• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Выходжваеш свае стрэсы». Валер Руселік расказаў пра рыбалку ў Польшчы и ў Беларусі

    Блогер і вядучы «Белсата» Валер Руселік ходзіць на рыбу з самага дзяцінства. Ужо прайшло пяць гадоў з моманту, як ён змяніў родны Нёман на Віслу. Для «Нашай Нівы» рыбак падзяліўся ўніверсальнымі лайфхакамі для добрага ўлову і гатавання рыбы, а таксама расказаў, чым такое хобі дапамагае.

    Валер Руселік на рацэ Нарва ў Польшчы. Фота: старонка героя ў фэйсбуку

    «Выходжваеш свае стрэсы»

    Да 2020 года Валер часта рыбачыў у Гродне і яго ваколіцах. У дзяцінстве яны з братам лавілі рыбу на Нёмане — нават рукамі, на камяністым перакаце, дзе тое было магчыма.

    Калі ў Беларусі пачаліся пратэсты, журналіст ужо працаваў на «Белсаце» з Варшавы. Выходных у Валера амаль не было, таму, каб адпачыць, ён стаў хадзіць рыбачыць на раку Вісла.

    «Выходзіш так на гадзін пяць. Паўгадзінкі ловіш, а чатыры з паловай — проста ходзіш, слухаеш птушак, ваду. І так выходжваеш свае стрэсы. У мяне ад Віслы за гэтыя пяць гадоў такое ўражанне, што можна вось так для душы пасядзець, адстрэсавацца», — тлумачыць журналіст.

    Валер Руселік пра рыбалку ў Польшчы и ў Беларусі

    17 кілаграмаў рыбы, якія атрымалася злавіць у Нарве. Фота: старонка героя ў фэйсбуку

    Каб рыбачыць у Польшчы, трэба мець спецыяльны дазвол, кажа ён. Для гэтага Валер раіць звярнуцца ў бліжэйшую рыбацкую краму — супрацоўнікі ўсё растлумачаць і падкажуць, дзе можна здаць невялічкі экзамен. Часта апытанне пра тэхніку лоўлі рыбы, дазволеныя месцы і іншыя тэхнічныя моманты можна прайсці адразу ў краме.

    У выніку выдаецца маленькая сіняя кніжка — дазвол на лоўлю, дзе ёсць ваш фотаздымак, яшчэ раз прапісаны асноўныя правілы, а таксама табліца, якую трэба запаўняць перад кожным паходам на рыбу. Выдаецца яна на канкрэтны тэрмін і ваяводства (аналаг вобласці ў Польшчы — НН). Апошнюю гадавую ліцэнзію беларус атрымліваў прыблізна за 100 еўра (каля 345 рублёў).

    Лавіць рыбу можна цэлы год, але ёсць тэрміны, калі не дазволена турбаваць нейкі асобны від. Напрыклад, нераст у шчупака — з Новага года да 1 мая, у гэты час яго чапаць нельга.

    «Рыба — гэта прыемны бонус»

    Каб даведацца больш пра добрыя месцы, Валер раіць глядзець адмысловыя польскія групы на фэйсбуку, а таксама не саромецца падыходзіць да саміх рыбакоў — яны вельмі зычлівыя. Каля варшаўскай Віслы можна сустрэць і шмат беларусаў — праўда, сам журналіст стараецца выходзіць на рыбу сам-адзін, каб адпачыць.

    Валер кажа, што для яго галоўнае — працэс. У снежні 2024 года рыбак вылавіў тры велізарныя шчупакі, адзін з якіх быў 3,6 кілаграма, але агулам за трафеямі ён не гоніцца. 

    «Памкнення даказваць нешта няма. Едзеш для кайфу, найперш — для спакою. Рыба — гэта прыемны бонус», — кажа Руселік.

    Валер Руселік пра рыбалку ў Польшчы и ў Беларусі

    Валер з адным са сваіх самых вялікіх шчупакоў. Фота: старонка героя ў фэйсбуку

    Пры гэтым заўважае, што есці здабыткі вельмі любіць. Шмат гатуе з рыбы, сушыць яе.

    Валер дзеліцца лайфхакам, як прасцей пачысціць рыбу ад лускі: яе трэба некалькі разоў абліць кіпнем — але акуратна, каб мяса не абварылася.

    «Гэты занятак у гатаванні самы любімы — луску чысціць. Трэба проста ўмець. Трошкі кіпню — і будзе кайф», — тлумачыць беларус.

    Валера сушыць ляшчоў. Фота: старонка героя ў фэйсбуку

    Паходы на рыбу шмат нагадваюць яму пра родную беларускую вёску. Аднойчы ў Варшаве мужчына вяртаўся з паспяховай лоўлі дадому — трэба было праехаць на ровары праз прыватны сектар. Відовішча так нагадала яму беларускае юнацтва, што ён нават падзяліўся тым з блізкімі.

    «Ужо з’яўляюцца файныя месцы, якія да душы прыкладаюцца. Лягчэй з дэпрэсіяй спраўляцца, з гэтай тугой па радзіме. Так што, можна сказаць, дзякуючы рыбе ўдаецца даваць рады тузе па Беларусі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці