• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскі аблсуд не задаволіў касацыйную скаргу журналіста-фрылансера Змітра Лупача

    Суддзя Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова 23 траўня, разгледзеўшы касацыйную скаргу журналіста Змітра Лупача, пакінула ў сіле адміністрацыйны штраф памерам у 35 базавых велічыняў.

    Незалежны журналіст аспрэчваў рашэнне суддзі Глыбоцкага райсуда Андрэя Тарасевіча, які пакараў яго за супрацу са спадарожнікаваым тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі. Нагадаем, 20 красавіка суддзя Тарасевіч прызнаў  Змітра Лупача вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП).

    Паводле Змітра Лупача, слуханне яго касацыйнай скаргі доўжыўся прыблізна 3 хвіліны 25 секунд.

    Журналіст адразу падкрэсліў, што не парушаў заканадаўства і не лічыць сябе вінаватым, бо згодна Канстытуцыі Беларусі і міжнародных пактаў, якія ратыфікавала краіна, ён мае права збіраць інфармацыю і распаўсюджваць яе. Тым больш ніякай шкоды нікому не нанёс, а толькі дапамог людзям і звярнуў увагу на праблемы, якія існуюць у малых гарадах і пасёлках.

    На гэта суддзя Святлана Іванова адказала, што судзяць яго за адсутнасць акрэдытацыі. Зміцер у сваю чаргу зазначыў, што акрэдытацыю не мае сам тэлеканал “Белсат” – улады яе проста не даюць. Тым больш не дадуць асобным журналістам, якія з ім супрацоўнічаюць. Тады Святлана Іванова параіла журналісту супрацоўнічаць з іншым замежным СМІ.

    У мінулы раз Віцебскі аблсуд скасаваў штраф, вынесены Змітру Лупачу  Шаркоўшчынскім райсудом, бо сыйшлі тэрміны прыцягення да адміністрацыйнай адказнасці. Як кажа Лупач, тады абласны суд хоць і адмяніў рашэнне суда першай інстанцыі, але яго не апраўдаў. Таму цяпер ён і не спадзяваўся на станоўчае рашэнне.

    — Я насіў у канцылярыю заяву, каб мне вярнулі дзяржпошліну ў суме 49 рублёў за мінулы раз. Але мне сказалі, што заяву прымуць, але малаверагодна, што вернуць пошліну. Бо мяне суд не апраўдаў, а толькі адмяніў рашэннне Шаркоўшчынскага суда таму, што сышлі тэрміны. А гэта, як сказалі ў судзе, не з’яўляецца рэабілітуючымі акалічнасцямі, — гаворыць журналіст.

    Паводле Змітра Лупача, надалей ён мае намер змагацца і будзе накіроўваць чарговую скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.

    — Можа каму гэта падасца бессэнсоўным, але скардзіцца ў Камітэт па правах чалавека трэба абавязкова, — кажа праваабаронца Павел Левінаў. —Трэба жыць па прынцыпе: лепш зрабіць, а потым шкадаваць, што зрабіў, чым не зрабіць і шкадаваць пра гэта. Калісьці крытычная маса назбіраецца такая, што адбудзецца пералом і арэлі пахіснуцца ў другі бок. Гэта адно. А па-другое, цяперашняя ўлада не назаўсёды. І калі прыйдуць новыя людзі, магчыма, яны будуць не зусім вопытныя ў нейкіх справах, а ўжо ў практыцы будуць рашэнні, у тым ліку і такога паважанага міжнароднага органа. І ім будзе прасцей уносіць змены ці прымаць новыя законы ў сферы выканання правоў чалавека.

    Нагадаем, сёлета журналіста-фрылансера Змітра Лупача судзілі чатыры разы  па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП. За супрацу з тэлеканалам “Белсат” яго штрафавалі суды Пастаўскага, Докшыцкага, Шаркоўшчынскага і Глыбоцкага раёнаў. На чарзе яшчэ адзін суд у Докшыцах за сюжэт пра вываз смецця.

    Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца, абнаўляецца)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці