«Прыйдзе час, і цягнік свабоды адправіцца па маршруце Вільня — Мінск». У Літве адкрыўся журналісцкі форум
2 траўня ў Вільні распачаўся форум «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ». Мерапрыемства пачалося з акцыі салідарнасці з беларускімі журналістамі, якія сёння знаходзяцца за кратамі за сваю прафесійную дзейнасць.

Форум пачаўся з акцыі салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі. Фота: БАЖ
Форум арганізавалі Беларуская асацыяцыя журналістаў і Саюз журналістаў Літвы пры падтрымцы Рады Еўропы.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец на адкрыцці форуму падкрэсліў:
— Нагода сумная і цяжкая: мы ізноў узгадваем нашых калег за кратамі, іх колькасць, на жаль, не змяншаецца. Пэўная колькасць нашых сяброў тут таксама знаходзіцца пад крымінальным пераследам. Радыя, што збіраемся напярэдадні Сусветнага дня свабоды прэсы — каб абмеркаваць сітуацыю, якая склалася.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец падчас адкрыцця форуму. Фота: БАЖ
Форум праходзіць у памяшканні музея чыгункі Літвы на віленскім чыгуначным вакзале.
Старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус скарыстаўся сімвалізмам месца і выказаў упэўненасць, што надыдзе той час, калі беларускія і літоўскія журналісты разам адправяцца на цягніку ў вольную Беларусь:
— Добрая ідэя — выехаць адсюль на цягніку свабоды Вільня — Мінск. І я перакананы, што на першым цягніку мы туды паедзем.

Прадстаўнік Рады Еўропы Шахін Абасаў і старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус падчас адкрыцця форуму. Фота: БАЖ
Сёння падчас форуму адбудуцца дзве дыскусіі. Першая будзе прысвечаная бяспецы журналісцкай дзейнасці, другая — паляпшэнню кантактаў паміж журналісцкімі супольнасцямі.
Удзельнікаў форуму вітаў прадстаўнік Рады Еўропы Шахін Абасаў.
— Свабода прэсы найбольш актуальная для беларускай журналістыкі — напэўна, актуальней, чым для астатніх журналістаў Еўропы. Многія арганізацыі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Вялікая колькасць выданняў вымушаная працаваць з‑за мяжы, у прыватнасці ў Літве. На становішча журналістыкі паўплывала і рашэнне амерыканскай адміністрацыі замарозіць сродкі USAID, але ўсё адно мы працягваем працаваць. І будзем працягваць падтрымку, — падкрэсліў прадстаўнік Рады Еўропы.

Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі беларускімі журналістамі падчас адкрыцця форуму. Фота: БАЖ
Індэкс свабоды слова-2025. Угадайце, на якім месцы аказалася Беларусь?
