі не атрымаецца з фінансаваннем гэтага праекта, я працягну яго развіваць сваімі сіламі. Так, у нас пакуль не шмат людзей, але павольна падпісчыкі набіраюцца, — распавядае заснавальнік Dzik­Me­dia.

    Галоўнае, падкрэслівае Алесь Ляўчук, на канале ёсць і будуць эксклюзіўныя матэрыялы, «ці то кароткія вытрымкі з польскага даследавання пра эмігрантаў, ці то інтэрв’ю з нашай каляжанкай Ларысай Шчыраковай пра тое, што звычайна па-за ўвагай застаецца, ці вось нядаўна чалавек распавёў пра першую перамогу сына на польскіх спаборніцтвах».

    — Гэта журналістыка для людзей і пра людзей. Не перадрук навін з агульнай плыні. Мой досвед дазваляе знаходзіць цікавае ў звычайным жыцці людзей, — зазначае Алесь Ляўчук.

     

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці