У Лос-Анджэлесе паранілі аўстралійскую журналістку 9News. Зусім як у Беларусі
Карэспандэнтка 9News Ларэн Тамазі атрымала раненне гумавай куляй падчас падаўлення антыміграцыйных пратэстаў у Лос-Анджэлесе. Падобна, наўмысны прыцэльны стрэл зрабіў паліцэйскі з ачаплення ў цэнтры горада, паведаміў тэлеканал.

Ларэн Тамазі за хвіліну да стрэлу. Фота: 9news.com.au
Што адбылося?
Надзвычайнае здарэнне адбылося літаральна на трэці дзень пасля пачатку пратэстаў, якія ўспыхнулі ў адказ на масавыя арышты мяркуемых імігрантаў.
Карэспандэнтка была параненая, калі вяла прамую трансляцыю ад гарадскога цэнтра ўтрымання пад вартай. Адзін з афіцэраў развярнуўся ў бок Ларэн Тамазі і прыцэльным стрэлам параніў яе ў нагу.
«Ларэн Тамазі была параненая гумавай куляй. Ларэн і ейны аператар знаходзяцца ў бяспецы і працягнуць сваю працу… Гэты інцыдэнт нагадвае пра небяспекі, з якімі могуць сутыкнуцца журналісты, асвятляючы падзеі з перадавой», — заявіў выдавец сайта Nine.
Сенатар ад партыі «Зялёных» Сара Хэнсан-Янг заклікала прэм’ер міністра падняць праблему аб інцыдэнце з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
«Тое, што ўлады ЗША падстрэлілі аўстралійскую журналістку, проста шакуе», — заявіла Хэнсан-Янг.
Наталлю Лубнеўскую паранілі ў 2020-ым
Такім жа макарам летам 2020 года ў разгар пратэстаў у Мінску была параненая фотажурналістка Наталля Лубнеўская.
Яе паранілі гумавай куляй 10 жніўня — адзін з байцоў, меркавана, «Алмаза», спыніўся за 10 метраў ад групы журналістаў у сініх камізэльках «Прэса» і прыцэльна стрэліў з агнястрэльнай зброі. Рэпарцёрка правяла ў бальніцы 38 дзён, а рэдакцыя атрымала папярэджанне ад Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы за тое, што здарэнне не было прадухілена.
«Самога моманту стрэлу я ня бачыла. Куля, відаць, выпала, калі я зрабіла пару крокаў, — згадвала пазней Наталля Лубнеўская. — Асноўнае пачуцьцё — неразуменьне: навошта? Дзеля абароны? Не. Мы стаялі ў іншым баку, абазначаныя як «Прэса», у руках былі не камяні, а тэлефоны».

Параненую наталлю Лубнеўскую калегі выводзяць з месца пратэстаў. Фота: Уладзь Грыдзін
Наталля Лубнеўская цалкам аднавіла сваё здароўе, але па факту ранення журналісткі нават крымінальную справу не ўзбудзілі.
