• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Украінскі журналіст «Радыё Свабода» выйшаў на волю ў акупаваным Крыме

    Украінскі журналіст Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Ўладзіслаў Есіпенка вызвалены з расейскага зняволення ў акупаваным Крыме.

    Украінскі журналіст Радыё Свабода Уладзіслаў Есіпенка выйшаў на волю

    Уладзіслаў Есіпенка. Фота: Радыё Свабода

    Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) вітае вызваленьне Ўладзіслава і дзякуе ўрадам ЗША і Ўкраіны за намаганьні па яго вяртаньні дадому.

    Прэзыдэнт і генэральны дырэктар РСЭ/РС Стывэн Капус сказаў:

    «Больш за чатыры гады Ўлад быў адвольна пакараны за злачынства, якога не зьдзяйсьняў. Ён заплаціў занадта высокую цану за тое, што паведамляў праўду пра тое, што адбывалася ў акупаваным Расіяй Крыме. За гэта яго катавалі, фізычна і псыхалягічна. Пакуль мы сьвяткуем яго радаснае ўзьяднаньне з жонкай Кацярынай і іх маленькай дачкой Стэфаніяй, мы ня можам ігнараваць боль гэтай сямʼі, прычынены расейскімі ўладамі.

    RFE/RL выказвае глыбокую падзяку ўрадам ЗША і Ўкраіны за супрацоўніцтва з намі, каб несправядлівае затрыманьне Ўлада не было працягнута. Мы таксама дзякуем сусьветнай супольнасьці па свабодзе прэсы за іх нястомную працу ў абарону адданых журналістаў RFE/RL».

    Гэта адбылося пасьля вызваленьня былога журналіста RFE/RL Ігара Карнея 21 чэрвеня і журналіста RFE/RL Андрэя Кузьнечыка ў лютым зь несправядлівага зьняволеньня ў Беларусі дзякуючы значным намаганьням адміністрацыі Трампа.

    Уладзіслаў Есіпенка, які мае двайное грамадзянства, расейскае і ўкраінскае, быў арыштаваны і ўзяты пад варту 10 сакавіка 2021 году. У лютым 2022-га прызначаны Расеяй суд у Крыме пакараў яго 6 гадамі пазбаўленьня волі праз абвінавачаньне ў шпіянажы. Ён сам, ягоны працадаўца і праваабарончыя арганізацыі называюць гэтыя абвінавачаньні сфабрыкаванымі.

    Празь некалькі месяцаў супраць яго выставілі новае абвінавачаньне — нібыта ў «незаконным захоўваньні і перавозцы выбуховых рэчываў», якое ён катэгарычна адпрэчыў. Пазьней пракуратура прызнала, што граната, «знойдзеная» ў яго аўтамабілі, ня мела ягоных адбіткаў пальцаў.

    На судзе Есіпенка таксама адхіліў абвінавачаньні ў зборы выведных дадзеных для Ўкраіны. Пазьней вышэйшы кантраляваны Масквой суд у Крыме скараціў ягоны тэрмін да 5 гадоў зьняволеньня.

    Падчас судовага разбору ён заявіў, што зазнаў катаваньні з прымяненьнем электрычнага току, каб прымусіць яго прызнацца ў злачынстве.

    У верасьні 2023 году Эўразьвяз увёў санкцыі супраць шасьці чалавек, у тым ліку двух судзьдзяў, пракурора ў справе Есіпенкі і двух супрацоўнікаў ФСБ Расеі, якіх ЭЗ прызнаў датычнымі да яго катаваньняў.

    Ягоная жонка, Кацярына Есіпенка, вяла кампанію за яго вызваленьне.

    «Мой муж вінаваты толькі ў тым, што расказваў сьвету аб тым, што адбываецца ў акупаваным Крыме», — заявіла яна ў кастрычніку на канфэрэнцыі ў Канадзе, прысьвечанай распрацоўцы пляна па вяртаньні ўкраінскіх зьняволеных з расейскіх турмаў.

    «Ён ведаў, што гэта небясьпечна, але ягоная адданасьць сваёй краіне і праўдзе была мацней страху».

    Да арышту Есіпенка асьвятляў сацыяльныя і экалягічныя праблемы Крыма, у тым ліку жыцьцё крымскіх татараў, экалягічныя крызісы і наступствы расейскай акупацыі рэгіёну.

    Ягонага вызваленьня патрабавалі буйныя міжнародныя арганізацыі, такія як Камітэт абароныжурналістаў (CPJ), Amnesty Inter­na­tion­al, «Рэпартэры без межаў» і PEN Amer­i­ca.

    З моманту арышту Есіпенка быў адзначаны шэрагам прэмій за сваю працу.

    У лістападзе 2022 году ён атрымаў Нацыянальную прэмію Ўкраіны імя Ігара Лубенкі за абарону свабоды слова. Раней, у траўні 2022 году, яму была прысуджана амэрыканская прэмія PEN/Barbey Free­dom to Write Award, якая ўручаецца палітычным зьняволеным.

    Масква незаконна анэксавала Крым у пачатку 2014 году і неўзабаве падтрымала прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Па дадзеных Камітэта абароны журналістаў, расейскія ўлады сыстэматычна абмяжоўвалі свабоду СМІ і перасьледавалі журналістаў, якія выступалі супраць акупацыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці