«Супербеларусы» Валярыны Куставай: асабістыя успаміны паэткі пра знакамітых суайчыннікаў
Уласны праект Валярыны Куставай «Супербеларусы» выходзіць пакуль толькі ў TikTok. Сама журналістка і паэтка спадзяецца, што гэтая нізка відэа перарасце ў нешта большае і запрашае ахвотных далучацца да яго. Пра тое, адкуль узялася такая зацікаўленасць да гісторыі беларускай інтэлігенцыі, аўтарка расказала сайту БАЖ.
«Пілотныя аповеды пра знакавых асобаў я раблю пакуль цалкам самастойна»
— Як узнікла ідэя «Супербаларусаў»? Пра каго гэты відэапраект, на каго разлічаны?
— Яшчэ гадоў пяць таму я хацела рабіць праект пра супербеларусаў і супербеларусак.
Гаворка ідзе пра асобаў, якія стаялі ля вытокаў стварэння беларускай незалежнасці, развіцця нашай самабытнай культуры, захавання нацыянальнай ідэнтычнасці.
У наш час, калі пераследуецца нацыянальная ідэя на Радзіме, а ў беларусаў, вымушаных эміграваць, не заўсёды захоўваецца повязь з беларускімі традыцыямі, ды і архівы засталіся там ці знішчаныя, — вельмі важна захаваць нітку спадчыннасці менавіта сёння. Неабходна захаваць традыцыю, інфармацыю пра беларусаў, якія ў наш складаны час зрабілі свой выбар на карысць праўды, грамадзянскай пазіцыі і Беларусі. Сучасным беларусам важна ведаць, якім гэты выбар быў для нашых папярэднікаў.
Пэўна, першым крокам да рэалізацыі задумы стаў праект «Лабірынты», аўтаркай ідэі якога я з’яўляюся. Гэта серыял пра дзеячоў беларускага адраджэння, пра невядомыя факты з іхняга жыцця, які некалькі гадоў ішоў на «Белсаце».
— Для стварэння такога праекта патрэбная вялікая каманда?
— Пілотныя аповеды пра знакавых асобаў беларускай культуры і гісторыі я раблю пакуль цалкам самастойна. Распачаць «Супербеларусаў» мне вельмі дапамагла стыпендыя Адраджэння, якую я атрымала на тры месяцы: дзякуючы ёй у мяне з’явіўся час аднавіць свае запісы, паглядзець свае дзённікі, пракансультавацца з адмыслоўцамі.
Праект публічны, на дадзены момант ён толькі выходзіць у маім TikTok. Я спадзяюся, што ў выніку я знайду аднадумцаў, якія захочуць далучыцца да яго рэалізацыі. І з радасцю разгледжу прапановы ператварыць «Супербеларусаў» у нешта больш маштабнае.
«У маіх расказах класікі — жывыя асобы, з іх недахопамі і перавагамі»
— Чаму, дарэчы, назвалі цыкл «Супербеларусы»? Першая асацыяцыя — марвэлаўскія супергероі, якія ратуюць свет ад усяленскага зла.
— Першапачаткова такую асацыяцыю я не закладвала ў назву, але яна мае права на існаванне. Мае героі — тыя супербеларусы, якія ратуюць Беларусь ад знікнення, у нейкім сэнсе — ад зла.
Насамрэч супербеларусы для мяне — такія ж асобы, як і мы з вамі, якія папросту ў свой час зрабілі пажыццёвы прынцыповы выбар на карысць сваіх каштоўнасцяў, на карысць развіцця беларускасці, нягледзячы на ўсе наступствы: лагеры, ссылкі і пакуты. Яны назаўсёды засталіся ў беларускай гісторыі, у гісторыі беларускай культуры. Мне здаецца, што кожны з цяперашніх беларусаў і беларусак таксама можа стаць такім жа героем — гэта справа выбару. Супербеларусы — гэта беларусы, якія зрабілі выбар на карысць беларускай Беларусі, выбачайце за таўталогію.
— Усе вашы героі — вядомыя і знакамітыя людзі. А што новага можна расказаць пра беларускіх знакамітасцяў, што яшчэ не расказана, не выкладзена ў публічную прастору?
— Унікальнасць якраз у тым, што я сама знаёмая са многімі з дзяцінства, мела з імі доўнія размовы, а з некаторымі і прыяцельства, сяброўства.
Мне пашанцавала ведаць такіх асобаў з дзяцінства і існаваць у іхнім асяродку: гэта і Ніл Гілевіч, і Янка Брыль, і Анатоль Сыс, і Рыгор Барадулін, і Алесь Разанаў… Мая бабуля была ў прыяцельскіх стасунках з Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, многія творцы яе шанавалі. Па сутнасці, усе вярхушка беларускай інтэлігенцыі была ўвахожая ў маю сям’ю. І мелі дачыненне — апасродкавана ці наўпрост — да майго станаўлення.
То-бок, гэта ўнікальны матэрыял, які не раскажуць у школе, не пададуць ва ўніверсітэтах, а цяпер і тым больш: хутчэй за ўсё, гэтыя аўтары выкінутыя з вучэбных праграм.
У маіх расказах класікі — жывыя асобы, з іх спецыфікай, недахопамі і перавагамі. Гэта рэальныя факты з іх жыцця, якія не вядомыя шырокаму колу беларусаў. Факты сабраныя ў маіх асабістых дзённіках, якія я вяла з 12 гадоў, як мне і параіў Янка Брыль.
У будучым я планую таксама скарыстацца дзённікамі сваіх маці і бабулі. Натуральна, што я спраўджваю факты і гісторыі, якія атрымала ад нашых творцаў: вывучаю архівы, маю вялікую бібліятэку не толькі іхніх кніг і твораў, але архівы ўспамінаў іхніх сяброў, родзічаў, якія жылі ў адзін час з імі. Таксама шмат працавала з архівамі яшчэ ў Беларусі. Таму расказаць магу многа новага, альбо шмат забытага і невядомага. Прынамсі, я на гэта спадзяюся.
Гэта мне баліць, натхняе мяне, гэта кавалак маёй душы, майго маленства. І нашай будучыні таксама.
«Я не выбірала: мяне называлі паэтам, такой я сябе і адчувала»
— Вы выраслі ў творчай сям’і, змалку дзверы вашай кватэры былі адкрытыя для вядомых літаратараў. Ужо ў 6 гадоў выйшла вашая першая публікацыя, а ў 12 гадоў — першая кніга. Сёння вы сама — вядомая паэтка, драматургіня, мастацтвазнаўца, перакладчыца, выканаўца песень, журналістка.
— Так, дзверы дома маіх родных былі адчыненыя не толькі для літаратараў, але і мастакоў, артыстаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячоў, гісторыкаў. На Каляды да маёй бабулі Валі прыходзіла вельмі многа вядомых людзей, але тады я не асэнсоўвала гэтага: яны проста былі сябрамі бабулі, добрымі, цікавымі, скрозь беларускімі.
Калі казаць пра мой выбар, то я не выбірала: я пачала прамаўляць белыя вершы ў два гады, у чатыры гады гэта ўжо былі рыфмаваныя формы. Мяне называлі паэтам, і я сябе адчувала адпаведна. Не было такога, што я дасягнула нейкага ўзросту і зразумела, што буду займацца паэзіяй. Гэта было натуральна, як дыхаць, як кажа Някляеў, «а вершы пішуць, як жывуць, як дыхаюць, як паміраюць».
Пасля школы, калі мне споўнілася 16 гадоў, я вырашыла паступаць у сталічны Універсітэт культуры на ўнікальны курс «Літаратурная работа» па спецыялізацыі «Кінадраматургія» — тады адзіны ў Беларусі, які выпускаў пісьменікаў, драматургаў. Мне пашчасціла яго скончыць.
— Хто аказаў на вас найбольшы ўплыў у дзяцінстве, на ваш жыццёвы выбар? Каго з гасцей вашага дзяцінства згадваеце часцей за ўсё?
— У 4–5 гадоў мне вельмі падабаліся вершы Алеся Разанава, і мне вельмі радасна, што менавіта ён напісаў прадмову да маёй першай нізкі вершаў. Напэўна, Анатоль Сыс зрабіў вялікі ўплыў, паказаўшы мне ўсю моц экспрэсіі, бязмежнасці асобы, паэта-творцы ў прасторы. Мне было вельмі цікавым знаёмства і сяброўства з Сяргеем Новікавым-Пяюном: мне было 7 гадоў, а яму 87. Мы сябравалі (ці хутчэй ён быў для мяне настаўнікам, неймаверным апавядальнікам), шмат размаўлялі: пра творчасць, пра выбар, пра Беларусь, пра перашкоды на жыццёвым шляху.
Сяргей Новікаў-Пяюн 30 гадоў правёў у турмах, лагерах, ссылках за сваю грамадзянскую пазіцыю.
Па шчырасці, тады я не думала, што ўсе гэтыя асобы вызначалі мой выбар. Каштоўнасцю была сама прысутнасць гэтых людзей у маім жыцці. Маю нацыянальную пазіцыю перадусім сфармавалі бабуля Валя і мая мама Зося. І пазней ужо, у падлеткавым узросце, Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў – сваімі паводзінамі, нашымі доўгімі размовамі, напэўна, уплывалі на маё нацыянальнае станаўленне. З іншага боку, у першую чаргу сваё усведамленне як беларускі з адпаведнымі каштоўнасцямі перайшло да мяне ад роду па кудзелі: многа традыцый засталося ад мамы, ад бабулі.
Каго часцей за ўсё ўспамінаю з дзяцінства? Мая бабуля сябравала з журналісткай Ірынай Крэнь, з Ірынай Марачкінай, з мастаком Алесем Марачкіным. Памятаю, што Марачкін быў першым, хто запрасіў мяне на танцы ў мае 8 гадоў на Каляды.
Увогуле дзіцячыя ўспаміны вельмі жывучыя. Мы ліставаліся з Данчыкам: ён дасылаў мне лісты, каляндарыкі з пажаданнямі, мы з бабуляй запісвалі песні, дасылалі яму мае першыя вершы. Памятаю, як я дарыла яму першы асобнік сваёй кнігі.
Я вельмі люблю сваё дзяцінства, якое было насычана вельмі важнымі для Беларусі асобамі. Але на той момант я іх успрымала як вельмі блізкіх людзей, як сяброў, як старэйшых калегаў.
— Вядомыя беларусы — важная тэма вашай творчасці, дзейнасці. «Лабірынты», «Супербеларусы»… Працяг будзе?
— Скразная тэма маёй паэзіі, хутчэй, каханне, Радзіма, філасофія. А беларусы, нацыястваральныя асобы — гэта той асяродак, у якім я гадавалася. Людзі, якія мне падаюцца важнымі і для разумення нацыянальнай ідэі сучасных беларусаў. Мне здаецца, гэта тэма асабліва актуальная цяпер.
Памятаю, 13 гадоў таму мяне запрасілі на «Белсат» весці сацыяльна-культурніцкае шоу «Чорным па белым», дзе мы абмяркоўвалі найбольш вострыя тэмы культуры. Пасля я вяла аўтарскі праект «Прыват з Валярынай Куставай», на які запрашала ўнікальных асобаў у сваёй сферы, у прафесіі — для размоваў. Пасля прыдумаліся «Лабірынты» — пра дзеячоў беларускай культуры. А цяпер я далікатна распачала шлях да сваіх «Супербеларусаў».
Калі я расказваю пра дзеячоў новага беларускага адраджэння, пра малавядомыя ці невядомыя сведчанні іх жыццяў, многія гледчачы ў каментарах дзеляцца сваімі гісторыямі: напрыклад, у кагосьці маці ці бабуля паходзіць з той жа вёскі, што і знакамітасць, і маюць пра яе дадатковую інфармацыю. Ці, наадварот, расказваюць, што ніколі не ведалі агучаныя факты, што гэта адкрыццё для іх. І я цешуся, калі людзі дзеляцца незвычайнымі сведчаннямі з першых вуснаў. Я заўжды кажу: давайце захоўваць і ствараць Беларусь разам.