У Кіеве затапіла памяшканні Інстытуту Масавай Інфармацыі і «Рэпарцёраў без межаў»
Праз перапад тэмператур пасля ўключэння ацяплення затапіла офіс Інстытуту Масавай Інфармацыі (ІМІ) у Кіеве. Арганізацыя плануе пераезд і будзе ўдзячная за дапамогу данатамі.

Фота: Інстытут масавай інфармацыі
Праз расійскія абстрэлы ў офісе ў Кіеве доўгі час не было ацяплення. Калі яго ўключылі, трубы ў будынку не вытрымалі перападу тэмператур і разарваліся. Вада пачала цячы са столі, а на падлозе ўтварыўся слой вады прыкладна ў адзін сантыметр, паведамляе ІМІ.
Паводле інфармацыі, затапіла пакой, дзе захоўваліся сродкі аховы і энергетычнае абсталяванне, якія ІМІ дае ў карыстанне медыйшчыкам, — бронекамізэлькі, шлемы, аптэчкі, зарадныя станцыі. Вада патрапіла, у прыватнасці, на офісную тэхніку і абсталяванне. Офіс зараз не працуе, выдача абсталявання прыпыненая.


«Затапленне пашкодзіла электраправодку, офіс зараз непрыдатны для працы і патрабуе як мінімум рамонту электрасеткі. Мы ўдакладняем маштаб страт і наступствы для абсталявання і бяспекі памяшкання, — заявіла дырэктарка ІМІ Аксана Раманюк. — Гэты інцыдэнт — яшчэ адно практычнае вымярэнне вайны, якое б’е па інфраструктуры і працоўных умовах медыя».
У офісе Інстытута масавай інфармацыі размешчаны таксама Цэнтр свабоды прэсы «Рэпарцёраў без межаў». Пакой, дзе размяшчаліся супрацоўнікі міжнароднай арганізацыі, таксама пацярпеў праз затапленне.

«Энергетычная сітуацыя ў Кіеве дасягнула катастрафічнага ўзроўню. Медыя вымушаныя даваць раду з паўторнымі адключэннямі электраэнергіі, працяканнямі вады, выкліканымі пашкоджаннем інфраструктуры, а таксама з экстрэмальным палярным холадам, — заявіла Палін Мафрэ, рэгіянальная менеджарка RSF па пытаннях Украіны. — Цэнтр свабоды прэсы RSF, які працуе пры падтрымцы ўкраінскага партнёра RSF — Інстытута масавай інфармацыі (ІМІ), — таксама пацярпеў. Праз пашкоджанні адбылося працяканне вады, і памяшканне часова непрыдатнае для працы.
RSF падтрымлівае ІМІ, які працягвае працаваць нягледзячы на гэтыя складаныя ўмовы, і аддае належнае ўстойлівасці ўкраінскіх журналістаў, якія, нягледзячы на асабліва складаны кантэкст, рашуча выконваюць сваю місію — інфармаваць грамадства».
Найхутчэй за ўсё, найбліжэйшым часам ІМІ будзе шукаць новы офіс, а пакуль просіць пра падтрымку.
Украінскіх калег можна падтрымаць данатам ПА СПАСЫЛЦЫ.
Расійскія дроны знішчылі рэдакцыю «Суспільного» і медыябазу ўкраінскіх журналістаў у Дняпры
@bajmedia