У Варшаве прайшла акцыя памяці Мікіты Мелказёрава
Каля 30 беларусаў Варшавы выйшлі 28 снежня а 14 гадзіне да помніка Каперніка, каб выказаць словы ўдзячнасці і памяці за вялікі ўклад у беларускае нацыянальнае развіццё беларускаму журналісту і блогеру Мікіту Мелказёраву, які раптоўна пайшоў з жыцця 21 снежня ва ўзросце 37 гадоў.

Гаворыць арганізатар акцыі сябра грамадскіх аб´яднанняў «Акцыі беларусаў Варшавы» і Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Васіль Плешкуноў:
– У нас адбылася не зусім звычайная акцыя, мы ўспаміналі Мікіту Мелказёрава. Ён, можа, і не быў героем, які загінуў на вайне, ён не быў палітвязнем, але ж гэта быў такі беларус, якога ведалі ўсе беларусы.
Які рабіў усё для таго, каб мы карысталіся сваёй мовай, каб мы не забываліся на сваю мову. Ён журналіст, ён блогер, рабіў на «Белсаце» выпускі перадачы «Мова на нова».
Гаварылася і пра іншых беларускіх герояў, якія ахвяравалі жыццямі дзеля Радзімы, выказвалі салідарнасць з палітвязнямі. Акцыя скончылася праз гадзіну агульным фотаздымкам удзельнікаў.
@bajmedia