• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У беларусаў Латвіі застаецца шанец вярнуць беларускую мову ў навіны грамадскага парталу LSM+

    Паводле старшыні Асацыяцыі беларусаў Латвіі «Суполка» Радзівона Бегляка, пакуль галоўны вынік адвакацыі — тое, што беларускія журналісты засталіся на LSM+. Захаваўся і архіў беларускай секцыі. Да таго ж рэгулярна выходзяць матэрыялы, якія распавядаюць пра жыццё і падзеі ў дыяспары.

    Радзівон Бягляк падчас акцыі беларусаў у Рызе. Фота: «Суполка»

    Нагадаем, улетку 2025 году праўленне латвійскага грамадскага навінавага партала LSM выпрацавала стратэгічныя прыярытэты на 2026–2029 гады. Паводле дакумента, кантэнт на замежных мовах — англійскай, рускай, украінскай — мусіць стварацца і распаўсюджвацца толькі ў лічбавым асяродку. Беларускамоўная версія сайта дажыла толькі да канца 2025-га.

    Старшыня Асацыяцыі беларусаў Латвіі «Суполка» Радзівон Бягляк распавёў БАЖ, як развівалася сітуацыя ў гэтым годзе, якія страты панесла не толькі беларуская, але і латвійская інфапрастора ў цэлым, ці ёсць перспектывы аднаўлення працы на беларускай мове ў LSM.

    Увосень старшыня праўлення Латвійскіх грамадскіх СМІ (LSM) Байба Зузена паабяцала ў адказе БАЖ «і надалей супрацоўнічаць з беларускімі журналістамі і нацыянальнай дыяспарай». Ці адбываецца гэтае супрацоўніцтва на практыцы?

    — Так, журналісты засталіся. І гэта можна лічыць галоўным вынікам нашай адвакацыі, бо, напрыклад, польская секцыя цалкам сышла з партала. Захаваўся і архіў беларускай секцыі па прамой спасылцы — Bel.LSM.lv.

    З пачатку года рэгулярна выходзяць матэрыялы, якія распавядаюць як пра жыццё дыяспары, так і пра падзеі, звязаныя з ёй — напрыклад, нядаўні канцэрт Лявона Вольскага і пяцігоддзе Асацыяцыі беларусаў Латвіі «Supol­ka». Ёсць і аўтарская калонка пра Беларусь.  

    Відавочныя страты

    Аднак ці адчувальнае для беларускай дыяспары закрыццё менавіта беларускай секцыі LSM+?

    — Безумоўна. У Латвіі вельмі паважаюць сваю мову, і наяўнасць беларускай мовы на дзяржаўным партале была сродкам нашай выразнай ідэнтыфікацыі і аддзялення ад рускай дыяспары.

    Пералічу негатыўныя моманты. Па-першае, у выніку рэдакцыйных зменаў адбыўся прымусовы пераход беларускамоўнай аўдыторыі на рускую мову.

    Па-другое, калі існавала асобная беларуская секцыя, дзякуючы намаганням былога рэдактара Аляксандра Красніцкага артыкулы нашых журналістаў дадаткова перакладаліся на рускую і латышскую мовы. Зараз яны публікуюцца практычна толькі на рускай, што прывяло да значнага скарачэння агульнай аўдыторыі. 

    Як працуе беларускі партал латвійскіх публічных медыяў. Расказвае рэдактар Аляксандр Красніцкі

    Калі паглядзець на лічбы, страты відавочныя: латышскамоўная аўдыторыя (LSM.lv) складае прыкладна 70–75% (400–550 тысяч карыстальнікаў), а рускамоўная — толькі 20–22% (120–160 тысяч). Адсутнасць перакладаў на латышскую мову фактычна ізалюе рэгулярную беларускую тэматыку ад большасці грамадства.

    З інфармацыйнай бяспекай лепш не стала

    Тады, увосень 2025-га, выказваліся перасцярогі, што закрыццё можа паўплываць і на інфармацыйную бяспеку ўласна Латвіі. Як вы ацэньваеце гэтую рызыку зараз?

    — Гэта вельмі актуальнае для Латвіі пытанне. Нягледзячы на саўдзел рэжыму ў агрэсіі, вынікі апытання, праведзенага ў 2025 годзе, паказваюць: 33% жыхароў Латвіі ацэньваюць Лукашэнку пазітыўна. 30% маюць выразна адмоўную пазіцыю, а 37% устрымаліся ад адказу — што можна інтэрпрэтаваць як прыхаванае меркаванне, бо падтрымка дыктатара не з’яўляецца мэйнстрымам у краіне.

    Мы бачым актыўнасць беларускай прапаганды ў сацсетках: група «На ПМЖ в Беларусь» налічвае 19 тысяч удзельнікаў, «Белорусы Латвии» — 25 тысяч. Паводле звестак Белстата, грамадзяне Латвіі займаюць другое месца па колькасці турыстаў, што прыехалі ў Беларусь, саступіўшы толькі Расіі.

    Людзей не спыняюць нават дзікія турэмныя тэрміны, якія атрымалі Дзмітрый Міхайлаў і Ала Сакаленка па надуманых абвінавачаннях. Пастаянныя папярэджанні МЗС Латвіі «ў лоб» не працуюць. Менавіта беларускія журналісты праз свой досвед маглі даносіць рэальную сітуацыю і паказваць працу рэпрэсіўнай машыны знутры.

    Нядаўняя навіна аб трансляцыі беларускай прапаганды на хвалях закрытага рускамоўнага радыё LR4 — калі замест радыё «Культура» пачало вяшчанне «Радыё Беларусь», павялічыўшы магутнасць сігналу ў чатыры разы — яшчэ раз падкрэсліла актуальнасць пытання інфармацыйнай бяспекі.

    Вярнуць беларускую мову ў інфаполе

    Як «Суполка» ацэньвае цяперашнюю сітуацыю з прысутнасцю беларусаў у інфаполі Латвіі? Можа быць, ёсць нейкія планы ці праекты?

    — Мы атрымалі падтрымку на самым высокім узроўні — ад Кабінета па нацыянальным адраджэнні Офіса Святланы Ціханоўскай, а таксама ад Еўрапейскай і Беларускай федэрацый журналістаў. Вялікі дзякуй латвійскім палітыкам, якія разумеюць неабходнасць вяшчання на мовах нацыянальных меншасцяў.

    БАЖ просіць улады Латвіі захаваць беларускамоўную версію грамадскага партала LSM+

    На мінулым тыдні Канстытуцыйны суд вынес рашэнне, у якім заклікаў заканадаўцаў перагледзець існуючае рэгуляванне.

    У дакуменце гаворыцца: «Аб’ём абавязкаў дзяржавы па забеспячэнні правоў меншасцяў залежыць ад канкрэтнай сітуацыі той ці іншай меншаснай групы ў краіне — напрыклад, ад яе колькасці, распаўсюджанасці мовы, даступнасці медыя, жадання і здольнасці самастойна забяспечваць доступ да інфармацыі на сваёй мове, а таксама іншых фактараў.

    Акрамя таго, пры выкананні абавязку дзяржавы па забеспячэнні доступу такіх меншасцяў да грамадскіх СМІ неабходна, у прыватнасці, ацэньваць, ці маюць адпаведныя меншасці доступ да сродкаў масавай інфармацыі на сваёй мове».

    У падтрымку моваў нацменшасцяў выказалася і Юрыдычнае бюро Сейма, адзначыўшы, што кантэнт грамадскіх СМІ на гэтых мовах служыць альтэрнатывай расійскай інфармацыйнай прасторы, якая змяшчае прапаганду і дэзінфармацыю.

    Гэта дае нам шанец вярнуць беларускую мову на партал навін. Мы ўжо ўзнялі гэтае пытанне падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Рыгу перад яе сустрэчай з прэзідэнтам Эдгарам Рынкевічам і дэпутатамі группы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі.

    Беларусы — трэцяя па колькасці нацыянальная меншасць, якая традыцыйна пражывае ў паўднёвых рэгіёнах Латвіі. І калі руская мова ў Латвіі рашэннем Канстытуцыйнага суда зараз прызнана «самадастатковай», то беларуская мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення, паступова замяшчаючыся рускай. Пад жорсткімі рэпрэсіямі апынулася і ў самой Беларусі.

    Нам трэба працягваць працу, распавядаючы пра рэальнае становішча беларускай мовы і культуры ў нашай краіне — гэтаму б дапамагла і арганізацыя выставы «Беларусь. Галасы забароненых кніг», а таксама працяг абмеркавання з заканадаўцамі магчымасцяў падтрымкі і захавання беларускай мовы ў інфармацыйнай і культурнай прасторы Латвіі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.