• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «У нас страляюць, мы зараз памром, але — трэба фоткаць». Ваяр Палка Каліноўскага два гады дакументаваў вайну, а зараз паказаў здымкі на выставе

    Да 3 чэрвеня ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве дэманструецца выстава фотаздымкаў «Праз фотаплёнку. Штодзённасць ваяроў» («Praz fota­plionku: štodzion­nasc’ vajaroŭ»), зробленых ва Украіне байцом палка імя Кастуся Каліноўскага, анархістам і веганам Яўгенам Жураўскім (пазыўны Салам).

    Экспазіцыя адкрылася 27 траўня, а пра свае працы наведнікам распавядаў сам аўтар, які мае цяпер адпачынак. «Белсат» пабываў на адкрыцці і паразмаўляў з ваяром і фатографам.

    «Праз фотаплёнку. Штодзённасць ваяроў» - выстава Яўгена Жураўскага

    Добраахвотнік палка Каліноўскага Яўген Жураўскі прамаўляе падчас адкрыцця сваёй выставы фотаздымкаў «Praz fota­plionku: štodzionnasc’ vajaroŭ». Варшава, Польшча. 27 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Прывітанне, мяне завуць Яўген Жураўскі, мой пазыўны Салам. І я зрабіў гэтую выставу, проста каб сабраць сваіх знаёмых з Варшавы, а потым паехаць у Барсэлону… На гэтым можна разыходзіцца», – жартуе на самым пачатку каліновец Яўген Салам Жураўскі.

    Ён кажа, што калі пачынаў здымаць, то і ў думках не было ладзіць нейкую выставу, тым больш у Варшаве.

    «Думаў, увогуле ў Варшаву больш ніколі не заеду», – прызнаецца Салам.

    «Вайна – гэта не тое, што можна пабачыць у фільмах»

    Яўген Жураўскі распавядае, што ідэя здымаць «на плівку» (ужывае ўкраінскае слова «плівка»: плёнка, стужка) тое, што ён бачыць на фронце, з’явілася на самым пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Але свой першы фотаапарат Яўген займеў толькі вясной 2023 года – як падарунак на народзіны.

    Наведнікі разглядаюць здымкі падчас адкрыцця выставы фотаздымкаў «Praz fota­plionku: štodzionnasc’ vajaroŭ» ваяра палка Каліноўскага Яўгена Жураўскага. Варшава, Польшча. 27 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Як вы ўжо пабачылі, здымкі на гэтай выставе вельмі рознай якасці і колеру, бо за вайну я змяніў некалькі фотаапаратаў і розных варыянтаў плёнак. У ваенных умовах фотаапараты вельмі хутка псуюцца. Тут амаль кожны цыкл зроблены на розных плёнках і разнымі фоцікамі», – тлумачыць аўтар фотаздымкаў.

    На выставе – больш за 60 фатаграфіяў, зробленых цягам двух апошніх гадоў, з вясны 2023 года да вясны 2025-га. Працы зʼяднаныя ў цыклы паводле храналагічнага прынцыпу: «Фота з Бахмуцкага раёну: вясна – лета 2023», «Баі за Клішчэеўку: верасень 2023», «Першае знаёмства са 120-мм мінамётам ПМ-38 1941 года: люты 2024», «Заняткі тактычнай медыцыны, лістапад 2024», «Быт на пазіцыі Дублін, люты 2025» і г. д.

    Салам выказвае шкадаванне, што не можа паказаць усе здымкі, якія яму падабаюцца: «на адных можа быць пазіцыя, на якой цяпер працуюць іншыя хлопцы, на іншых – твары ваяроў, якія не могуць свяціцца, бо гэта было б небяспечна для іхных родных».

    «На здымках няшмат вайны. Больш – трэнаванняў і вайсковага быту. Таму што насамрэч вайна – гэта не тое, што можна пабачыць у фільмах, тэліку ці на тэлеграм-каналах з відосамі», – сцвярджае Яўген Жураўскі.

    «Мы зараз памром, але трэба фоткаць!»

    Але ёсць і вайна. Яўген праводзіць экскурсію па выставе і спыняецца каля, здавалася б, непрыкметнага фотаздымку з цыклу «Адна ратацыя на пазіцыі «Алёша»». За непрыкметнасцю хаваецца жах…

    «Глядзіце, вось у такіх у мовах мы жылі. Гэты бліндаж мы капалі самі. Пазіцыя «Алёша» была так названая ў імя смярдзючых расейскіх вайскоўцаў, рэшткі якіх ляжалі зусім побач. Тут вы можаце пабачыць рэальны твар вайны і тое, што здараецца з акупантамі, калі яны прыязджаюць ва Украіну: яны паміраюць у брудзе, і іх ніхто не забірае. Расейцы кідаюць сваіх пабрацімаў, і тыя проста гніюць…» – каментуе фота Яўген Салам Жураўскі.

    Добраахвотнік палка Каліноўскага Яўген Жураўскі распавядае пра здымкі з цыклу «Адна ратацыя на пазіцыі «Алёша»». Варшава, Польшча. 27 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «А на гэтым здымку мой пабрацім трымае дзверы, калі мы ляцім на вялікай хуткасці – па нас фігачыць 120‑ы мінамёт, за намі ляцяць дроны. Гэтага хлопца, які трымае дзверы, знізу падтрымлівае іншы хлопец. І так, гэта мая фішка: у нас страляюць, мы зараз памром, але – трэба фоткаць», – спыняецца каля наступнага фотаздымку аўтар.

    У дзень адкрыцця выставу «Праз фотаплёнку. Штодзённасць ваяроў» пабачылі некалькі дзясяткаў беларусаў. Сярод наведнікаў пазнаём былых байцоў палка Каліноўскага і экс-палітвязняў.

    «Фоты – зашыбіся. Але галоўнае, што сам Салам прыехаў», – дзеліцца ўражаннямі былы ваяр ПКК і кіраўнік спартова-адукацыйнага фонду «Kry­wiczy» Уладзімір Лаўранюк.

    «Тут прадстаўленыя працы не прафесіянала, а аматара, як я разумею. Але крута зроблена і пасланне чытаецца. Мне падабаецца. Нібыта дакранаешся да таго, што там адбываецца», – кажа былы палітвязень Вадзім Ермашук (блогер Vadi­mati).

    «Цікава ўсё. Цікава ўбачыць быт хлопцаў, якія там ваююць у тым ліку і за нашую свабоду», – дзеліцца беларус Юрый, які аж да 2025 года меў бізнес у Беларусі, але з’ехаў у Польшчу, калі атрымаў у лютым позву з СК.

    «Калі б кожны чалавек прайшоў праз вайну – войнаў больш не было б»

    З наведнікаў, якія хочуць зрабіць з Саламам сэлфі на фоне фотаздымкаў, утвараецца чарга. Калі на хвілінку Яўген застаецца адзін, пытаемся ў яго, ці не думаў зрабіцца ваенным фотакарэспандэнтам. Так, прызнаецца ён, была такая думка: узяць у рукі фотакамеру, дамовіцца з якім-небудзь СМІ і атрымаць акрэдытацыю. Але ў выніку грошы, якія збіраў яшчэ да вайны, каб купіць камеру, пайшлі на набыццё экіпавання.

    «А цяпер я даведаўся, што фотаплёнка робіцца, аказваецца, з выкарыстаннем жэлаціну. А я ж веган – і гэта супярэчыць маім поглядам. Таму вырашыў, што за наступныя «баявыя» куплю сабе штосьці больш прафесійнае, кампактнае, з высокай якасцю здымкаў. А там паглядзім. Бо мне падабаецца здымаць», – кажа Яўген Жураўскі.

    Адна з наведніц фатаграфуецца з аўтарам выставы, ваяром палка Каліноўскага Яўгенам Жураўскім. Варшава, Польшча. 27 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Ведаеш, я лічу, што тое, што мы бачым і перажываем, – гэта тое, што мусяць бачыць і перажываць як мага больш людзей. Бо, як я сёння казаў сваім пабрацімам, калі б кожны чалавек прайшоў праз такую вайну – войнаў больш ніколі не было б», – дадае наш суразмоўца.

    Яўген кажа, што за апошнія часы ён перажыў ва Украіне некалькі «проста жудасных сітуацыяў». І яму з таварышам, які быў з ім на пазіцыі, вельмі пашанцавала.

    «Мы выжылі, і цяпер мы тут. Вось… Ну, выжылі – і значыцца, можам вяртацца і распавядаць нашыя гісторыі людзям», – гаворыць Яўген Жураўскі.

    Ён прызнаецца, што едзе ў Барсэлону, каб ажыццявіць сваю «анархісцкую» мару – пагуляць па месцах іспанскай рэвалюцыі, а заадно пабачыць сваіх знаёмых.

    «Бо на самай справе вайна цяпер так мяняецца, што я разумею: калі я сёння гэтага не зраблю, то не факт, што змагу зрабіць гэта заўтра…» – тлумачыць нам каліновец.

    «Жахі з фільму «Тэрмінатар» зробяцца рэчаіснасцю»

    Як мяняецца вайна? Паводле Жураўскага, рэч не ў тым, што расейцы перахапілі ініцыятыву. Змянілася іншае: рабатызацыя вайны дасягнула такога ўзроўню, што звычайнаму пяхотніку выжыць у ёй бывае вельмі цяжка.

    Працы добраахвотніка палка Каліноўскага Яўгена Жураўскага на адкрыцці ягонай выставы фотаздымкаў «Praz fota­plionku: štodzionnasc’ vajaroŭ». Варшава, Польшча. 27 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Мая праца цяпер – гэта праца байца групы агнявога падтрымання, я нават сказаў бы, цяжкой пяхоты. І мы з кулямётамі і аўтаматычнымі гранатамётамі падыходзім даволі блізка да ворага. А гэта цяпер куды небяспечнейшае, чым паўтара года таму, калі я распавядаў у варшаўскай «Карме» пра сваю мінамётную працу.

    Калі раней як мінамётнік ты хадзіў на адлегласці 5–6 км ад лініі фронту на расслабоне і без броні, то цяпер мы нават выйсці не можам, каб задаволіць свае чалавечыя патрэбы, гэта небяспечна. У расейцаў такая ж гісторыя, нават горшая, бо FPV-дроны прыдумалі ўкраінцы і за кошт гэтага мы мелі нейкі час перавагу. Але ў ворага цяпер дроны на оптавалакне, распрацоўваюць новыя, з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Яны далятаюць на 30 кіламетраў углыб. І цяпер зона небяспекі велізарная. Толькі гладкаствольная стрэльба цябе ўратуе», – распавядае Салам.

    «Я нават неяк казаў пабрацімам, што калі б я адразу трапіў на такую вайну, я, можа быць, і не вытрымаў бы ўсяго гэтага, адразу звольніўся б», – пасміхаецца баец ПКК.

    На ягоную думку, пасля вайны ва Украіне рабатызацыя ў свеце пойдзе так далёка, што «жахі з фільму «Тэрмінатар» зробяцца рэчаіснасцю».

    «І яны нам кажуць пры гэтым здавацца? Ну не!..»

    Закранаем тэму перамоваў і замірэння. Яўген прызнаецца, што «ўсе размовы пра канец вайны» яго асабіста вельмі палохаюць.

    «Бо я разумею, што канец вайны сёння, заўтра ці ў найбліжэйшыя дні – гэта нашая параза. Вось. І ўсё. Калі вайна скончыцца на тых умовах, якія цяпер выстаўляюць расейцы, мы прайгралі: ніякай вольнай Беларусі не будзе, ніякай вольнай Украіны таксама не будзе! Бо Украіна ў хуткім часе будзе захопленая або палітычна, або фізічна. І ўвогуле ўся Еўропа апынецца пад пагрозай», – кажа ваяр.

    Ён упэўнены, што «Масква цяпер не ў тым стане, каб дыктаваць украінцам, калі скончыць вайну». Калі спрабуюць дыктаваць – «гэта толькі бравада для Захаду і Трампа». Калі б у Пуціна ўсё было добра, не прасіў бы ў карэйцаў зброі ды байцоў.

    «Калі ў Пуціна так добра, то чаму мы столькі часу застаёмся на іхнай тэрыторыі і маем поўную перавагу на Чорным моры? І яны нам кажуць пры гэтым здавацца? Ну не!» – эмацыйна рэагуе Яўген Жураўскі.

    «Я не буду казаць за ўсіх ваяроў, а толькі за сваіх сяброў, украінцаў і беларусаў, з якімі маю зносіны. Ніхто з іх не верыць у тое, што вайна скончыцца. І яны гатовыя ваяваць далей», – запэўнівае Жураўскі.

    Добраахвотнік палка Каліноўскага Яўген Жураўскі распавядае пра здымкі падчас адкрыцця сваёй фотавыставы «Praz fota­plionku: štodzionnasc’ vajaroŭ». Варшава, Польшча. 27 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат


    Ён мяркуе, што калі б нават Уладзімір Зяленскі пайшоў сёння на нейкія ўмовы і пастанавіў бы скончыць вайну, «велізарная колькасць людзей унутры краіны і на фронце сказалі б «не!» – і працягнулі б барацьбу».

    «Расейцы тут накідваюць, што, маўляў, калі змясціць Зяленскага, то ўсё ва Украіне зменіцца. Не! Гэта не Зяленскі на пачатку вайны даставаў сваю гладкаствольную стрэльбу, апранаў спартыўкі і ішоў страляць па танках. Гэта не Зяленскі і яго чыноўнікі рабілі кактэйлі Молатова. І гэта не яны ўсе гэтыя гады сядзелі на перадавой. Гэта звычайныя ўкраінцы, якія, я думаю, не гатовыя здаваць сваю краіну», – падсумоўвае Яўген Салам Жураўскі.

    Рэальныя перамовы, мяркуе Салам, могуць пачацца ў канцы 2025 года – «і ўжо на іншых умовах», якія будзе дыктаваць Украіна, бо Расея будзе абяскроўленая.

    Пасля Барсэлоны Яўген Жураўскі вернецца ва Украіну. «Хлопцы чакаюць», – кажа каліновец.

    Фотавыстава Яўгена Жураўскага «Praz fotaplionku: štodzionnasc’ vajaroŭ» будзе працаваць у Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве (вул. Foksal 11) да 3 чэрвеня.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці