Украінскую журналістку закатавалі да смерці ў расійскім палоне. Расследавальнікі раскрылі падрабязнасці
Украінская журналістка Вікторыя Рошчына прынамсі чатыры разы ездзіла на акупаваныя Расіей тэрыторыі Украіны, каб расказаць пра ўмовы жыцця ў акупацыі. У ліпені 2023 года яе ўзялі ў палон. У лютым 2025 года ва Украіну вярнулі ейнае цела са слядамі катаванняў.

Фота: Украінская праўда
Французскі праект «Forbidden Stories» апублікаваў супольнае расследаванне 14 медыяў і 45 журналістаў пра смерць у расейскім палоне ўкраінскай журналісткі Вікторыі Рошчынай. Расследаванне пераказала на ўкраінскай мове «Українська правда».
Вікторыя Рошчына працавала журналісткай-фрылансеркай для розных выданняў, сярод якіх была і «Українська правда». Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Вікторыя рабіла рэпартажы з акупаваных тэрыторыяў, у тым ліку з Мэлітопалю і Марыупалю. Цягам 2022 года яна двойчы трапляла ў расейскі палон і выбіралася з яго: уцякла з палону ў Васільеўцы, была вызваленая пасля «пакаяннага відэа» ў Бярдзянску.
Відэа пра расследаванне па-англійску:
3 жніўня 2023 года Рошчына знікла на акупаванай тэрыторыі. Яна прабралася туды праз Расею, а ў Расею трапіла праз Латвію. Прыехала ў Энэргадар, зняла там кватэру. Паводле сукамерніцы, перад затрыманнем за Вікторыяй сачыў дрон. У Энэргадары яе катавалі электрычным токам: сукамерніца згадала, што Вікторыя казала, як была «ўся сіняя» ад гэтага.
Мужчына, які трапіў у тое ж аддзяленне паліцыі, што і Вікторыя, расказаў пра катаванні токам, ад якіх ён губляў прытомнасць (катаванне называлі «звонком Путину»), а таксама пра тое, як аб яго зламалі гумовы дручок, зламаўшы яму рэбры і выбіўшы зубы. Працаўніца Запарожскай АЭС, якая таксама прайшла праз гэтае аддзяленне, расказвала пра катаванні электрашокам, пабоі дручкамі і прыклáдам, душэнне кабелем, пагрозы згвалтавання.
Затым Вікторыю перавезлі ў Мэлітопаль, дзе турму-катавальню зрабілі ў прамзоне – «на гаражах». Мужчына, які таксама быў у той турме, дэталёва апісаў пабоі і катаванні: білі так, што палонныя не маглі хадзіць; надзявалі на галаву металічнае вядро і білі па ім так, што яно пачынала сціскаць галаву. У Мэлітопалі Вікторыя прабыла да канца 2023 года.
У пачатку 2024 года журналістку разам з некалькімі іншымі палоннымі перавезлі ў следчы ізалятар № 2 у расейскім Таганрогу. Толькі ў красавіку 2024-га Расея прызнала, што Вікторыя ў палоне. Мужчына, які быў у тым жа СІЗА, пацвердзіў, што бачыў там Вікторыю. Доступу да палонных не давалі ані журналістам, ані праваабаронцам, ані міжнародным назіральнікам.
«Ее было невозможно остановить». История украинской журналистки Виктории Рощиной, которую убил российский плен
Таганрог называюць адным з найгоршых месцаў для ўкраінскіх палонных. У СІЗА, паводле былых зняволеных, былі адмысловыя пакоі для катавання электрашокам і ўтапленнем, камера з перакладзінамі для падвешвання людзей дагары нагамі.
Адна са зняволеных у Таганрозе расказвала, што там кармілі гнілой бульбай – і жанчына першыя тры месяцы не ела той ежы, але пазней пачала есці ўсё, каб выжыць. Паводле яе, Вікторыя ад недаядання пачала худзець, але ў нейкі момант ахоўнікі пачалі прымушаць яе есці. Летам 2024-га Вікторыю адвезлі ў лякарню, бо яна настолькі аслабла, што не магла хадзіць самастойна.
У жніўні 2024 года Вікторыі далі паразмаўляць праз тэлефон з бацькам. Ён угаворваў яе есці, яна паабяцала, што будзе. Журналістку мелі выдаць ва Украіну ў межах абмену палоннымі ў верасні 2024 гожа. Мужчына, які адным з апошніх бачыў яе жывой у Таганрозе, кажа, што яе выводзілі з камеры і рыхтавалі да выезду 8 верасня, але ахоўнік сказаў, што яна не трапіла на абмен і што «сама вінаватая». Ва ўкраінскай выведцы журналістам сказалі, што яна памерла падчас этапавання.
14 лютага 2025 года Расея перадала Украіне 757 целаў загінулых. Цела пад нумарам 757 было пазначанае як «невядомая асоба мужчынскага полу», прычынай смерці было пазначана «СПАС» без расшыфроўкі. Пасля агляду патолагаанатамы высветлілі, што цела нумар 757 – гэта цела жанчыны. Генетычная экспертыза выявіла, што з 99 % імавернасці гэта цела Вікторыі Рошчынай.
Стан цела і яго муміфікацыя не дазволілі выявіць дакладную прычыну смерці. Але на целе былі выяўленыя шматлікія сляды катаванняў, сляды пабояў, зламанае рабро, магчымыя сляды электрашоку. У целе адсутнічалі некаторыя органы: галаўныя мазгі, вочныя яблыкі, частка трахеі. Патолагаанатам дапускае, што органы дасталі, каб схаваць сляды задушэння.
У Расеі і на акупаваных тэрыторыях Украіны ўтрымліваюць у палоне больш за 16 тысяч цывільных асобаў. Паводле расследавання, катаванні цывільных у Расеі адбываюцца сістэмна і практычна паўсюдна. Толькі ў СІЗА № 2 у Таганрозе загінулі прынамсі 15 грамадзянаў Украіны.
