У фрыланс-журналіста з Бярозаўкі забралі камп’ютар і прынтар
19 жніўня ў Бярозаўцы (Гродзенская вобласць, Лідскі раён) два супрацоўнікі міліцыі ў цывільным правялі ператрус у кватэры, дзе жыве журналіст-фрылансер Юрый Дзяшук. Міліцыянты перабралі паперы ў яго дома, а таксама забралі камп’ютар і стары прынтар, які знаходзіўся ў непрацоўным стане.

Юрый Дзяшук
Паводле міліцыянтаў, ёсць падазрэнні, што Дзяшук можа мець дачыненне да флэшмобу ў Бярозаўцы 25 ліпеня 2015 года. Санкцыю на ператрус даў раённы пракурор у межах расследавання крымінальнай справе па факце правядзення флэш-мобу.
У той дзень каля транспартнай прахадной шклозавода “Нёман” нехта склаў аўтамабільныя пакрышкі і раскідаў улёткі. Невядомыя пакінулі побач бутэлькі з невядомай вадкасцю і запалілі дымавыя шашкі. Акцыя была звязаная са з’яўленнем на шклозаводзе вытворчасці новай шклаваты, для якой выкарыстоўваюць шкодныя рэчывы.
За апошні тыдзень Юры Дзяшук стаў сёмым жыхаром Бярозаўкі, у якога супрацоўнікі міліцыі правялі дома ператрус.
У 2014 годзе пракуратура Лідскага раёна вынесла яму папярэджанне пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства аб СМІ (праца без акрэдытацыі на замежныя СМІ і публікацыя неправеранай інфармацыі).
