Еўрапейцы стаміліся ад дэзінфармацыі: у ЕС запускаюць альтэрнатыву сацсеткі X
Група еўрапейскіх арганізацый абвясціла аб запуску новай сацыяльнай сеткі W. Праект пазіцыянуецца як альтэрнатыва X і іншым амерыканскім сэрвісам і арыентаваны перш за ўсё на карыстальнікаў з Еўропы.

Платформа W будуецца вакол прынцыпаў даверу і праверкі карыстальнікаў: для публікацыі кантэнту спатрэбіцца пацвярджэнне асобы з дапамогай фота дакумента, а крыніцы інфармацыі будуць праходзіць дадатковую верыфікацыю. Назва W расшыфроўваецца як values і verified — «каштоўнасці» і «праверка».
Праектам кіруе Анна Цайтэр, якая раней займала пасаду дырэктара па абароне дадзеных у eBay. Па яе словах, у Еўропе наспела «тэрміновая неабходнасць у сацыяльнай платформе, якая будзе створана, кіравацца і размяшчацца ў ЕС — з прыярытэтам свабоды слова, абароны дадзеных і верыфікацыі людзей».
«Сістэмная дэзінфармацыя падрывае грамадскі давер і аслабляе дэмакратычныя працэсы. Многія бачаць праблему, але нямногія ўдзельнічаюць у стварэнні альтэрнатыў», — заявіла Цайтэр.
Запуск W адбываецца на фоне нарастаючай незадаволенасці еўрапейскіх палітыкаў і карыстальнікаў буйнымі амерыканскімі платформамі, у тым ліку з‑за іх ролі ў распаўсюджванні дэзінфармацыі і палітычна матываванага кантэнту.
Нядаўна група з 56 дэпутатаў Еўрапарламента накіравала адкрыты ліст кіраўніку Еўракамісіі Урсуле фон дэр Ляен, у якім рэзка раскрытыкавала X, назваўшы платформу інструментам аднабаковай камунікацыі і распаўсюджвання шкоднага кантэнту.
Хоць частка карыстальнікаў ужо перайшла на альтэрнатывы накшталт Bluesky або Mastodon, большасць такіх сэрвісаў альбо кантралююцца амерыканскімі структурамі, альбо маюць змешаную юрысдыкцыю. W сцвярджае, што ўсе дадзеныя будуць захоўвацца выключна на серверах у ЕС, а кіраванне платформай застанецца еўрапейскім.
Зараз W даступная па адрасе wsocial.eu у рэжыме закрытага тэставання. Для рэгістрацыі патрабуецца інвайт-код, мабільных аплікацый пакуль няма. Паўнавартасны публічны запуск запланаваны на больш позні тэрмін.
@bajmedia