Сёння ў Варшаве пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас’26»
28 лютага ў «Kino Luna» ў Варшаве пройдзе цырымонія ўзнагароджання трэцяй эдыцыі Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас». Падчас імпрэзы стануць вядомыя пераможцы ў 15 намінацыях. Іх вызначыла журы з 20 кінакрытыкаў, кінажурналістаў і кінадаследнікаў.
Усяго ў разглядзе бралі ўдзел 60 стужак — гэта поўна- і кароткаметражныя ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя стужкі, створаныя беларусамі. Упершыню асобна разглядаюцца дакументальныя рэпартажы.
Дзве з намінацыяў — акурат «Найлепшы дакументальны рэпартаж» і «Найлепшы мантаж» — з’явіліся ў гэтым сезоне кінапрэміі ўпершыню.
Вядучымі цырымоніі будуць акторка і аўдыявыдаўца Крысціна Дробыш, а таксама актор ды музыка Павел Гарадніцкі.
З кароткім спісам намінантаў можна азнаёміцца тут.
Беларуская прэмія кінакрытыкаў арганізуецца пры падтрыманні фонду «Trzy Trąby» і Нямецкага фонду Маршала.
@bajmedia