Удзельнікам «экстрэмісцкага» фармавання прызналі сына праўладнага журналіста
17 снежня 2025 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім» фармаваннем ініцыятыву, у склад якой нібыта ўваходзяць музыка Алесь Чумакоў і 20-гадовы мінчук Сямён Малашанкаў.
Пра затрыманне гусляра Чумакова паведамляла раней «Наша Ніва». Пра другога ўдзельніка «фармавання» вядома менш, але арганізацыя «Хрысціянская візія» высветліла, што Сямён Малашанкаў — сын журналіста Васіля Малашанкава. Сямён, як і тата, любіць велакультуру. Займаўся фотарэпартажамі з веласіпедных мерапрыемстваў Мінска.

Сямён Малашэнкаў у 2020 годзе. Фота: t.me/bikeorgby/2860
Васіль Малашанкаў, паводле звестак «Хрысціянскай візіі», ураджэнец Кемерава, з сям’і з беларускімі каранямі, скончыў факультэт рамана-германскай філалогіі Кемераўскага дзяржуніверсітэта. У Беларусь прыехаў у 2004 годзе, а ў наступным годзе ў яго нарадзіўся Сямён. Працаваў у дзяржмедыях (каля 7 гадоў у БелТА), а таксама супрацоўнічаў з інфармацыйнымі агенцтвамі Sputnik і «Россия сегодня». Яго тэксты і фота сустракаюцца і на пляцоўках кшталту «Союзное вече», Eurasia.Expert, СОНАР-2050 і іншых.
У 2023 годзе журналіст наведваў акупаваную Данеччыну, быў у Марыупалі. Вядзе тэлеграм-канал «Минский наблюдатель», на якім нярэдка выказвае крытыку дэмакратычных сіл, часам дапускае абразлівыя рэплікі на адрас іх прадстаўнікоў.
@bajmedia