• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Калі дзьме вецер, хтосьці хаваецца, а хтосьці ставіць ветракі»: У Вільні стартаваў «Журфак па суботах»

    4 кастрычніка ў Вільні распачаў свой другі сезон праект «Журфак па суботах». Адукацыйны курс для журналіст_ак і прадстаўн_іц медыйных праектаў НДА, якія стаміліся ад руціны і хацелі б працаваць больш сучасна і эфектыўна, разлічаны амаль на тры месяцы.

    Aleh_Aheeu

    Алег Агееў вітае студэнтаў «Журфака 2.0». Фота: БАЖ

    Навучэнцаў «Журфака па суботах» вітаў намеснік старшыні БАЖ, кіраўнік Прававога цэнтра Алег Агееў.

    Ён падкрэсліў, што курс накіраваны на тое, «каб навыкі журналістаў адпавядалі сучасным патрабаванням, каб беларускія медыі працавалі больш эфектыўна».

    Выкладчыкамі ў Вільні выступаюць журналісты-практыкі: дырэктарка «Нашай Нівы» Наста Роўда, галоўная рэдактарка PALATNO Media Зоя Хруцкая, галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота ды іншыя, якія максімальна набліжаюць вучобу да практыкі.

    У межах праграмы цягам амаль трох месяцаў вы будзеце набываць веды і навыкі, як быць якасным сучасным журналістам, — распавёў спадар Агееў. І падкрэсліў: Я ўпэўнены, што ў нас усё атрымаецца,  я юрыст, але заўсёды зайздросціў журналістам, бо яны ведаюць таямніцы, дзякуючы якім можна сваё слова даносіць да людзей.

    «Журфак па суботах» вялікая праграма, якая ладзіцца БАЖам сумесна з Прэс-клубам. Прэс-клуб знаходзіцца ў Варшаве, а БАЖ у Вільні дзве медыяарганізацыі падзялілі зоны адказнасці ў медыясферы ў выгнанні. У Вільні адукацыйны курс ужо стартаваў, а ў Варшаве ён пачнецца на тыдзень пазней.

    Якія вынікі першага навучальнага курса?

    З першага «Журфака па суботах», які завяршыўся 24 траўня ў Вільні, выйшлі 17 выпускнікоў (усе студэнты дайшлі да фіналу), гатовых да працы ў беларускіх медыях. Падчас курса студэнты зрабілі 38 публікацый, якія агулам набралі 500 тысяч праглядаў і ахопаў.

    9 выпускнікоў атрымалі ад беларускіх медыяў прапановы пра супрацоўніцтва пасля стажыроўкі.

    Што чакае студэнтаў зараз?

    Ідэя стварэння навучальнага курса ўзнікла ў 2022 годзе. Ужо тады стала ясна, што ва ўмовах эміграцыі беларускім медыям няма дзе браць кадры, таму ідэя рыхтаваць спецыялістаў самастойна з’явілася вельмі своечасова. Галоўная мэта навучання задавальняць патрэбы медыясектара не толькі сёння, але і ў будучыні.

    «Журфак па суботах» пачаўся з размеркавання роляў на пірацкім караблі. Фота: БАЖ

    Апрача таго, знаходжанне беларускіх медыяў у юрысдыкцыі краін Еўразвяза ставіць перад імі новыя выклікі. І калі на іх не рэагаваць, то медыясектар можа апанаваць крызіс.

    «Калі дзьме вецер, хтосьці хаваецца, а хтосьці ставіць ветракі». Гэтая скандынаўская прымаўка як нельга лепш характарызуе сітуацыю ў беларускіх медыях. Канешне, складанасці можна ціха перасядзець з непрадказальным вынікам, а можна выкарыстоўваць цяжкасці для росту і развіцця.

    «Журфак па суботах» мае на мэце даць студэнтам веды пра поўнае валоданне працэсам стварэння журналісцкага кантэнту: журналісцкія навыкі, праца ў рэдакцыях, новыя тэхналогіі. Прычым толькі 25% навучальнага курса гэта тэорыя, астатнія 75% — практыка.

    Таксама ў межах праграмы запланаванае правядзенне факультатыву «Што забаронена і што дазволена журналісту ў краінах Рады Еўропы». Жыць і працаваць у краінах Еўразвяза і не ведаць еўрапейскія законы гэта нонсэнс, які юрысты Правовага цэнтра БАЖ збіраюцца ліквідаваць.

    Што чакаюць студэнты ад навучальнага курса?

    Марк Кулеш:

    — Я чакаю больш інтэнсіўнай і сэнсоўнай працы, новых кантактаў і ўзыходжання на вяршыню журналістыкі. Па заканчэнні курса планую прапанаваць свае паслугі як фрылансер ці, магчыма, на сталай працы ў нейкім незалежным медыя. Я разумею сітуацыю, якая зараз склалася ў незалежных СМІ, таму гатовы да актывізму, журналізму, валанцёрства з мінімальнай аплатай. Асабіста для мяне больш цікавяць лайфстайл медыя, як City­Dog ці KYKY, — то бок маладзёжныя міленіальска-зумерскія медыі.

    Валянціна:

    — Зараз я скажу праўду, бо калі пісала заяўку, не ўсю праўду сказала (смяецца. — Рэд.). Я вельмі хачу мець прычыну прыязджаць у горад і бачыць класных беларусаў. Бо я сяджу ў вёсцы з сабакамі і амаль не маю нагодаў, каб прыехаць у Вільню. Я думала пра тое, што мне было б цікава працаваць у медыях, мяркую, я нават была б карыснай як спецыяліст SMM, але мяне не бяруць. Проста ў мяне вялікія пажаданні да заробкаў. І калі я прыходжу ў рэдакцыі і чую, колькі яны гатовыя плаціць, я вырашаю пачакаць, калі яны будуць зарабляць значна больш.

    Алеся:

    — Я буду працягваць працаваць у беларускім медыя, з якім ужо пачала супрацоўнічаць. Паставіла перад сабой мэту цягам курса напісаць дзесяць артыкулаў. Я скончыла ЕГУ па спецыяльнасці медыякамунікацыя, зараз у мяне стажыроўка, як я вызначыла для сябе «Журфак». То бок я не маю практычнага досведу, а дадзеная праграма дае мне яго для пераходу на прафесійную працу ў беларускія медыі.

    Віктар:

    — У Беларусі журфак я не сканчаў, таму мне цікава навярстаць веды пра сучасныя тэхналогіі. Асабліва пра штучны інтэлект, які, здаецца, ужо паўсюль. Як яго сёння выкарыстоўваць у журналістыцы і як медыйшчыкі могуць захоўваць сваю ўнікальнасць, калі, здавалася, за іх усё прыдумана і расказана. І, вядома, хочацца пачуць новыя ідэі ад  сваіх калег, паглядзець на прафесію трохі з іншага боку. Зараз я больш працую фрылансерам, часам гатовы працаваць нават бясплатна.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці