• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста і блогера Валера Руселіка зноў шукалі ў Старых Дарогах

    Сілавікі сталі прыходзяць з роспытамі пра журналіста да ягонай цешчы. Мінулы такі візіт быў два месяцы таму. Падставай цяперашняга візіту, як высветлілася, стаў YouTube-канал «Daro­ha».

    Валер Руселік

    Валер Руселік. Фота Змітра Лукашука

    Пра чарговы візіт сілавікоў да сваякоў у Беларусі Валер Руселік  распавёў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

    «На пытанне: “Дык а ў чым справа-та? Што ён там ужо нарабіў?” — пачалі распавядаць пра тое, што вось я стварыў групу “daro­ha” і там клевяшчу на ўласьць. Ну што ж, відаць, усё-ткі натхніць мяне «родина» на тое, каб я перарваў паўзу й сапраўды троху па ёй зноўку праехаўся».

    Візіт, паводле слоў Валеры Руселіка, быў непрацяглы — цешчу журналіста і блогера проста апыталі пад пратакол. Пытанні былі стандартныя: дзе ён знаходзіцца, дзе працуе, ці не плануе вярнуцца ў Беларусь.

    Перыядычныя візіты да цешчы, а таксама  да ягонай  маці, якою таксама час ад часу «адведваюць» сілавікі, журналіст лічыць маральным ціскам на сваякоў і памкненнем кантраляваць сітуацыю. Хаця гэты кантроль, на ягоную думку, «гэта, хутчэй, імітацыя бурлівай прафесійнай дзейнасці».

    «Трэба ж апраўдваць свае заробкі-прэміі-зорачкі. А па старых кантактах, ужо распрацаваных, хадзіць куды прасцей, чым распрацоўваць нейкіх новых асобаў», — кажа Валер.

    Што да ягонага YouTube-канала «daro­ha», які пакуль «пастаўлены на паўзу», то блогер насамрэч плануе ў хуткім часе аднавіць ягоную дзейнасць.

    Некалькі апошніх гадоў Валер Руселік жыве за мяжой, ён вядомы як журналіст тэлеканала «Белсат» і аўтар згаданага YouTube-канала.

    YouTube-канал «daro­ha», акаўнт у Tik­Tok «daro­ha», Тэлеграм-канал «daro­hа», Тэлеграм-чат «daro­ha Chat» і старонкі з такой жа назвай у Insta­gram, Twit­ter і  Face­book ў ліпені 2023 года рашэннем суда Ленінскага раёна Гродна былі прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй»,  іх уключылі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складае Міністэрства інфармацыі.

    2 жніўня 2023 года ўвесь праект «Daro­ha» быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне прыняло Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. На сайце сілавога ведамства ў Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці асобна пазначанае імя аўтара праекта — Руселіка Валерыя Віктаравіча. 

    Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім» (артыкул 361–1 КК) ці за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361–4 КК). Санкцыі паводле гэтых артыкулаў — да 10 гадоў пазбаўлення волі.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці