У Грузіі асудзілі журналістку на два гады пазбаўлення волі
Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», ёй перакваліфікавалі абвінавачанне.

Мзія Амаглабэлі на судзе ў красавіку 2025 году
Яе затрымалі на падставе абвінавачаньня ў нападзе на паліцыянта, а прызналі вінаватай у супраціве, пагрозе або гвалце ў дачыненьні асобы, якая ахоўвае грамадзкі парадак, або іншага прадстаўніка ўлады (артыкул 353 Крымінальнага кодэксу Грузіі).
Судзьдзя Батумскага гарадзкога суду Ніно Сахэлашвілі абвясьціла вырак журналістцы, заснавальніцы і дырэктарцы выдавецтва «Батумэлебі» Мзіі Амаглабэлі: яе пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі.
Мзію Амаглабэлі затрымалі 11 студзеня 2025 году ў часе праэўрапейскай акцыі ў Батумі. Празь некалькі гадзін пасьля вызваленьня яе затрымалі зноў — ужо паводле крымінальнай справы. Яе абвінавацілі ў «нападзе на супрацоўніка паліцыі» пасьля таго, як яна, паводле вэрсіі сьледзтва, ударыла па шчацэ начальніка батумскай паліцыі Іраклі Дгебуадзэ.
Пратэстуючы супраць незаконнага затрыманьня і трыманьня ў ізалятары, журналістка абвясьціла галадаваньне, якое спыніла на 38‑ы дзень.
Свабоду грузінскай журналістцы Мзіі Амаглабелі! Заява праваабарончых арганізацый
Акцыі пратэсту пачаліся ў лістападзе 2024 году пасьля таго, як прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кобахідзэ заявіў пра часовае прыпыненьне перамоваў з ЭЗ.
Акцыі праходзілі ў Тбілісі, Батумі, іншых гарадах краіны. У грузінскай сталіцы пратэсты адбываліся на праспэкце Руставэлі ў Тбілісі, каля парлямэнту, і некалькі разоў перарасталі ў жорсткія сутыкненьні з паліцыяй. Тады паліцыя затрымала некалькі дзясяткаў удзельнікаў акцыяў.
Міжнародныя праваабарончыя і журналісцкія арганізацыі ахарактарызавалі затрыманьне і крымінальны перасьлед Амаглабэлі як частку «маштабнага наступу на свабоду мэдыя» ў Грузіі. Яны запатрабавалі неадкладна вызваліць журналістку і зьняць зь яе ўсе абвінавачаньні. 19 чэрвеня Эўрапарлямэнт большасьцю галасоў прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў да яе «безумоўнага вызваленьня» і асудзіў «сыстэматычны напад рэжыму „Грузінскай мары“ на незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасьць».
