У закрытым рэжыме пачаўся працэс па «справе БелаПАН»
Крымінальную справу разглядае Мінскі абласны суд у выязным закрытым пасяджэнні ў памяшканні Мінскага раённага суда.
10:30. Андрэй Аляксандраў напярэдадні працэсу па «справе БелаПАН» перадаў з СІЗА запіску, якую прасіў апублікаваць сёння: «Я ведаю, што шмат хто з сяброў і калегаў збіраўся наведаць мяне ў судзе, але суд над намі будзе закрытым «в целях неразглашения охраняемой законом тайны».
Што гэта за таямніца, я пакуль не ведаю, вельмі ўжо яна ахоўваецца, а я прабыў у СІЗА пад следствам нават менш за 1,5 года, адкуль мне ведаць. Магчыма, таямніца ў тым, што людзі, якіх будуць судзіць, ні ў чым не вінаватыя; прынамсі, я не вызнаю сябе вінаватым у тым, што мне інкрымінуюць. На суд еду без залішніх ілюзій, затое з чыстым сумленнем, і нават з прыемным хваляваннем.
Нарэшце пабачу дарагіх мне людзей, шкада, вядома, што пабачу іх на лаве падсудных, але гэта цяпер папулярнае месца сустрэчы добрых людзей; а буду я на гэтым месцы побач з добрымі людзьмі, сяброўствам з якімі ганаруся».
«Не теряет бодрости даже в самых сложных ситуациях»: рассказываем о белапановцах, суд над которыми начался сегодня
Галоўную рэдактарку і дырэктарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і яе папярэдніка на пасадзе дырэктара Дзмітрыя Наважылава затрымалі 18 жніўня 2021 года, а Андрэя Аляксандрава, які займаў пасаду намесніка дырэктара БелаПАН у 2014—2018 гадах, і яго дзяўчыну Ірыну Злобіну. затрымалі 12 студзеня 2021 года.
Ім выстаўленыя абвінавачванні па наступных артыкулах:
— Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 342 КК у падрыхтоўцы «не менш за 260 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» з 14 жніўня 2020 года да 12 студзеня 2021 года. Так трактуецца аплата адміністрацыйных штрафаў, рахункаў за паслугі адвакатаў, аплата харчавання за час знаходжання людзей «на сутках»;
— іх таксама абвінавачваюць па ч. 1 арт. 356 КК ў дапамозе ByHelp і яе прадстаўнікам у дзейнасці, «накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»;
Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава і Ірыну Леўшыну абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання з ліку работнікаў ЗАТ «БелаПАН» і іншых асоб, а таксама і кіраванне такім фармаваннем паводле ч. 1 арт. 361–1 КК. Інфармацыйная кампанія БелаПАН была прызнана экстрэмісцкім фарміраваннем 12 лістапада 2021 года.
Андрэя Аляксандрава і Дзмітрыя Наважылава — ва ўхіленні ад выплаты інфармацыйным агенцтвам падаткаў паводле ч. 2 арт. 243 КК РБ. Шкода аценена ў 450 тысяч рублёў.
Фігурантаў справы БелаПАН абвінавачваюць, сярод іншага, у атрыманні схаванага фінансавання ад замежных арганізацый на суму не менш за 1 млн 600 тысяч даляраў ЗША, паведамляе СК.
Былога супрацоўніка БелаПАН Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну, якая ніколі не працавала ў кампаніі, затрымалі 12 студзеня 2021 года, а дырэктара Ірыну Леўшыну і былога гендырэктара Дзмітрыя Наважылава — 18 жніўня.
«Сталічнымі следчымі сабраныя доказы аб датычнасці Аляксандрава і Злобінай да злачыннай дзейнасці замежнай арганізацыі BY_help, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Абвінавачаныя бралі актыўны ўдзел у арганізацыі яе працы, выкананні індывідуальных задач па зборы, перамяшчэнні, захоўванні і размеркаванні грашовых сродкаў», — сцвярджае СК. Па наяўных у следства звестках, BY_help патраціла на «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» не менш за 4 мільёны даляраў.
Таксама кіраўнікі агенцтва, па даных следства, парушылі падаткавае заканадаўства: «Аляксандраў, Наважылаў, а таксама іншыя асобы з 2015 года па 2021 год, з карыслівых меркаванняў, ухіліліся ад выплаты падаткаў шляхам утойвання, наўмыснага заніжэння падатковай базы, у тым ліку з дапамогай унясення ў падатковую справаздачнасць заведама ілжывых звестак, што пацягнула нявыплату ў бюджэт сумы ў буйным памеры, не менш за 449 тысячы рублёў».
СК таксама мяркуе, што не менш за 18 замежных арганізацый, пачынаючы яшчэ з 2014 года, ажыццяўлялі схаванае фінансаванне агенцтва на суму не менш за 1 млн 600 тыс. даляраў.
Летась замежнымі аб’яднаннямі былі выдзеленыя сотні тысяч даляраў на стварэнне YouTube-канала, што, як лічаць у СК, «спецыялізаваўся на ўмацаванні дэструктыўнага і экстрэмісцкага настрою ў краіне, а таксама дыскрэдытаваў Рэспубліку Беларусь на міжнароднай арэне».
Раней паведамлялася, што пракуратура Мінска накіравала ў Мінскі гарадскі суд крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў БелаПАН.
Журналісты — не злачынцы! У Беларусі пачынаюцца пяць судовых працэсаў над прадстаўнікамі медыя ЗАЯВА