• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Незалежныя рэгіянальныя СМІ знаходзяцца ў вельмі складаным становішчы — рэдактар «Віцебскага кур’ера»

    Незалежныя рэгіянальныя беларускія СМІ знаходзяцца ў вельмі складаным становішчы, заявіў «Позірку» рэдактар і ўладальнік сайта «Віцебскі кур’ер news» Аляксандр Корнышаў.

    Аляксандр Корнышаў партрэт

    Аляксандр Корнышаў. Фота: з асабістага архіва

    Сабралі 12% запытанай сумы

    «У нас няма магчымасцяў для фінансавання, якія нават пры сённяшнім складаным становішчы ў журналістыцы даступныя буйным СМІ, але мы працягваем працаваць, часта на голым энтузіязме», — адзначыў ён.

    30 чэрвеня на платформе фонду салідарнасці BySol рэдакцыя абвясціла збор у памеры 3 500 еўра.

    «Цяпер праект на мяжы выжывання. Фінансаў амаль не засталося, працаваць далей без падтрымкі немагчыма. 3 500 еўра дазволяць нам пакрыць зарплаты каманды, хостынг сайта і яго люстэрка, а таксама здымку кароткіх відэа на працягу 3 месяцаў. З іх 3.000 еўра — заробкі, 84 еўра — хостынг і 416 еўра — вытворчасць відэакантэнту з выкарыстаннем ШІ», — гаворыцца ў звароце да патэнцыйных ахвярадаўцаў.

    Да 20 жніўня сабрана 422 еўра, або 12% запытанай сумы.

    «Прычыны, на жаль, відавочныя. Унутры Беларусі нам не могуць дапамагчы, паколькі мы з’яўляемся СМІ, чые матэрыялы прызнаныя «экстрэмісцкімі», і любая падтрымка можа пацягнуць адміністрацыйныя або крымінальныя справы. Тыя, хто знаходзяцца за мяжой, на жаль, занятыя выжываннем і таксама не могуць надаць дапамогу», — пракаментаваў сітуацыю рэдактар.

    Паводле яго слоў, добра адгукаюцца на зборы для канкрэтных людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, поспех наўпрост залежыць ад вядомасці і медыйнасці.

    «Натуральна, калі пакутуюць людзі, любое СМІ адыходзіць на другі план. Не буду хаваць: ціск, здзейснены на нас пасля 2020 года, прынёс свой плён. Мы не можам паўнавартасна працаваць і радаваць нашых чытачоў, як раней. Атрымліваецца замкнёнае кола: мы не можам працаваць праз адсутнасць рэсурсаў, а рэсурсаў няма, таму што мы не можам працаваць», — канстатаваў Корнышаў.

    Каб выжыць, неабходна, на яго думку, «кааперавацца з іншымі рэгіянальнымі і рэспубліканскімі СМІ, ствараць сумесныя краўдфандынгавыя праекты, выступаць адзіным фронтам і разам шукаць рэсурсы».

    «Мы ў адной лодцы і павінны выстаяць, каб не даць праўладнай прапагандзе захапіць розумы нашых чытачоў», — падкрэсліў рэдактар.

    З‑за немагчымасці паўнавартаснай працы рэдакцыі «даводзіцца абмяжоўвацца падтрыманнем сайта», няма рэсурсаў для рэалізацыі планаў стварэння відэакантэнту і новых праектаў. «Мы працягваем займацца пытаннямі рэгістрацыі юрыдычнай асобы ў Польшчы і спадзяемся, што хутка будзе вынік. Ёсць ідэя пайсці па шляху MOST Media і стварыць уласны суббрэнд, арыентаваны на аўдыторыю ў Польшчы», — паведаміў Корнышаў.

    Выданне «Віцебскі кур’ер news»

    У даведачнай інфармацыі да збору: «Віцебскі кур’ер news» — незалежнае медыя, якое з 2020 года распавядала пра жыццё Віцебска і вобласці сумленна і без цэнзуры. За гэта нашыя матэрыялы прызналі «экстрэмісцкімі», сайт заблакавалі, а частка каманды была вымушаная з’ехаць з Беларусі».

    20 траўня 2024 года суд Першамайскага раёна Віцебска аштрафаваў Корнышава на 800 рублёў паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

    Інфармацыйная прадукцыя «Віцебскага кур’ера» была прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 14 студзеня 2022 года.

    29 студзеня 2025 года каманда медыяпраекта «Обычное утро» паведаміла, што можа скончыць існаванне з‑за спынення знешняй падтрымкі, пазней праект сабраў неабходную суму для працягу працы.

    29 лістапада 2024 года праект «Маланка медыя» запытаў фінансавую дапамогу для аднаўлення працы свайго сайта (сабрана 127 з 20.000 еўра, або 0,6%, сайт не працуе).

    З пачатку 2024 года з фінансавымі праблемамі сутыкнуліся многія незалежныя СМІ, у тым ліку KYKY, Reform, «Белсат», Plan B, «Новы час», ex-press, беларуская рэдакцыя польскага «Радыё Ўнэт», якая ў выніку спыніла працу.

    У сакавіку 2025 года медыяпраекты фонду медыцынскай салідарнасці ByMed­Sol «Белыя халаты» і «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» таксама паведамілі аб фінансавых праблемах.

    6 жніўня 2025 года збор 5 000 еўра на заробак супрацоўнікам абвясціў Брэсцкі незалежны сайт BGme­dia. За два тыдні ахвяравана 500 еўра — 10% запытанай сумы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці