Венесуэльскія журналісты абараняюцца ад рэпрэсій пры дапамозе штучнага інтэлекту
Журналісты выкарыстоўваюць аватары, створаныя штучным інтэлектам, каб распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю і пры гэтым унікнуць рэпрэсій. Пра наватарскую тактыку барацьбы з рэжымам Нікаласа Мадура, распавяло брытанскае выданне The Guardian.
Прэзідэнцкія выбары ў Венесуэле прайшлі 28 ліпеня 2024 года. Па іх выніках Нікалас Мадура, які балатаваўся на трэці тэрмін запар, намаляваў сабе сціплыя 51,95% і аб’явіў сябе пераможцам: новы шасцігадовы прэзідэнцкі тэрмін пачне адлік 10 студзеня 2025 года.
Грамадзяне Венесуэлы палічылі вынікі кампаніі сфальсіфікаванай і выйшлі з масавымі пратэстамі на вуліцы краіны. Нікалас Мадура адказаў на пратэсты масавымі рэпрэсіямі.
Чарговая прэзідэнцкая кампанія завяршылася «элегантнай перамогай» Нікаласа Мадура. Усё прайшло па беларускім сцэнары.
Штучныя аватары замест рэальных твараў
Венесуэльскія журналісты прыдумалі хітрую тактыку: выкарыстоўваць аватары, згенерыраваныя штучным інтэлектам, каб распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю пра сітуацыю ў краіне. Журналісцкая супольнасць такім чынам вырашае адразу дзве задачы: распавядае свету пра рэпрэсіі ў краіне і адначасова забяспечве бяспеку для рэальных журналістаў.
Выкарыстанне штучнага інтэлекту стала адказам «на пераслед і рэпрэсіі, якія нарастаюць, ад якіх церпяць нашыя калегі ў Венесуэле», адзначыў Карлас Эдуарда Уэртас, дырэктар Connectas, калумбійскай журналісцкай платформы, якая каардынуе ініцыятыву.
Сутнасць ініцыятывы палягае ў тым, каб забяспечыць ананімнасць рэальным журналістам, якія робяць навіны.
«Мы не сапраўдныя»
Да ініцыятывы далучыліся каля 20 навіновых агенцтваў з Венесуэлы і спецыялістаў па праверцы фактаў, а таксама каля 100 журналістаў, якія дзеляцца кантэнтам. Гэты кантэнт ператвараецца ў штодзённыя выпускі навін, якія агучваюць аватары La Chama і El Pana (гэта прыкладна перакладаецца як «Лепшая сяброўка» і «Прыяцель»).
«Лепшая сяброўка» патлумачыла, што галоўная задача праекта – паказаць, што «насамрэч адбываецца ў Венесуэле». Пры гэтым журналісты не хаваюць, што «мы не сапраўдныя».
Яно і нядзіўна: «менш чым за два тыдні больш за тысячу чалавек былі затрыманыя і як мінімум 23 забітыя падчас пратэстаў», — сказала «Лепшая сяброўка». За кратамі знаходзяцца больш за 1400 чалавек.
Праект «Рэтвіт» як адказ на аперацыю «Тук-тук»
Журналісцкі праект невыпадкова называны Operación Retuit (аперацыя «Рэтвіт») — такім чынам медыі адказваюць на аперацыю Operación Tun Tun (аперацыя «Тук-тук»), якую рэжым Мадуры развязаў супраць сваіх палітычных апанентаў.
Мінімум 9 венесуэльскіх журналістаў знаходзяцца за кратамі, паведамляе Венесуэльскі саюз журналістаў SNTP. А 26-гадовага спартыўнага рэпарцёра і фатографа Пауля Леона, затрыманага падчас пратэстаў, абвінавацілі ў тэрарызме, за што яму пагражае да 30 гадоў пазбаўлення волі.
Былы кіраўнік прадзяржаўнай тэлекампаніі VTV Уладзімір Вільегас заявіў, што з працы звольненыя каля 100 супрацоўнікаў пасля таго, як у іхніх чатах у WhatsApp былі знойдзены «варожыя» перапіскі.
Забойствы ўчыняў рэжым, а не апазіцыя
Аперацыя «Рэтвіт» мае і яшчэ адну мэту — развянчаць міф рэжыма Мадуры пра тое, што апазіцыя спрабавала здзейсніць фашысцкі пераварот, абвінавачваючы яе ўва многіх смерцях.
Журанлісцкае расследаванне паказала, што менавіта спецслужбы вінаватыя ў такой колькасці ахвяр.
«Усе ахвяры забітыя з агнястрэльнай зброі, і, па словах сведкаў, падазраванымі злачынцамі былі паліцэйскія, салдаты ці ваенізаваныя групы, якія тут, у Венесуэле, вядомыя як colectivos», — расказаў «Прыяцель», мужчынскі аватар.
«Лепшая сяброўка» дадала, што большасць ахвяраў маладзейшыя за 30 гадоў, забіты нават 15-гадовы падлетак: «Усяго за некалькі дзён найменш 15 дзяцей засталіся сіротамі».
Калумбійскі журналіст Уэртас параўнаў венесуэльскіх калег з пажарнікамі, якія рызыкуюць сваімі жыццямі дзеля дэмакратыі.
Ці не варта прыгледзецца да венесуэльскага вопыту незалежнай медыясупольнасці Беларусі? Асабліва напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 2025 года і верагодным узмацненнем палітычнага пераследу?