У Сейме Літвы распачаўся літоўска-беларускі журналісцкі форум
Асноўная дыскусія традыцыйнага для снежня «Форуму журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў» сёлета прысвечаная рэгіянальным выклікам бяспекі і сацыяльнай ролі медыя ў іх вырашэнні.

Андрэй Бастунец на Форуме журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ
Арганізатарамі сёлетняга форуму выступілі Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз журналістаў Літвы, Сейм Літвы і Служба інспектара па журналісцкай этыцы Літвы.
Старшыня Сейма Літвы Юозас Олекас падчас адкрыцця форуму падкрэсліў, што «мы вельмі радыя таму, што Літва стала прытулкам для беларускіх журналістаў у выгнанні і бяспечным месцам».
«Мы вітаем тое, што вы тут. Вядома, спачуваем вашым асабістым ахвярам. Праз тое, што вы працягваеце супраціўляцца аўтарытарнаму рэжыму, вашая праца яшчэ больш шануецца намі», — сказаў спікер літоўскага Сейма.
«Нашыя ворагі выкарыстоўваюць розныя інструменты гібрыдных атак, у тым ліку дэзынфармацыю, фэйкавыя навіны. І журналістам наканавана выконваць задачу захавання свайго прафесіяналізму ў гэтых вельмі складаных абставінах. І заставацца крыніцай важнай, празрыстай, праўдзівай інфармацыі. Мы пагаворым на гэтым форуме пра практычныя вырашэнні гэтых праблем, праблем інфармацыйнай бяспекі», — зазначыў Юозас Олекас наконт галоўнай тэмы форуму.

Падчас Форуму журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ
Нагадаем, сёлета Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала хвалю пагроз для журналістаў, якія працуюць у выгнанні, — ад крымінальных спраў на радзіме, да вытанчаных узломаў, фішынгу і захопаў. У сваю чаргу, калегі з краін Балтыі таксама адзначаюць шэраг выклікаў, накіраваных супраць бяспекі журналістаў у рэгіёне.
Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север, звяртаючыся да беларускіх журналістаў, сказала, што «спадзяецца і верыць, што мы і надалей будзем падтрымліваць вас і спрабаваць вам дапамагчы ў сітуацыі выгнання і для шмат каго — у зняволенні».
«Сітуацыя, у якой вы аказаліся, гэта не толькі напад на вас, гэта напад на свабоду прэсы, на права грамадства быць інфармаваным, на фундаментальныя дэмакратычныя каштоўнасці, якія выходзяць далёка за межы нацыянальных.
Улады, якія баяцца праўды, найперш палююць на журналістаў, бо ведаюць, што незалежная журналістыка, свабода слова — гэта найлепшая абарона ад рэпрэсій, хлусні і страху», — сказала Мая Север.
Яна падкрэсліла, што атакі на свабоду слова распаўсюдзіліся і ў шэрагу еўрапейскіх краін: «Я спадзяюся, што ўсведамляючы гэтую сітуацыю ў нашых краінах, мы зможам сапраўды ўступаць у супрацоўніцтва. Наша федэрацыя ўважліва сочыць за тым, што адбываецца».

Старшыня Сейма Юозас Олекас на Форуме журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ
«Форум праходзіць у чацвёрты раз. Лічу вельмі важным і вельмі значным тое, што мы добра і плённа супрацоўнічаем. Учора Алесь Бяляцкі на калядным вечары нагадаў, што дэмакратычная Беларусь і дэмакратычная Літва супрацоўнічаюць ужо больш за 30 гадоў», — сказаў у вітальнай прамове старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.
«Мы вельмі радыя, што на волю выходзяць журналісты, вось выйшла Марына Золатава. Але ў той жа дзень мы даведаліся, што ў Беларусі быў затрыманы медыяспецыяліст, не можам называць яго імя з прычыны перасцярог сваякоў. І ў нашым спісе зняволеных ізноў 28 журналістаў», — зазначыў Андрэй Бастунец.
Пры ўсіх праблемах беларускіх медыя, паводле старшыні БАЖ, «беларуская журналістыка з’яўляецца вельмі важным чыннікам рэгіянальнай бяспекі». Пра гэта таксама будзе весціся на сённяшнім форуме.
«Трымаемся праўды, трымаемся разам», — пасля гэтага закліку форум перайшоў у працоўны рэжым.

Інспектар па журналісцкай этыцы Дайнюс Радзявічус на Форуме журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ
Плануецца, што літоўскія і беларускія калегі падзеляцца досведам сумесных трансмежных расследаванняў, якія дапамагаюць сумесна выкрываць незаконныя схемы абыходу санкцый, а таксама будуць разам гутарыць пра найноўшыя выклікі бяспекі — трансмежныя рэпрэсіі, сітуацыю з кантрабандысцкімі аэразондамі і іншае.
Таксама ў межах форуму прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў раскажуць пра пераслед журналістаў і медыя ў 2025 годзе.
@bajmedia